Хто баіцца Папу-езуіта

Абранне першага ў гісторыі Папы-езуіта выклікала ў прэсе буру спекуляцый наконт сапраўдных працэсаў у Ватыкане. Нават калі б новы Папа Францыск быў абсалютна белы і пухнаты, да яго ўсё роўна ставіліся б падазрона. Хорхе Марыа Берголья — езуіт.



524174.jpg

Гэтым словам сказана ўсё. У заходнім грамадстве слова «езуіт» аўтаматычна выклікае асацыяцыю з нейкім сакрэтным ордэнам, што займаецца цёмнымі палітычнымі інтрыгамі па прынцыпу «мэта апраўдвае сродкі».

Крыніцы такіх забабонаў варта шукаць у трэндах масавай свядомасці ў часы сярэднявечча. У той час, і асабліва ў часы рэфармацыі, добра адукаваныя і цалкам адданыя каталіцкай веры езуіты атрымалі добрую рэпутацыю сярод еўрапейскіх манархаў. Езуітаў ахвотна дапускалі да каралеўскіх двароў і пасвячалі ў самыя тайныя дзяржаўныя справы. Сярод простых людзей такі «ліфт» заснаванага Інгаціем Лаёлам у 1534 годзе ордэна часта тлумачыўся мастацтвам езуітаў плесці інтрыгі і займацца банальным зборам кампрамату, які, быццам, дапамагаў ім трымаць пад кантролем моцных гэтага свету.

Аднак у XVI–XVII стагоддзях паміж палітычнымі элітамі на месцах і езуітамі прабегла чорная котка. Праграма ордэна — стварэнне ўніверсальнай імперыі пад кіраўніцтвам Рымскага Папы — супярэчыла мадэлі абсалютызму, які ствараўся ў Еўропе. Шмат дзе ўлады і езуіты дасварыліся нават да таго, што апошнія пачалі арганізоўваць акты індывідуальнага тэрору супраць ненавісных манархаў.

Безумоўна, гэта вайна не абышлася без добрай порцыі чорнага піяру. Дзяржаўная палітпрапаганда ахвотна ўжывала і папулярызавала страшылкі пра езуіцкую змову. Калі іх не хапала, жахі прыдумлялі самі. Так на свет з’явіўся фальшывы кодэкс езуітаў «Monita secreta», які інструктаваў сябраў арганізацыі не стрымлівацца, калі гаворка ідзе пра інтарэсы ордэну.

Паступова ў мазгах крытыкаў ордэну сфармавалася новая магістральная тэма: езуітаў пачалі вінаваціць у тым, што яны прадалі хрысціянскую веру. Не абышлося без антысемітызму. Паколькі частка заснавальнікаў ордэну паходзіла з іспанскіх яўрэйскіх сямей, якія прынялі хрысціянства, езуітаў хутка запісалі ў прыхільнікі яўрэйскай змовы. Парадокс у тым, што сучасныя гісторыкі разглядаюць езуітаў як піянераў арганізаванага антысемітызму. З 1592 па 1946 гады ў шэрагі ордэна не прымалі асобаў з ліку так званых «новых хрысціян» — людзей з ахрышчаных яўрэйскіх і мусульманскіх сем’яў.

Ад антысемітызму быў адзін крок да таго, каб выставіць езуітаў масонамі, тампліерамі, ілюмінатамі і іншымі аматарамі ідэі падпарадкаваць усю планету невялікай купцы абраных — канцэпцыя так званага Новага сусветнага парадку.

Праўда, і апаніруючы бок таксама не вельмі цырымоніўся з фактурай у прапагандысцкай вайне. Так, землятрус 1755 года ў Лісабоне езуіт, аўтар памфлету, спісаў на святое пакаранне, якое неба паслала на партугальскага караля, што выгнаў езуітаў з Партугаліі.

У выніку ў гэтай барацьбе верх узялі манархі. У 1773 годзе пад ціскам Бурбонаў Папа Клімент XIV распусціў ордэн. Аднак, як толькі атмасфера ў Еўропе змянілася, у 1814 годзе, калі паўсюль панавала рэакцыя, арганізацыю адрадзілі. Адначасова рэанімаваўся і антыезуіцкі міф.

