Чорны піяр

Цяперашняя выбарчая кампанія ва Украіне не абышлася без выкарыстання «чорнага» піяру. Прапануем падборку самых кур’ёзных практык у гэтай галіне.
 



18259_1u.jpg

У слоўніку чамусьці няма вызначэння тэрміну «чорны» піяр. Даводзіцца абмяжоўвацца сваімі бытавымі дэфініцыямі. Пад «чорным» піярам варта разумець распаўсюд несумленнай або кампраметуючай інфармацыі пра палітычнага канкурэнта.
Ва Украіне ўжо даўно задзейнічаны метады «чорнага» піяру. Часам «чорны» піяр нават рабіўся глабальнай тэмай усёй выбарчай кампаніі. Так адбывалася на папярэдніх выбарах у Вярхоўную Раду, калі праціўнікі аранжавых сцвярджалі, што Арсень Яцэнюк — адзін з лідараў дэмакратаў — мае яўрэйскае паходжанне. Дэмакраты, у сваю чаргу, пачалі маляваць у сваёй агітацыйнай прадукцыі сямейная дрэва Яцэнюкоў, даводзячы, што ён стоадсоткавы ўкраінец. У выніку ўсё гэта ператварылася ў сапраўдны фарс.
На гэтых выбарах «чорны» піяр таксама прысутнічае. Праўда, часам піяршчыкам і прыдумваць нічога не трэба. Палітыкі парадаксальным чынам умудраюцца дыскрэдытаваць самі сябе без знешняй дапамогі. Самы яскравы прыклад таго, як піяр трансфармуецца ў анты-піяр, адбыўся ў горадзе Славута. Тут афіцыйныя прадстаўнікі кандыдата-аліграха Сяргея Бурака раздалі людзям канверты, у якіх знаходзілася па 500 грыўняў (прыкладна 60 долараў). Аднак у выніку нейкай тэхнічнай памылкі гэтыя канверты былі залепленыя такім чынам, што шматлікія выбаршчыкі не змаглі іх адкрыць. У выніку людзі папросту разрывалі канверты разам з грашыма, каб пасля доўга праклінаць таго самага Бурака і яго падарункі.
Калі сам кандыдат не раздае нейкія кампраметуючыя рэчы, даводзіцца рабіць гэта за яго. Напрыклад, так дзейнічалі ў Харкаўскай вобласці. Тут дамы абыходзілі маладыя людзі нібы ад партыі «УДАР» і на радасць жыхарам уручалі торбы з кансервамі або з крупамі. Радасць выбаршчыкаў была нядоўгай. Прадукты аказаліся пратэрмінаваныя. Адпаведна, рэзка ўпала жаданне галасаваць за партыю Віктара Клічко «УДАР».
Часам стваральнікам «чорнага» піяру дастаткова папросту акцэнтаваць увагу электарату на правалах праціўніка. Пальму першынства тут трымаюць кандыдаты па мажарытарных акругах. Звычайна гэта бізнэсмэны, якія не жадаюць слухаць нікога і робяць тое, што ім здаецца правільным. Так, адзін з дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў пад Чаркасамі размясціў на сваім выбарчым участку на білбордах побач са сваёй фізіяноміяй камічны надпіс: «Люблю дзяцей — яны нашы суддзі». Што ён хацеў гэтым сказаць, зразумець цяжка. Як немагчыма ўявіць, і што робіцца ў галовах іншых кандыдатаў, якія вынайшлі наступныя слоганы: «Людзі — наша будучыня» або «Толькі баязлівец робіць дэпутата чалавекам».
Нонсэнс, аднак тут дапускаюць праколы не толькі малаадукаваныя ў палітыцы асобы. Моцна пракалоліся і піяршчыкі Партыі рэгіёнаў, якіх рэкрутуюць з самых вядомых паліталагічных кантор. З іх падачы ўсю Украіну ўпрыгожылі білбордамі з выявай шчаслівай украінскай сям’і, якая мусіла візуальна засведчыць дасягненні цяперашняга ўраду. У выніку аказалася, што адлюстраваныя на рэкламным здымку тата, мама і двое дзетак — амерыканцы. Іх выяву дызайнеры плакатаў Партыі рэгіёнаў папросту знайшлі ў інтэрнэце.
