Brexit падкраўся незаўважна

За ўвесь час свайго існавання з Еўрасаюзу не выходзіла ніводная дзяржава. Блок толькі пашыраўся. Паглядзім, ці будзе парушаная гэта парадыгма па выніках рэферэндуму, якія будуць вядомыя ўжо заўтра.

www.heraldscotland.com

www.heraldscotland.com


Яшчэ ўчора, здавалася, палітычнаму генію прэм’ера Дэвіда Кэмерана мог бы пазайздросціць сам Макіявелі. Спачатку торы зрабілі тэму рэферэндуму пра выхад краіны з ЕС фішкай сваёй выбарчай кампаніі. Прыйшоўшы да ўлады, пралабіявалі адпаведны закон пра плебісцыт у парламенце, што выклікала паніку ў еўрачыноўнікаў і прымусіла іх шукаць кампраміс з Лонданам.

Кансультацыі, якія скончыліся ў лютым, усе эксперты назвалі трыумфам Кэмерана, які выгандлеваў у Еўракамісіі шэраг значных бонусаў для Вялікабрытаніі: права вета на любы законапраект ЕС, скарачэнне памеру ўнёску ў бюджэт аб’яднання, абмежаванне правоў мігрантаў з кантыненту на атрыманне сацыяльнай дапамогі.

Аднак адбылася нечаканая калізія: частка кансерватараў і іх выбаршчыкі праігнаравалі здабыткі прэм’ера і па-ранейшаму ўпарта падтрымліваюць Brexit (Britain і exit — выхад). На цяперашні дзень рух так званых «брэкзіцёраў» сам па сабе — незвычайны феномен са шматлікімі аспектамі. Тут бачаць і рэнесанс старой англійскай знешнепалітычнай школы «бліскучай ізаляцыі», і страх перад ісламскім тэрорам, які атакуе кантынентальную Еўропу. Магчыма, тут хаваюцца і ілюзіі сацыяльнага характару (брытанцам, маўляў, дастануцца працоўныя месцы, якія цяпер займаюць мігранты з краін ЕС).

Цікавая версія пра тое, што папулярнасць Brexit — адрыжка брытанскай імперскай свядомасці. Пасля візіту кіраўніка Кітая ў Вялікабрытанію ў мінулым годзе чакаецца, што Лондан ужо з кастрычніка стане асноўнай пляцоўкай для гандлю юанем на Захадзе. А юань нядаўна быў абвешчаны адной з рэзервовых валют свету. Гэта вельмі добрая навіна для прадстаўнікоў англійскага сярэдняга класу, асабліва настаўнікаў і менеджараў, якія запатрабаваныя ў такой колькасці выключна ў межах глабальнага праекту з удзелам Брытаніі. Нарэшце, матывам галасаваць за выхад можа быць проста ірацыянальны рэфлексіўны пратэст супраць істэблішменту, які, нягледзячы на палярныя партыйныя лэйблы, заклікае галасаваць супраць выхаду.


Finance Magnates

Finance Magnates


 

Сапраўды, аматары Brexit ігнаруюць відавочныя негатыўныя наступствы рэферэндуму, якія ляжаць на паверхні. Фермерскія гаспадаркі Англіі пазбавяцца штогадовых датацый ад ЕС. Вялікабрытанія сутыкнецца з праблемамі экспарту сваёй прадукцыі, большая частка якой спажываецца ўнутры Еўрасаюза. Амаль 4 мільёны брытанцаў сутыкнуцца з цяжкасцямі, звязанымі з новым працоўным заканадаўствам для эмігрантаў, бо можа быць адменена свабода перамяшчэння паміж краінамі ЕС.

Пры самым лепшым сцэнары, брытанская эканоміка да 2030 года пакажа рост 1,6%. Пры горшым Брытанія будзе губляць 2,2% ВУП штогод. Больш рэалістычны малюнак — гэта ваганні ад 0,8% скарачэння валавога ўнутранага прадукту да 0,6% росту да 2030 года. Так ацэньвае перспектывы Брытаніі без ЕС інстытут «Open Europe». Рэальныя даходы насельніцтва будуць амаль на 3% менш. Альбіён страціць каля 500 тысяч працоўных месцаў, што прывядзе да росту беспрацоўя на 2,3%, а курс фунта знізіцца прыкладна на 12%, адзначаецца ў дакуменце брытанскага Мінфіна. Інвестыцыі ў эканоміку краіны ўжо замарудзіліся з-за нявызначанасці ў сувязі з рэферэндумам.

