Пагроза тэракту ў Гановеры — паліцыя кажа пра нябяспеку для ўсяго гораду
Таварыскі матч паміж футбольнымі зборнымі Нямеччыны і Галандыі быў адменены менш чым за дзве гадзіны да яго пачатку.
Фота: REUTERS
Па словах прадстаўнікоў паліцыі, якіх цытуе галандскі тэлеканал NOS, матч быў адменены з-за «канкрэтнай пагрозы».
На стадыёне ў Гановэры была аб’яўленая эвакуацыя. Паведамляецца, што паліцыя выявіла на стадыёне падазроны прадмет. Як перадае карэспандэнт Бі-Бі-Сі, заўзятараў папрасілі не паддавацца паніцы і арганізавана пакінуць стадыён.
На гульні ў Гановэры павінна была прысутнічаць канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.
Паведамляецца і аб эвакуацыі канцэртнай залы ў Гановэры. Кіраўнік нямецкай паліцыі Фолкэр Клювэ заявіў, што канкрэтная небяспека была для ўсяго гораду. Паводле спадара Клювэ, паліцыя мае дакладныя звесткі, што нехта хацеў здзейсніць выбух на стадыёне, інфармуе focus.de.
Паводле некаторых паведамленняў, выбухоўку знайшлі ў машыне, расфарбаванай пад медычнае аўта хуткай дапамогі. Паліцыя аднак не пацвердзіла звестак, што выбуховыя рэчы знаходзіліся ў якім-небудзь аўтамабілі, падае kreiszeitung.de.
Пасля тэрактаў у Парыжы ноччу 13 лістапада ўлады шмат якіх еўрапейскіх краін абвясцілі аб увядзенні павышаных мер бяспекі. У Мінску ўчора была заблакаваная вуліца і выкліканыя сапёры праз выпадкова знойдзены падазроны пакунак.
"Белсат"