Калі лепш маўчаць…
Здаецца, яшчэ ніхто ў гісторыі не адважваўся публічна называць амерыканскага прэзідэнта «сынам путаны». Якімі будуць наступствы для аўтара выказвання — філіпінскага прэзідэнта Радрыга Дутэртэ?
Праўда, Радрыга ўжо паспеў папрасіць прабачэння за сваё выказванне, і нават выказаў надзею на хуткую сустрэчу з амерыканскім калегам. Сваю тыраду ён заклікае разглядаць як нейкую выпадковасць. Маўляў, не змог стрымаць эмоцыі, калі даведаўся, што Вашынгтон, парушаючы суверэнныя правы філіпінцаў, дазволіў сабе крытыкаваць і інструктаваць легітымны філіпінскі ўрад.
Сапраўды, у Белым доме (і не толькі там) незадаволеныя. Там у шоку ад маштабнай паліцэйскай зачысткі, якую Дутэртэ праводзіць супраць вулічных гандляроў наркотыкамі. Яшчэ напярэдадні прэзідэнцкай інаўгурацыі ў ліпені палітык абяцаў пашырыць на ўсю краіну сваё ноў-хаў барацьбы з наркамафіяй. Будучы доўгі час мэрам гораду Даваа-Сіці, ён стварыў напаўсакрэтную каманду спецназу, што без усялякіх прававых замарочак забівала вулічных наркадылераў. Трэба прызнаць, што такая тактыка сапраўды скараціла маштабы наркаманіі ў горадзе. Міф пра тое, што перамагчы наркамафію магчыма, шмат у чым спрыяў перамозе экс-бургамістра Даваа-Сіці ў прэзідэнцкай кампаніі 2016 года.
Перасеўшы ў крэсла прэзідэнта, Дутэртэ аддаў загад пачаць крыжовы паход супраць наркотыкаў. Паход толькі пачаўся, але яго першыя вынікі не пакідаюць абыякавымі. Толькі за першыя 20 дзён жніўня было забіта 712 чалавек, якіх проста падазравалі ў дачыненні да нелегальнага продажу наркотыкаў. Прэзідэнт ацаніў такія вынікі як «поспех» і заклікаў паліцэйскіх дзейнічаць у тым жа рэчышчы. Варта нагадаць, што падчас выбарчай кампаніі Дутэртэ прасіў у народа ўсяго шэсць месяцаў на тое, каб высекчы ўвесь філіпінскі наркасектар пад корань.
Энтузіязм філіпінскіх чыноўнікаў шакуе Захад. Там запатрабавалі ад Манілы правесці дэталёвае следства па кожным забітым «наркагандляры». Такое патрабаванне і справакавала Дутэртэ на той самы выраз, што выклікаў цяперашні дыпламатычны скандал.
Нягледзячы на прабачэнне Манілы, Барак Абама адмовіўся ад запланаванай сустрэчы з новым філіпінскім гарантам у межах сустрэчы кіраўніка ЗША з калегамі з азіяцкіх дзяржаў. І такая халодная рэакцыя ў чымсьці зразумелая.
Рэспубліканская апазіцыя ўжо выкарыстала гісторыю з «сынам путаны» ў якасці ілюстрацыі таго, як нізка каціруецца аўтарытэт Злучаных Штатаў у цяперашнія часы адміністрацыі Абамы. «Большасць філіпінцаў сытыя эксцэнтрыкамі з Белага дому. Каментар Дутэртэ быў не экспромтам, а наўмысным — гэта было шчыра. Абама — няўдалы прэзідэнт», — піша адно з кансерватыўных выданняў.
З іншага боку, вельмі моцна ціснуць на Дутэртэ Вашынгтону таксама небяспечна. Праблема наркаманіі вельмі важная для краіны. Філіпіны — рэкардсмен па спажыванні наркотыкаў у Азіі. Паводле ацэнак ААН, прыкладна два працэнты насельніцтва ўжываюць атруту. Нелегальны наркабізнес, відавочна, спрыяе агульнаму росту крыміналу, шэраму сектару, карупцыі. Крытыка антынаркатычнай аперацыі з боку Вашынгтону незразумелая простаму насельніцтву. Дарэчы, шэраг філіпінскіх суддзяў зрабілі заяву, што гатовыя даць кіраўніку сваёй дзяржавы «ліцэнзію на забойства».
Наўрад ці Вашынгтон зацікаўлены ў росце антыамерыканізму на Філіпінах — праз геапалітычныя актуаліі. Філіпіны — стары яблык разладу паміж Вашынгтонам і Пекінам. Канфлікт за акваторыю Паўднёва-Кітайскага мора яшчэ больш узняў стаўкі.
А добрая глеба для антыамерыканскіх і ксенафобскіх забабонаў на Філіпінах у наяўнасці. Тут яшчэ памятаюць пра тое, як Вашынгтон падтрымліваў дыктатуру Фердынанда Маркаса. Не падабаецца шматлікім філіпінцам і тое, што ў Амерыцы папулярны імідж іх краіны як нейкага публічнага дому. Гэты сегмент грамадства «на ўра» сустракае антыамерыканскія выхадкі прэзідэнта. І, магчыма, Дутэртэ сам адчувае, што можа гуляць на падобных тэмах. Перад тым, як ён ахарактарызаваў Абаму «сынам путаны», Дутэртэ назваў пасла ЗША «сынам гея ад прастытуткі».
У такой сітуацыі аналітыкі раяць Беламу дому быць вельмі эластычным у дачыненні да Манілы. Дамінуючая думка — праз дыпламатычныя каналы трэба нагадаць Дутэртэ пра тое, што менавіта Вашынгтон дапамагае часткова ўтрымліваць і трэніраваць філіпінскіх сілавікоў. Быццам бы, гэта прымусіць Дутэртэ не рабіць экстраардынарных крокаў. Схема, нібыта, правільная, аднак да канца ўсё ж не зразумела, як можна мець справу з палітыкам, які дапускаў на твой адрас такія выказванні. Нават за менш брутальныя словы ў мінулыя часы абвяшчалі войны.
Да таго ж нікому не зразумела, якім чынам будуць рэагаваць на апісаныя крокі Вашынгтона ў камандзе Дутэртэ. У тым ліку таму, што падобная лексіка — вельмі важная частка ягонага палітычнага стылю. Увесну каментар Дутэртэ адносна згвалтавання ў Даваа-Сіці 14-гадовай дзяўчынкі выклікаў буйны скандал. Дутэртэ пашкадаваў, што не заняўся гэтым сам. Адным словам, пра Філіпіны і іх новага прэзідэнта мы яшчэ дакладна пачуем.