Цэнзура для фюрэра
Нямецкае грамадства спрачаецца, ці варта карэктаваць арыгінальны тэкст кнігі «Майн кампф»?
Набліжаецца 2015 год, калі спаўняецца 80 гадоў Перамогі над фашызмам. Як вядома, адным з эпізодаў падзей 1945-га была смерць Адольфа Гітлера. Да ўсяго таго, што Адольф быў палітыкам, пры жыцці ён
засвяціўся і як літаратар — у 1924 годзе, адбываючы турэмны тэрмін за спробу антырэспубліканскага путчу, напісаў сумнавядомую «Майн кампф».
Адным з трафеяў, якія атрымала акупацыйная адміністрацыя краін-саюзніц, аказаліся аўтарскія правы на «Майн кампф». У 1946 годзе іх было вырашана аддаць ураду зямлі Баварыя, які, па
зразумелых прычынах, ні разу не скарыстаўся сваім правам выдаць чарговы наклад кнігі.
Такая тактыка была цалкам апраўданая на той час з-за наяўнасці ў пасляваеннай Германіі нацысцкага руху. Аднак у перспектыве эфектыўнай яе наўрад ці можна назваць. У часы знаходжання нацыстаў пры
ўладзе «Майн кампф» была выдадзена накладам у 10 мільёнаў экземпляраў і перакладзена на 16 моваў для друку ў іншых краінах, дзе пасля вайны яе спакойна працягвалі перавыдаваць. А з
надыходам эры інтэрнэту біблія нацызму (так называлі кнігу ў Трэцім Рэйху) стала даступнай практычна кожнаму. Нядзіўна, што тэма легалізацыі «Майн кампф» абмяркоўвалася ў Германіі
даўно.
Пакуль палітыкі і гісторыкі спрачаліся, сваё слова сказаў закон. Адпаведна міжнароднаму праву, праз 80 гадоў пасля смерці аўтарскае права на кнігу скасоўваецца. Такім чынам, пачынаючы з 2015 года
«Майн кампф» у Германіі можна будзе друкаваць каму заўгодна, вольна выкладваць у інтэрнэце яе лічбавыя версіі, прадаваць праз звычайныя кніжныя крамы, чытаць у публічных бібліятэках
і г.д.
Каб не дапусціць папулярызацыі «карычневых» дактрын, баварцы прыдумалі хітры фокус. Яны нанялі спецыяльнага эксперта, які павінен падкарэктаваць гітлераўскую пісаніну. За
незвычайную працу пагадзіўся сесці Хрысціян Хартман — 52-гадовы гісторык з мюнхенскага ўніверсітэта сучаснай гісторыі. Хартман і яго каманда павінны адфільтраваць гітлераўскі тэкст на
прадмет наяўнасці агрэсіўнай нацыяналісцкай лексікі, а таксама напісаць каментары, якія б аспрэчвалі нацысцкія міфы, даводзячы, што гэта — суцэльная дэмагогія. Заказчыкі ў асобе ўрада
Баварыі абяцаюць за гэта Хартману салідны ганарар — паўмільёна еўра.
Лічыцца, што выдадзеная ў 2015 годзе падпраўленая Хартманам «Майн кампф» не парушыць асноў палітычнага ладу. «Мая задача — зрабіць тэкст «Майн
кампф» такім, каб у кніжных крамах твор Гітлера прадаваўся побач з «Гары Потэрам», — кажа сам Хартман. Ён таксама параўноўвае сваю працу з працай мінёра, які
павінен выняць запал у бомбы, якая можа выбухнуць.
Аднак не ўсе згодныя з задумай баварскіх уладаў. У Германіі ўзнікла заўважная фракцыя інтэлектуалаў, якія патрабуюць выдаць «Майн кампф» без купюр.
Так, часопіс «Cicero» піша: «Абмежавальная манеўры баварскага ўрада не маюць ніякага сэнсу з улікам таго, што цяпер дастаць арыгінальны тэкст вельмі лёгка. У гэтым плане
манаполія на прачытанне кнігі Гітлера таксама кульгае з пункту гледжання логікі. Складаецца ўражанне, што дэмакратычная сістэма не мае контраргументаў супраць выкладзеных у кнізе
тэзісаў».
Па-другое, трактат Гітлера напісаны ў жанры палітычнага памфлету, як гаворыцца, на злобу дня. Па сутнасці, гэта мікракосмас, які праз сто гадоў цяжка зразумець. Большасць тэм, якія ўздымае Гітлер,
здаюцца абсалютна не актуальнымі. Сапраўды, каго сёння ў Германіі цікавіць тэма рэпарацый, якія Германія павінна была плаціць паводле Версальскай дамовы, або тэма акупацыі французамі Рэйнскай зоны. У
сувязі з гэтым узнікае пытанне: наколькі ўвогуле літаратурны фабрыкат Гітлера можа быць ужыты сучаснымі экстрэмістамі для барацьбы з дэмакратыяй? Тым больш, што цяперашнія неанацысты (як правіла,
малаадукаваныя маладыя людзі) увогуле наўрад ці адолеюць два тамы «Майн кампф».
