Ці была альтэрнатыва Версалю?

Сто гадоў таму, пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, у Версалі пачалася мірная канферэнцыя, якая павінна была выпрацаваць прынцыпы мірнага суіснавання ўсіх нацый і народаў. Чаму не атрымалася? І ці была альтэрнатыва Версалю? Гэта — адна з тэмаў дыскусій сучасных гісторыкаў.

Вялікая чацвёрка: (злева направа): Дэвід Ллойд Джордж, Віторыё Эмануэле Арланда, Жорж Клемансо, Вудра Вільсан. Яны падпісалі Версальскія дамовы. Фота www.wikipedia.org

Вялікая чацвёрка: (злева направа): Дэвід Ллойд Джордж, Віторыё Эмануэле Арланда, Жорж Клемансо, Вудра Вільсан. Яны падпісалі Версальскія дамовы. Фота www.wikipedia.org


«Гэта не мір. Гэта адтэрміноўка вайны на 20 гадоў», — гісторыкі любяць цытаваць гэтую фразу французскага маршала Фердынанда Фоша, якую ён сказаў, прачытаўшы канчатковую версію Версальскай дамовы. Як бачым, маршалу можа пазайздросціць нават Настрадамус. Замест стабільнага міру ў Версалі фактычна быў запушчаны механізм падрыхтоўкі да новай, яшчэ больш жудаснай вайны.

Дзе і ў чым памыліліся ўдзельнікі Версальскай канферэнцыі? Асноўны папрок гісторыкаў — краіны Антанты аказаліся занадта помслівымі на адрас Германіі і яе саюзнікаў. Ім выставілі амаль нерэальны рахунак у якасці кампенсацый. Дастаткова сказаць, што толькі ў 2010 годзе ФРГ заплаціла апошні транш у рамках рэпарацый, прапісаных у Версалі. Аднак для Германіі 1919 года тыя выплаты былі амаль немагчымыя. Рэпарацыі, а таксама дэманстратыўнае абмежаванне суверэнітэту краіны зрабілі рэваншызм істотнай часткай нямецкай палітычнай культуры. Гэта ў выніку дазволіла Гітлеру прыйсці да ўлады.

Якой магла быць альтэрнатыва? Замест таго, каб ставіць немцаў на калені, трэба было абмежавацца захопам былых германскіх калоній, а таксама вярнуць французам Эльзас і Латарынгію, кажуць сучаснікі. Рэпарацыі Германія ўвогуле павінна была пачаць плаціць праз дзесяць гадоў. Такім чынам яе эканоміка хутка стабілізавалася б, што легітымізавала б новы дэмакратычны лад і адправіла ў маргінэс палітыкаў накшталт Адольфа Ілаізавіча.

Пагрозу таго, што рост нямецкай гаспадаркі мог дазволіць немцам хутка адрадзіць ВПК з усімі наступствамі, можна было лакалізаваць за кошт шэрагу мерапрыемстваў. Па-першае, стварыць на захадзе краіны шырокую дэмілітарызаваную зону. Па-другое, Антанта магла заблакаваць Кільскі канал — стратэгічны маршрут для рэалізацыі любых нямецкіх вайсковых аперацый. Страхоўкай ад рэнесансу нямецкага агрэсіўнага мілітарызму павінна была стаць палітычная падтрымка баварскага і саксонскага сепаратызмаў…

Сёння шмат палемізуюць пра «польскі калідор» — выхад Польшчы да Балтыйскага мора, які яна атрымала ў Версалі. Праз гэта Усходняя Прусія ператварылася ў нямецкі анклаў, дзе набылі папулярнасць лозунгі тэрытарыяльнага ўз’яднання з Фатэрландам. Вядома, што ў выніку гэта праблема і стала фармальнай прычынай нямецка-польскай канфрантацыі, якая вылілася ў адкрытую вайну. На думку шэрагу цяперашніх гісторыкаў, марскія апетыты Польшчы ў Версалі трэба было ігнараваць. Замест Гданьску палякі маглі б атрымаць нейкую ўсходнюю нямецкую правінцыю.

Версальсая дамова, як вядома, спрыяла росту праварадыкальных настрояў не толькі ў Германіі. Незадаволеныя маленькімі тэрытарыяльнымі набыткамі Італіі мясцовыя ветэраны пачалі фармаваць першыя фашысцкія арганізацыі. Хутка яны захапілі ўладу ў краіне. Такога сцэнару, як лічаць некаторыя спецыялісты, можна было таксама пазбегнуць, аддаўшы Італіі частку цяперашняй Харватыі.

Некаторыя сучасныя гісторыкі лічаць памылкай нават роспуск Аўстра-Венгрыі — яшчэ адно з рашэнняў Версаля. Дробныя дзяржавы, якія паўсталі на рэштках імперыі, маўляў, хутчэй спрыялі хаосу, а не стабільнасці ў Еўропе. Не кажучы пра тое, што некаторыя з іх (Чэхаславакія і Югаславія) праз шматнацыянальны склад насельніцтва патэнцыйна былі палітычна нестабільнымі. Гэта давяла гісторыя: праз 70 гадоў пасля канферэнцыі ў Версалі Чэхаславакія і Югаславія самі зніклі з карты свету.

Прапаноў наконт таго, як магла б выглядаць ідэальная Версальская дамова, хапае. Застаецца толькі прыдумаць машыну часу, каб выправіцца ў Версаль 1919-га і растлумачыць удзельнікам канферэнцыі, што павінна быць напісана ў дакуменце. Але нешта слаба верыцца ў тое, што новая версія Версальскай дамовы выратавала б мір у Еўропе.

Лёгка заўважыць, што амаль усе альтэрнатыўныя версіі Версальскай дамовы сыходзяць з адной устаноўкі: напісаць яе тэкст так, каб у выніку нямецкія нацысты не прыйшлі да ўлады. Пры гэтым чамусьці апрыёры лічыцца, што тыя ж палякі, каб супакоіць нямецкіх рэваншыстаў, на аўтамаце гатовыя былі б адмовіцца ад земляў на Балтыцы, якія належаць ім гістарычна. А нямецкія правыя радыкалы, у сваю чаргу, моўчкі пагадзіліся б на страту ўсіх калоній.

Не бярэцца альтэрнатыўнымі гісторыкамі пад увагу Грама­дзянская вайна ў былой Расійскай імперыі, і ў тым ліку працэс нацыянальнага адраджэння яе народаў. Напрыклад, украінскае пытанне, якое на канферэнцыі ў Версалі амаль ігнаравалі, ужо тады называлі лёсавызначальным для еўрапейскай стабільнасці.

Такім чынам, перапісваць Версальскую дамову няма сэнсу. Тым больш, што, магчыма, запушчаны сто гадоў таму працэс яшчэ працягваецца. Напрыклад, у 2023 годзе заканчваецца тэрмін так званых Лазанскіх дамоваў — часткі Версальскай сістэмы дамоваў. Паводле іх Турцыя адмаўлялася ад усіх нетурэцкіх тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад Асманскай імперыі. Ведаючы Эрдагана, які настальгуе па часах султанаў, няма сумневаў, што працягваць згаданы пункт Лазанскіх дамоваў ён не збярэцца.