Чорная метка для старой палітыкі
Галоўнай сенсацыяй выбараў у Берліне, якія адбыліся 18 верасня, стаў прарыў у парламент маладой Партыі піратаў. Дзе хаваюцца прычыны такога поспеху і якія будуць яго наступствы для германскай палітыкі — сёння гэта самыя папулярныя пытанні сярод нямецкіх палітычных аглядальнікаў.
Галоўнай сенсацыяй выбараў у Берліне, якія адбыліся 18 верасня, стаў прарыў у парламент маладой Партыі піратаў. Дзе хаваюцца прычыны такога поспеху і якія будуць яго наступствы для
германскай палітыкі — сёння гэта самыя папулярныя пытанні сярод нямецкіх палітычных аглядальнікаў.
Спачатку пра тых, каму ў Берліне не пашанцавала. Галоўнымі лузерамі берлінскіх выбараў, безумоўна, сталі лібералы. Свабодная дэмакратычная партыя (FDP) атрымала сімвалічныя 1,8 працэнта. Чаму
сімвалічныя? Таму што тры гады таму на федэральных выбарах у свабодных дэмакратаў было 18 працэнтаў. Філіп Рослер — лідар партыі — пакуль не знайшоў формулу рэанімацыі FDP.
У мінусе і нямецкія сацыял-дэмакраты (SPD), якіх на выбары вёў бургамістр Клаус Ваверайт, аўтар славутай фразы: «Я гей, і што ў гэтым кепскага?». Хаця ружовыя засталіся вядучай
партыяй у сталіцы (SPD мае 28 працэнтаў) і перамаглі Зялёных, якія нейкі час усур’ёз разлічвалі паспрачацца з эсдэкамі за крэсла мэра, вялікай эйфарыі тут не назіраецца. Праблема ў тым, што
вельмі нізкія паказчыкі мае партыя Левых (11 працэнтаў), якая апошняе дзесяцігоддзе была кааліцыйным партнёрам эсдэкаў. Тое, што Левыя — партыя былых камуністаў ГДР — здаюць
пазіцыі, цікавая тэма. Відавочна, што настальгія па сацыялізму ва Усходняй Германіі паступова сыходзіць. А іншай базы, акрамя пенсіянераў, у Левых няма.
З-за слабых вынікаў Левых, сфармаваць кааліцыю з імі ўжо не атрымаецца. Ваверайту патрэбна шукаць новага саюзніка. Выбар невялікі. Гэта або хрысціянскія дэмакраты, якія атрымалі 23 працэнта (што для
традыцыйнага левага Берліну вельмі някепска). Або Зялёныя, якія прыйшлі да фінішу з 17 працэнтамі. З першымі Ваверайту яўна не па дарозе: у выпадку блоку з партыяй Меркель, цяперашняе падзення
рэйтынга канцлера абавязкова аукнецца эсдэкам. Застаюцца Зялёныя, з якімі ў Клауса вельмі няпростыя адносіны. Усю кампанію менавіта эколагі і іх лідар Рэната Кунаст былі галоўным аб’ектам
крытыкі сацыял-дэмакратаў. У іх бачылі галоўных канкурэнтаў. Цяпер трэба мірыцца. Што тычыцца саміх Зялёных, то ім, здаецца, пакуль не да кааліцыйных перамоваў. Яны, як, дарэчы, і іншыя, спрабуюць
зразумець: што рабіць з «піратамі»?
Маладая Партыя піратаў, якая зрабіла сабе імя на тэме барацьбы з цэнзурай і аўтарскім правам у інтэрнэце, з 9 працэнтамі падтрымкі прарвалася ў берлінскі парламент. Такога трыумфу не чакалі нават
самі аранжавыя (партыйны колер Партыі піратаў). У некаторых акругах сталіцы пасля галасавання ўзнікла праблема: «піраты» выставілі занадта мала кандыдатаў. Паколькі яны атрымалі на
парадак больш, цяпер яны вымушаны хутка шукаць жадаючых папраціраць штаны ў мясцовых саветах.
На папярэдніх выбарах у берлінскі сенат Партыя піратаў удзелу не брала. Такім чынам, аранжавыя здолелі стварыць сваю электаральную базу за пяць гадоў, прычым з нуля. Сацыёлагі ўжо склалі партрэт
прыхільнікаў аранжавых. Гэта, перш за ўсё, тыя, хто звычайна галасуе за малыя партыі, і тыя, хто ўвогуле ніколі па розных прычынах не галасаваў. Плюс катэгорыя тых, хто здрадзіў партыям, за якія
аддаваў голас раней.
Больш за ўсё ад такога партыйнага адзюльтэру пакутуюць Зялёныя. Яны недалічыліся 17 тысяч галасоў. У эсдэкаў «піраты» «скралі» 14 тысяч выбаршчыкаў. У Левых
— 13 тысяч.