Галасуючы за выхад з ЕС, брытанскі выбаршчык запускае механізм рэгіянальнай і глабальнай турбуленцыі. У еўраскептыкаў няма дарожнай мапы выхаду краіны з ЕС. Няма адзінага бачання, што атрымаецца на выхадзе. Агучваецца цэлы спектр мадэляў — ад разрыву ўсіх адносін з ЕС (акрамя дамоваў у межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі) да заключэння эксклюзіўнага пакту з Бруселем, які дазволіць брытанцам захаваць доступ на еўрарынкі.

Новая эканамічная база, відавочна, павінна мець новую палітычную надбудову, контуры якой вельмі цмяныя. Якая будзе рэакцыя на Brexit у Шатландыі, дзе, у адрозненне ад Англіі і Уэльсу, дамінуюць еўрафільскія сантыменты? Тая ж сітуацыя на Гібралтары, які зараз знаходзіцца пад Брытаніяй, і які Іспанія ўжо гатовая ўзяць пад сваю апёку на правах аўтаноміі.

Еўраструктуры ў выпадку Brexit таксама чакае шок. Спатрэбіцца інстытуцыйная перазагрузка, пошук новага балансу сіл і агульных формул адказу на розныя выклікі. Гэты працэс запатрабуе шмат часу з улікам таго, што Германію і Францыю — краіны-лакаматывы еўраінтэграцыі, — у наступным годзе чакаюць выбары. І, відавочна, што еўраэнтузіясты не будуць лідарамі грамадскіх настрояў. Прынамсі ў Францыі запыт на еўраскептыкаў вельмі салідны.

Першым наступствам Brexit, які мы адчуем ужо ў гэтым годзе, можа стаць рост рэйтынгу Дональда Трампа, што ахвотна выкарыстоўвае рух «брэкзіцёраў» як ілюстрацыю незадаволенасці людзей існуючай сістэмай.

Відавочна, што «перабудова» ўнутры ЕС аслабіць знешнепалітычную актыўнасць саюза. Украінскія медыя ўжо б’юць трывогу з гэтай нагоды. «У выпадку такога павароту падзей (Brexit) увага Бруселя будзе засяроджана на ўмацаванні еўрапейскага адзінства і веры ў еўрапейскую будучыню. У сувязі з гэтым лёс Украіны адыдзе на другі план. Акрамя таго, выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза можа змяніць пазіцыю ЕС у адносінах да Расіі і Украіны. Бо менавіта Лондан больш за ўсіх астатніх падтрымлівае Кіеў. Такім чынам, Украіна можа пазбавіцца моцнага і аўтарытэтнага заступніка ў ЕС. Гэта можа справакаваць ізаляцыю ЕС, што ў сваю чаргу затармозіць еўраінтэграцыю Украіны», — піша кіеўскае выданне "Kyev post".

Аднак больш небяспечная, думаецца, рэвізія праграм падтрымкі для краін-суседзяў, якія найбольш заклапочаныя працэсамі ў краінах СНД. Гэта тычыцца краін Балтыі. Праўда, паводле рапарту 4Liberty — платформы інтэлектуалаў і экспертаў для Цэнтральнай Еўропы,— Brexit асабліва на гэты рэгіён не паўплывае. У крайнім выпадку фірмы, якія інвеставалі ў Балтыю з Лондану, будуць працаваць з Ірландыі.

Так ці інакш, нельга не пагадзіцца са словамі Дональда Туска, старшыні Еўрапейскага Савета: «У выпадку выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза магчымыя разбуральныя наступствы не толькі для ЕС, але і для ўсёй палітычнай цывілізацыі Захаду». Аднак супраць гэтага алармізму існуе доза скепсісу. Брытанія — вельмі кансерватыўная краіна, якая інстынктыўна баіцца якіх-небудзь радыкальных трансфармацый. Як бы брытанцы ні прагаласавалі 23 чэрвеня, гэты інстынкт напэўна спрацуе.