Чаго заслугоўвае Луі Селін?
Французская інтэлектуальная эліта перасварылася з-за пытання, адзначаць ці не юбілей смерці класіка французскай літаратуры, які супрацоўнічаў з гітлераўцамі.
«НЧ» ужо пісаў пра тое, што напачатку года яўрэйскія арганізацыі Францыі забілі трывогу. 19 студзеня Аб’яднанне нашчадкаў дэпартаваных з Францыі яўрэяў патрабавала
выключыць з календара памятных культурных дат 1 ліпеня. У гэты дзень Міністэрства культуры збіралася адсвяткаваць 50-ю гадавіну смерці Луі-Фердынанда Селіна.
Французская інтэлектуальная эліта перасварылася з-за пытання, адзначаць ці не юбілей смерці класіка французскай літаратуры, які супрацоўнічаў з гітлераўцамі.
«НЧ» ужо пісаў пра тое, што напачатку года яўрэйскія арганізацыі Францыі забілі трывогу. 19 студзеня Аб’яднанне нашчадкаў дэпартаваных з Францыі яўрэяў патрабавала
выключыць з календара памятных культурных дат 1 ліпеня. У гэты дзень Міністэрства культуры збіралася адсвяткаваць 50-ю гадавіну смерці Луі-Фердынанда Селіна.
Луі-Фердынанд Селін (сапраўднае прозвішча Дзетуш) — французскі пісьменнік, лекар па адукацыі. У 1932 годзе выйшаў яго раман «Падарожжа на край ночы» (Voyage au bout de la
nuit), які меў аглушальны поспех і быў адразу ж перакладзены практычна на ўсе мовы свету. Аднак далейшы лёс пісьменніка склаўся трагічна. Апублікаваныя на мяжы 1930–1940-х гадоў антысеміцкія
памфлеты замацавалі за Селінам рэпутацыю антысеміта, расіста і чалавеканенавісніка. У канцы другой сусветнай вайны абвінавачаны ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі пісьменнік быў змушаны бегчы за
мяжу. У Даніі яго змясцілі ў турму. У 1951 годзе па амністыі ён вярнуўся ў Францыю і фактычна да канца жыцця практыкаваў у якасці лекара для бедных.
Пра Селіна зноў пачалі казаць літаральна напярэдадні ягонай смерці, калі выйшла два тамы яго аўтабіяграфічнай трылогіі «З замка ў замак» і «Поўнач». Апошняя частка
трылогіі выйшла праз восем гадоў пасля смерці пісьменніка, у 1969 годзе. А ў 1970-я, калі перажывала бум андэграўндная літаратура, яе флагман — Чарльз Букоўскі — назваў Селіна сваім
настаўнікам. Па тыражах Селін уваходзіць у тройку самых папулярных французскіх аўтараў ХХ стагоддзя. У гэтым плане ідэя адсвяткаваць гадавіну смерці пісьменніка, верагодна, падавалася чыноўнікам
Мінкульта цалкам лагічнай. Аднак тут умяшалася грамадскасць.
21 студзеня з-за пратэстаў Мінкультуры адмовілася ад ідэі святкавання і нават прыбрала прозвішча Селіна са спісу славутых асоб Францыі. Міністр культуры заявіў, што перад тым, як прыняць рашэнне,
спецыяльна пазнаёміўся з антысеміцкімі творамі Селіна і ў выніку вырашыў, што такога гонару той не варты.
Аднак справа Селіна аказалася больш складанай. У яго абарону выступіў шэраг вядомых культурных асобаў, якіх цяжка назваць антысемітамі або аматарамі рэвізіі гісторыі. Сярод іх, напрыклад, Клод
Ланцман, аўтар дакументальнага фільму «Халакост». Філіп Салерс, вядомы сваімі ліберальнымі поглядамі пісьменнік. Каментуючы скандал вакол Селіна, ён згадаў словы Хемінгуэя пра тое,
што «ў цяжкія часы за ўсё вінаватымі робяць пісьменнікаў». У дадатак Салерс абвінаваціў міністра культуры ў цэнзуры. Супраць рашэння міністэрства выступіў вядомы французскі
інтэлектуал яўрэйскага паходжання Бернар-Анры Леві. Ён кажа, што абсалютна нармальна адначасова быць вялікім пісьменнікам і абсалютным парсюком.