Варта таксама згадаць, што «піраты» — практычна партыя мужчын. З 15-ці чалавек «пірацкай» фракцыі ў берлінскай ратушы толькі адна жанчына. Такая
мужчынская дамінацыя дае сатырыкам падставу, каб іранізаваць над праграмнымі лозунгамі піратаў. На думку шмат каго, за барацьбой супраць цэнзуры ў сеціве хаваецца банальнае жаданне вольна праглядаць
порнасайты.
Між тым, палітолагі спрабуюць зразумець, што здарылася 18 верасня і як берлінскі казус можа паўплываць на больш глабальныя палітычныя трэнды.
Што тычыцца прычын такога фенаменальнага ўзлёту піратаў, то большасць звязвае яго з такой з’явай, як пратэстнае галасаванне супраць старых партый. «Гэта класічны выпадак пратэстнага
галасавання», — сцвярджае Ангела Меркель. Аналітыкі бачаць тут подых арабскай вясны і апошніх моладзевых пратэстаў у Іспаніі, Грэцыі і Вялікабрытаніі.
Іншыя, наадварот, пішуць, што «піраты» ўхапілі нерв новай генерацыі, якая літаральна «паехала» на розных кампутарных феньках. Палітыкі старой генерацыі, у сваю
чаргу, абыякава ставяцца да новых трэндаў і, адпаведна, не выглядаюць у вачах юніёраў сваімі. Так, аказалася, што той жа Ваверайт не ведае, што такое смартфон. Вялікі пласт аналітыкі прысвечаны новым
формам палітычнага піяру, які выкарыстоўвалі «піраты». Напрыклад, яны здолелі прыцягнуць на свой бок нямецкую блогасферу, якая пачала асацыяваць сябе з праектам.
Акрамя таго, усе старыя партыі дзейнічаюць у выразных рамках эстэтыкі мінулага стагоддзя. Так, тыя ж Зялёныя выкарыстоўваюць культурны код 1980-х, калі ў ФРГ быў папулярны антыатамны рух. Піраты
першымі ў сваім агітпропе зрабілі стаўку на эстэтыку моладзевай субкультуры новага стагоддзя.
Яшчэ адна версія прычын прарыву «піратаў» — берлінская спецыфіка. Сапраўды, у Берліне асобная ўнікальная гарадская культура, складовай часткай якой з’яўляюцца
творчыя эксперыменты. Адсюль і яе палітычны прадукт у выглядзе Партыі піратаў. Відавочна, што аўтары гэтай канцэпцыі не бачаць для «піратаў» вялікіх перспектыў.
Падобным чынам лічаць і тыя, для каго «піраты» — выключна партыя эпізадычнага пратэсту. Падчас дэбатаў з апанентамі яны звычайны згадваюць вопыт Зялёных. Зялёныя, як
вядома, таксама пачыналі як вулічная партыя, якая, аднак, здолела паступова пазбавіцца хіпоўскіх прымочак і зарэкамендаваць сябе як сур’ёзны палітычны гулец.
Аднак, у адрозненні ад Партыі піратаў, у тагачасных Зялёных была нейкая ідэйная платформа. Зялёныя першай хвалі былі постантыаўтарытарнымі левымі. Сістэма адзіных каштоўнасцяў, сапраўды, слабае месца
ў партыі са сцягам з выявай вясёлага Роджэра. На старце праекту ў Партыю піратаў запісваліся нават карычневыя. Дэфіцыт адзінства, як лічаць скептыкі, пацягне за сабой унутрыпартыйныя канфлікты.
Працэс будзе яшчэ больш дынамічным з-за абсалютнай некампетэнтнасці большасці новаабраных піратаў-дэпутатаў.
На базе такіх прагнозаў сярод сяброў класічных партый нават узнік забаўны тэзіс: можа, і добра, што «піраты» перамаглі зараз, за два гады да федэральных выбараў. Да 2013 года яны
цалкам сябе скампраметуюць і не змогуць парушыць алгарытм нямецкай палітыкі.
Аптымісты могуць супрацьставіць скептыкам толькі адно — газетныя нататкі першай паловы 1980-х, прысвечаныя Зялёным. Эколагаў спачатку таксама дружна лічылі палітычнымі прафанамі, і нават
наркаманамі. Плюс аналіз тэндэнцый у грамадстве.
«Мы папросту не разумеем, што час змяніўся. Схема «правыя — левыя» больш не працуе. Прыйшоў час новых, постідэалагічных партый, так званых партый радыкальных
цэнтрыстаў. І «піраты» сталі першай нямецкай партыяй новага тыпу», — піша газета «Tageszeitung».