Напэўна, апошняя буйная кампанія супраць езуітаў мела месца ў Германіі ў часы Культуркампфа (барацьбы за памяншэнне ўплыву Ватыкана на нямецкую палітыку). Канцлер Бісмарк актыўна спрыяў антыезуіцкай паранойі. Так, сябрам ордэну, паводле прынятых тады законаў, нават забаранялася мець нерухомасць у Германіі. Таксама не любілі езуітаў нацысты, якія баяліся іх уплыву на вучэбны працэс. Аднак маштабу Халакосту антыезуіцкая кампанія ў гітлераўскай Германіі не набыла. Нацысты абмежаваліся брашурай пра тое, што езуіты — Volksschädlinge (ням.: шкодныя для народу).

Хаця напрыканцы ХІХ стагоддзя істэрыка вакол пагрозы езуітаў пачала сціхаць, антыезуіцкі міф існуе дасюль. У свеце хапае аматараў шукаць след нашчадкаў Лаёлы. Так, езуітаў абвінавачвалі ў тым, што яны штучна патапілі «Тытанік» (капітан «Тытаніка» быў сябрам ордэну) з мэтай не дапусціць, каб адзін з яго пасажыраў — банкір — перашкодзіў стварэнню Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША, якая з часам стала адным са слупоў глабальнай фінансавай сістэмы (частка плану Новага сусветнага парадку).

Вобраз езуіта ў цяперашняй масавай культуры стабільна адмоўны. Дастаткова згадаць скандальны раман «Код да Вінчы», дзе галоўнымі ворагамі выжыўшых родзічаў Ісуса Хрыста выступаюць тыя самыя езуіты. Для таго, каб давесці, мякка кажучы, неадэкватнасць сяброў ордэна, аўтар Дэн Браўн ахвотна смакуе сцэны, калі вернікі супакойваюць сваю плоць з дапамогай розных бізуноў і іншых гаджэтаў.

Таму, як толькі ў Ватыкане сказалі: «Habemus papam» («Маем Папу»), і гэты новы Папа аказаўся езуітам, адразу шматлікія жоўтыя выданні кінуліся шукаць сляды езуіцкай канспірацыі. Першае, што яны зрабілі, — прыцягнулі за вушы абранне Папы Рымскага і легенду пра так званага Чорнага Папу. Паводле аднаго прадказання, апошнім Папам будзе нехта Чорны Папа. Пасля яго Каталіцкая царква, быццам, знікне. Такі сцэнар, калі верыць жоўтай прэсе, чамусьці вельмі карысны для езуітаў.

Здавалася б, якое дачыненне да прадказання пра Чорнага Папу мае беласкуры Хорхе Берголья? Адсутнасць у новага Папы Рымскага чорнай скуры журналістамі вырашаецца проста — за кошт аналізу прадметаў гардэробу. Высвятляецца, што аргенцінскі кардынал раней часта служыў імшы ў чорнай расе. Такім чынам, ён і ёсць Чорны Папа. Вось такая арыгінальная логіка. Калі версія падаецца вам слабай, аматары забабонаў гатовы прапанаваць іншую. Адольфа Нікалас, генерал ордэну езуітаў, па статуту носіць чорнае адзенне, за што мае мянушку «Чорны Папа».

Між тым, большасць аналітыкаў іранічна ўспрымаюць версію пра тое, што езуіты маглі ўплываць на выбары Папы. Хаця б таму, што, акрамя Берголья, толькі адзін удзельнік канклаву быў сябрам ордэну. Італьянскі каталіцкі гісторык Альберта Meлоні ў інтэрв’ю французскай газеце «Le Monde» дае наступную характарыстыку цяперашняга стану ордэну езуітаў: «Гэта вялікая сям’я, дзе хапае ўсяго патроху — вялікіх кансерватараў і вялікіх рэфарматараў».

Дастаткова сціпла адрэагаваў і сам ордэн на абранне свайго сябра Папам. На сайце езуітаў проста дзякуюць Богу за тое, што ён даў свету новага Папу, і вельмі цешацца з таго, што Папа, абраўшы імя Францыск у гонар Святога Францыска (заснавальнік жабрацкага ордэну), падкрэсліў ідэнтыфікацыю царквы з простымі людзьмі.