Ці адновіць дыктатуру сын дыктатара?

Цяжка сказаць як у Беларусі, а вось на Філіпінах 9 траўня сёлета будзе вельмі незвычайным. У гэты дзень у краіне пройдуць выбары прэзідэнта, пераможцам на якіх, найхутчэй, стане сын былога мясцовага дыктатара.

Фота EPA

Фота EPA

У Філіпінах, дарэчы, і раней выбіралі на прэзідэнцкую пасаду досыць арыгінальных палітыкаў. Дастаткова ўспомніць цяперашняга гаранта — Радрыга Дутэртэ. Палітык больш за ўсё вядомы пакараннямі наркагандляроў і тых, каго падазраюць у гэтым бізнесе, без суда і следства: Па неафіцыйных ацэнках праваабаронцаў, колькасць ахвяр можа складаць ад 27 тысяч да 30 тысяч чалавек. Грамадскасць неяк хацела падаць на Радрыга ў Гаагскі трыбунал, але той вывеў краіну з юрысдыкцыі Гаагі.
Таксама Дутэртэ вядомы сваімі абразлівымі выказваннямі і жартамі, якія нярэдка прыводзілі да грамадскіх і міжнародных скандалаў. Так, аднойчы ён пажартаваў пра згвалтаваную і забітую місіянерку ў тым духу, што яна настолькі прыгожая, што павінен быў згвалтаваць яе першым.
 

Зрэшты, зараз пра выхадкі дзейнага прэзідэнта забыліся. Усё таму, што амаль стоадсоткавыя шанцы перамагчы на ​​выбарах 9 траўня мае Фердынанд Маркас (нар. 1957) па мянушцы Бонгбог — сын дыктатара Фердынанда Маркаса. Паводле апошніх апытанняў, яго кандыдатуры сімпатызуюць 56 працэнтаў выбаршчыкаў. А адрыў ад найбліжэйшага канкурэнта перыядычна дасягае 40 пунктаў, што фактычна гарантуе сыну дыктатара перамогу.
Бацька Фердынанда сапраўды быў фігурай адыёзнай. Больш за ўсё філіпінцам запомніўся перыяд з 1972 па 1986 год, калі ў краіне дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча. Фармальнай падставай для яго ўвядзення стала, нібыта, раскрытая змова пракітайскіх камуністаў. Якой, хутчэй за ўсё, насамрэч не было. Прэзідэнт адмяніў канстытуцыю, распусціў парламент, арыштаваў апазіцыю, узяў пад свой кантроль СМІ і суды. Усе грамадзянскія правы і свабоды на Філіпінах былі часова скасаваны.
За дзевяць гадоў надзвычайнага становішча на Філіпінах былі арыштаваны 34 тысяч прафсаюзных дзеячаў, настаўнікаў, студэнцкіх лідараў, пісьменнікаў, палітыкаў. Многія падвяргаліся катаванням, пабоям і здзекам. Былі забітыя 3240 чалавек, яшчэ 398 зніклі.
Пры гэтым Маркас і яго сямейства не забываліся пра сябе. Іх «асабістая эканоміка» складалася з мноства квітнеючых прадпрыемстваў прамысловасці і сфер абслугоўвання, аформленых на імя сваякоў і знаёмых. Не дзіўна, што сямейны капітал Маркасаў складаў прыкладна 9 мільярдаў долараў. Гэта калі не лічыць т.зв. «золата Маркаса» — міфічныя скарбы, якія, нібыта, схавалі падчас вайны на Філіпінах японцы. Ёсць легенда, што Маркас знайшоў скарб і недзе перахаваў.
Усе апісаныя працэсы адбываліся на фоне культу асобы прэзідэнта. Быў нават заснаваны горад Маркас, а адно з мястэчак атрымала імя яго жонкі Імельды. Імёнамі гаранта і яго жонкі называліся вуліцы, плошчы, каледжы, палацы, конкурсы і нават фестывалі мастацтваў.
Усё гэта скончылася ў 1986 годзе, калі вулічныя пратэсты прымусілі сям'ю Маркасаў бегчы за мяжу, дзе сужэнцы і памерлі. І вось праз 30 гадоў мы назіраем адраджэнне любові да дыктатуры, што праяўляецца ў высокім рэйтынгу Маркаса-малодшага.
Зрэшты, магчыма феномен не такі ўжо і незвычайны. Большасць палітолагаў тлумачаць папулярнасць Фердынанда Маркаса якаснай працай з фокуснымі сацыяльнымі групамі. Яго выбарчы штаб робіць стаўку на кампаніі ў сацыяльных сетках (асабліва TikTok і Facebook), якімі, як правіла, карыстаюцца людзі, маладзейшыя за 30 гадоў. Гэта значыць тыя, якія нарадзіліся пасля эпохі надзвычайнага становішча, і цяжка разумеюць усе яе «прыгажосці».
Пры гэтым Фэрдынанд Маркас спекулюе на тым, што менавіта ў гады дыктатуры яго бацькі ў краіне дзяржава зрабіла каласальны крок наперад. Культурныя цэнтры, спецыялізаваныя бальніцы і нават атамная электрастанцыя былі пабудаваны ў час дыктатуры, хоць у значнай ступені за кошт замежных пазык.
Адным словам, для тых, хто не сутыкаўся з рэжымам ягонага бацькі, малодшы Маркас, выглядае амаль ОК. Асабліва на фоне папярэдніх прэзідэнтаў, якія не змаглі вырашыць праблему крайняй галечы, слабой інфраструктуры і карупцыі, што існуе ў паўсядзённым жыцці шматлікіх філіпінцаў.
Варта нагадаць яшчэ адзін незвычайны феномен сёлетняй кампаніі ў Філіпінах. Праціўнікі Маркаса-малодшага пастаянна згадваюць у сваіх выступах злачынную спадчыну яго бацькі. Аднак эксперты кажуць, што такі трук часта мае адмоўныя наступствы для іх саміх. «Многія людзі галасуюць за Маркаса не таму, што Маркас ім падабаецца больш; ім проста не падабаецца, калі сыну ставяць у віну злачынствы бацькоў», — тлумачыць сітуацыю адзін з экспертаў журналісту амерыканскага часопіса Time.
Сапраўды, на вуліцы не 70-я мінулага стагоддзя. Палітычная культура і структура грамадства ў Філіпінах змянілася. Наўрад ці рэстаўрацыю дыктатуры таксама падтрымаюць у свеце. Тым больш, што сам Маркас-малодшы прызнае парушэнні правоў чалавека ў часы надзвычайнага становішча, хаця і спрабуе прымяншаць іх.
Аднак мясцовая прэса ўсё роўна піша, што магчымая перамога маладога Маркаса выклікае заклапочанасць у ахвяр палітычных рэпрэсій і тых, хто быў актыўным удзельнікам звяржэння дыктатуры. Сапраўды, хто ведае, якія думкі насамрэч у галаве сына дыктатара?