Яшчэ адзін момант на карысць таго, што «Майн кампф» не пагражае дэмакратыі», звязаны з тым, што кніга напісана ў часы, калі нацысты бавіліся з выбарчымі інстытутамі. Гітлер
у сваёй кнізе піша пра гніласць веймарскай дэмакратычнай сістэмы, аднак сам прынцып дэмакратычнага ладу ён не аспрэчвае. У «Майн кампф» вы не сустрэнеце ніякіх контураў утапічнай
мадэлі нацысцкай дзяржавы.
У сувязі з гэтым гучаць заклікі прааналізаваць, якую ролю «Майн кампф» адыграла для мабілізацыі нацызму ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя. Відавочна — практычна
ніякай. Рост рэйтынгаў нацыянал-сацыялістаў быў непрапарцыйны накладам «Майн кампф». Увогуле, да прыходу нацыстаў да ўлады кніга выдавалася толькі адзін раз: першы том у 1925 годзе,
а другі ў 1930-м. Памер тыражу складаў 10 тысяч экземпляраў. Бум накладаў «Майн кампф» пачаўся толькі пасля 1933 года. У тым жа годзе пасля захопу ўлады нацысты перавыдалі кніжку
накладам паўтара мільёна экземпляраў. А ў 1936-м выйшла нават спецыяльнае выданне «Майн кампф» — на сапраўдных пергаментах.
Калі выйшаў першы том, нават нямецкая правая тусоўка сустрэла літаратурны эксперымент Гітлера крытычна. Сярод крытыкаў быў, дарэчы, генерал Людэндорф, які разам з Гітлерам намагаўся ўзняць путч у
Мюнхене. Ён і адзін з піянераў руху нацыстаў Ота Штрасэр лічылі, што Гітлер звар’яцеў на грубым антысемітызме.
Увогуле, тагачасны палітыкум і чытацкая аўдыторыя твор Адольфа практычна ігнаравалі. Калі кніжка пабачыла свет, на яе звярнулі ўвагу літаральна некалькі выданняў. Затое не прапусціў выхаду
«Майн кампф» сатырычны часопіс «Simplicissimus», які пасмяяўся з расісцкіх фантазій Гітлера.
Нарэшце, прыхільнікамі легалізацыі «Майн кампф» у арыгінальным варыянце прапануецца яшчэ адзін доказ. Па іх словах, вывучэнне гэтай кнігі здольнае хутчэй выклікаць стойкую
антыфашысцкую пазіцыю. «Майн кампф» — гэта кніга чалавека з хворай псіхікай. Вывучэнне твора дазваляе лепш зразумець прыроду яго аўтара, — піша
«Cicero». — «Майн кампф» — гэта маналог хвалька, дзе за патэтычнымі фразамі пра нацыю і расу адчуваецца любоў да пазёрства, штучная
гіпербалізацыя сваёй місіі».
Нарэшце, галоўны аргумент: тое, што прыдумалі ўлады Баварыі, падвышае «Майн кампф» у індэксе забаронных кніг, надаючы ёй элемент таямнічасці. У гэтым плане рэакцыя на
з’яўленне Хартманаўскай версіі «Майн кампф» цалкам прадказальная. Усе адразу палезуць у інтэрнэт глядзець, што ж падкарэктаваў гісторык-цэнзар. Лепшы падарунак неанацыстам
на гадавіну смерці куміра прыдумаць цяжка.
«Cicero» падводзіць фінальную рысу: «Майн кампф» Гітлера павінна выдавацца ў поўным аб’еме, каб кожны чалавек мог вывучыць гэты гістарычны дакумент і
зразумець, што выклікала нацысцкую трагедыю ў Германіі і ў Еўропе».
Усё, быццам, лагічна, калі б не дзве рэчы. Па-першае, прымітыўны пячорны расізм і антысемітызм, якім прасякнуты тэкст «Майн кампф». Пры ўсёй эмансіпацыі нямецкага грамадства, тэма
ксенафобіі і антысеміцкіх забабонаў застаецца актуальнай. Па-другое, траўма, якую пакінула Другая сусветная вайна ў свядомасці шматлікіх людзей або іх родных. Наўрад ці апошнія спакойна ўспрымуць
факт з’яўлення ў вольным продажу кнігі Гітлера. Нават калі змест будзе такі ж бяскрыўдны, як тэкст пра Гары Потэра.