На той жа глебе пагарэлі і камуністы, якія размясцілі ў цэнтры сваіх праспектаў нейкую дарагую вілу на беразе мора. Малюнак суправаджаў слоган: «Вернем нашу ўласнасць». Сэнс рэкламнай кампаніі палягаў у тым, каб нацыяналізаваць шматлікія курортныя аб’екты, прыватызаваныя алігархамі. Цяпер вядома, што выяўлены комплекс знаходзіцца ў Грэцыі. Атрымліваецца, што партыя Сіманенкі збіраецца ваяваць з Грэцыяй...
Натуральна, апаненты бела-блакітных, камуністаў і згаданых вышэй кандыдатаў-мажарытаршчыкаў выкарыстоўваюць гэтыя хібы для кампраметацыі сваіх супернікаў. Напрыклад, аўтара слогана пра тое, што «Людзі — наша будучыня», абвясцілі іншапланецянінам.
Найчасцей, аднак, да «чорнага» піяру звяртаюцца ў Партыі рэгіёнаў. Так, нядаўна ў паштовыя скрыні жыхароў Данецкай вобласці закінулі 8-старонкавую штотыднёвую газету “Вольнае слова. Данбаса. Нумар складаўся з кампраметуючых матэрыялаў на адрас разнастайных палітычных партый і канкрэтных палітыкаў з партый “Батькивщина, блока Клічко, Кампартыі і, безумоўна, іх лідараў — Арсеня Яцэнюка, Віталя Клічко, Віктара Пінзеніка, Пятра Сіманенкі і г.д. У прыватнасці, на старонках газеты Яцэнюк і яго палітычная сіла абвінавачваюцца ў гандлі выбарчымі акругамі, Кампартыя і Сіманенка — у тым, што палітык распуснічае з маладой жонкай, вядзе разгульны лад жыцця і нясе галоўную адказнасць за развал СССР. Нарэшце, Клічко дасталася за няздольнасць арганізаваць выбарчую кампанію і за слабае веданне англійскай мовы. Забыліся прасціся выдаўцы «Вольнага слова Данбаса» чамусьці выключна па лідарах Партыі рэгіёнаў, што яскрава кажа пра тое, хто замовіў наклад. Дарэчы, тыраж газеты складае мільён экзэмпляраў.
Прыз за інавацыі ў «чорным» піяры таксама можна смела аддаць партыі Януковіча—Азарава. Так, штаб Партыі рэгіёнаў у Крыму своеасабліва забаўляе школьнікаў падчас прымусовых сустрэч іх бацькоў з бела-блакітнымі кандыдатамі. Дзецям прапануецца мячом збіць кеглі і банкі з налепленымі на іх фатаграфіямі палітычных апанентаў «рэгіяналаў» як мясцовага, так і рэспубліканскага ўзроўню.
Зрэшты, апаненты Партыі рэгіёнаў таксама не саромеюцца звяртацца да «чорнага» піяру. Так, у Адэскай вобласці, дзе ў Вярхоўную Раду ідзе кандыдат-рэгіянал Юрый Крук, супраць палітыка былі расклеены ўлёткі з надпісам «Юрий Крук — геев друг». Згадванне нетрадыцыйных сэксуальных меншасцяў — не адзіны прыём «чорнага» піяру, што быў ужыты супраць Крука. Яго апаненты расклеілі і іншыя ўлёткі, дзе нагадваецца пра тое, што да Партыі рэгіёнаў цяперашні кандыдат быў сябрам БЮТ, Партыі зялёных, НДП, Кампартыі і іншых палітычных сілаў, таму нельга верыць здрадніку.
Яшчэ адна фішка кампаніі — закідваць праціўніка яйкамі на публічных акцыях, а пасля выкладваць кампраметуючыя выявы ў інтэрнэт. Першымі такі спосаб асвоілі ў Луганскай вобласці.
Найбольш дзіўная форма дыскрэдытацыі мела месца таксама пад Адэсай, дзе адзін з кандыдатаў арганізаваў мітынг, галоўным героем якога была свіння. На думку таго кандыдата, яна павінна была ўвасабляць яго галоўнага канкурэнта па акрузе. Аднак, па словах сведак, эфект быў адваротны. Публіка ахвотна фатаграфавалася з жывёлай.
Як бачым, часы, калі «чорны» піяр спрацоўваў, сапраўды паступова адыходзяць. Публіка насцярожана ставіцца да такіх метадаў, што можа сведчыць пра рост свядомасці выбаршчыкаў. На жаль, здаецца, гэта адзіны плюс цяперашніх выбараў. Усе іншыя хібы ўкраінскай палітыкі, і найперш палітычная карупцыя, засталіся.