Выступы вядомых культурных персанажаў у падтрымку Селіна працягнулі скандал вакол брашуры Стэфана Федэрыка Эсэля. У мінулым годзе Эсэль, былы ўдзельнік антыфашысцкага супраціву і вязень канцлагеру, у
свае 93 гады выдаў зборнік эсэ, які стаў выдавецкім феноменам. Ён напісаў пра тое, што чалавек павінен у любыя часы выступаць за свабоду і справядлівасць. Зборнік вытрымаў тры выданні. Усяго за 10
тыдняў было прададзенае 950 000 экземпляраў. Гэта паставіла Эсэля ў шэраг вядучых французскіх інтэлектуалаў і выклікала цікавасць да ягоных думак наконт іншых праблем сучаснасці. Стала шырока вядомая
і ягоная пазіцыя адносна Ізраілю. Хаця Эсэль — француз яўрэйскага паходжання, ён крытыкуе палітыку Ізраіля і патрабуе эвакуацыі яўрэйскіх калоній з Усходняга Берагу ракі Іардан.
Частка яўрэйскай грамады абвінаваціла Эсэля ў антысемітызме. Не паспеў скандал заціхнуць, як тэма зноў вярнулася на старонкі друку дзякуючы Селіну.
Між тым, не менш арыгінальную думку ў абарону Селіна прапанаваў пісьменнік Фабрыс Лукіні, французскі акцёр тэатра і кіно. Ён літаральна заканспектаваў усю літаратурную спадчыну Селіна і сцвярджае,
што пазітыву там значна больш, чым негатыву. Так, Селін быў антысемітам. Аднак адначасова ў сваіх творах ён выступаў крытыкам мілітарызму, каланіяльнай сістэмы, бяздушнай капіталістычнай
эксплуатацыі. Што тычыцца антысеміцкіх тырад, то яны, па словах Лукіні, былі хутчэй выкліканыя пацыфізмам. Ён — ветэран першай сусветнай вайны — баяўся, што яўрэйскія эмігранты з
Германіі, якія прыбылі ў Францыю з-за пераследу нацыстаў, падштурхнуць яўрэйскую грамаду да патрабавання вайны з Берлінам.
З’явіўся тэзіс пра тое, што літаратурны авангардны стыль, з дапамогай якога Селін пісаў свае антысеміцкія пракламацыі, хутчэй кампраметаваў нацыстаў у вачах сярэдняга француза. Вядома пра
канфлікт паміж Селінам і супрацоўнікам акупацыйнай адміністрацыі, які называў творы Луі-Фердынанда не агітацыяй, а «істэрыкай».
Якімі б добрымі матывамі ні кіраваліся абаронцы Селіна, іх тэорыі сталі легальнай глебай для адкрытых антысеміцкіх выступаў. Так, для вядомага пісьменніка Марка-Эдуарда Наба рашэнне міністра культуры
— гэта выкананне замовы «асобнай групы грамадзян».
Самае цікавае, што ва ўсёй гэтай вакханаліі амаль не бяруць удзел правыя радыкалы, якія доўгі час спекулявалі на тэме «яўрэйскага лобі». Актыўна абараняе Селіна хіба што група Бруна
Гальніша з Нацыянальнага Фронту. Гальнішу і яго сябрам таксама не падабаецца, што ў гэтым годзе Мінкультуры збіраецца адзначаць 50-я ўгодкі смерці Франца Амара Фанана — ідэолага руху за
незалежнасць Алжыру.
Аднак дэкларацыі Гальніша не адлюстроўваюць пазіцыю ўсяго Нацыянальнага Фронту, новым лідарам якога з’яўляецца Марына Ле Пэн. Яна кажа, што «нельга забываць злачынстваў нямецкіх
салдат, якія забівалі нашых дзядоў».
Фігурантам справы Селіна нечакана аказаўся прэзідэнт краіны. Нікаля Сарказі неяк прызнаўся, што Селін — яго ўлюбёны пісьменнік. Увогуле, Сарказі і літаратура — гэта асобная тэма. У
французскіх інтэлігентаў шмат анекдотаў на гэты конт. Аднак, што тычыцца Селіна, то тут усё, здаецца, праўда. Яшчэ ў 1996 годзе, будучы адносна маладым палітыкам, Сарказі свабодна цытаваў пісьменніка
падчас аднаго з інтэрв’ю. Яму належыць дастаткова вядомае выказванне: «Можна абараняць Селіна і не быць антысемітам, таксама як можна абараняць Пруста і не быць
гомасэксуалістам».