Ці дапамогуць ханы Елбасы?

У Казахстане скончыліся маштабныя святкаванні 550-й гадавіны заснавання Казахскага ханства. Пра тое, навошта Назарбаеву спатрэбіўся культ ханаў і што атрымалася, распавядае казахскі грамадскі актывіст Курман Канураў.



kazachstan_kazachskaje_chanstva.jpg

— Калі верыць інтэрнэту, час узнікнення Казахскага ханства застаецца прадметам спрэчак. Чаму менавіта 2015 год быў абраны юбілейным?

— Яшчэ шмат незразумелага з тым Казахскім ханствам. Напрыклад, дасюль не лакалізаваная рэзідэнцыя першых ханаў. Само ханства нават на этапе ўздыму не мела акрэсленых межаў і рэгулярных войскаў. Тое, што замест правядзення гістарычных канферэнцый улады кінуліся святкаваць юбілей, тлумачаць высокай палітыкай.

Хапае спекуляцый, што ідэя святкавання юбілею з’явілася пасля словаў Пуціна аб тым, нібы ў казахаў у мінулым не было дзяржаўнасці. Маўляў, у Астане тыя словы ўспрынялі як намер паўтарыць на поўначы краіны, дзе жыве шмат рускамоўных, крымскі сцэнар. Менавіта пасля сентэнцыі Пуціна ў кастрычніку 2014 года Нурсултан Назарбаеў прапанаваў зрабіць наступны год «годам Казахскага ханства», якое выступае прадвеснікам дзяржаўнасці казахаў. Гэта выклікала лёгкі шок у грамадства, бо раней Елбасы сцвярджаў: «Казахская дзяржава нарадзілася разам з незалежнасцю краіны».

Акрамя таго, уладам так і не ўдалося выпрацаваць кансалідаваную «казахскую ідэнтычнасць». Краіну да гэтага часу ўмоўна дзеляць на Старэйшы, Сярэдні і Малодшы Жузы (каз. «жүз» — «саюз», аб’яднанне казахаў, што склалася гістарычна. — НЧ), і па гэтай лініі час ад часу адбываюцца канфлікты. Тэма ханства павінна была дапамагчы сцэментаваць казахскую ідэнтычнасць.

— Пасля таго, як Назарбаеў анансаваў святкаванні, за год сітуацыя ў Казахстане значна змянілася. З-за падзення міжнародных коштаў на сыравіну нацыянальная валюта патаннела на 75%. Ці паўплываў кепскі стан эканомікі на канцэпцыю свята?

— Безумоўна. Не дарма падчас адкрыцця ў Астане манумента з нагоды 550-й гадавіны Казахскага ханства Елбасы рэкламаваў казахскую стабільнасць і мір. Гэта павінна было неяк кампенсаваць эканамічную турбулентнасць. Юбілей перыядычна спрабавалі трактаваць як акцыю, накіраваную на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі. Маўляў, міма такой падзеі не зможа прайсці казахская грамада ў замежжы. Яна адчуе адказнасць за лёс радзімы і будзе, у тым ліку фінансава, дапамагаць суайчыннікам. Нарэшце, сапраўды, буйныя святочныя мерапрыемствы адцягнулі ўвагу людзей ад паўсядзённых праблем.

— Што ўяўляла сабой святкаванне?

— Гэта была звычайная, вытрыманая ў лепшых савецкіх традыцыях кампанія. Сходы грамадскасці; урокі, прысвечаныя Казахскаму ханству, у школах; юбілейныя канцэрты; адкрыцці помнікаў; спартовыя турніры; тэатралізаваныя імпрэзы. Карацей, стандартны набор. Былі спробы стварыць тэматычныя фільмы, мульсерыял, і нават паставіць балет «Казахскае ханства», аднак на гэта не хапіла часу. Ну і, натуральна, на месцах з-за залішняга імпэту чыноўнікаў узнікалі камічныя сітуацыі. Так, Мінадукацыі рапартавала, што нейкі хлопчык у правінцыі ў гонар заснавальнікаў Казахскага ханства вырашыў зрабіць 550 адцісканняў ад падлогі.

— Як грамадства Казахстана паставілася да незвычайнай акцыі?

— Супярэчліва, паколькі тэма подзвігаў міфічных ханаў вельмі абстрактная, не звязаная з рэаліямі. З іншага боку, шмат каму спадабалася, што ў рамках святкаванняў практычна з нуля аднавілі горад Тараз на поўдні краіны, дзе праходзіла галоўная частка святаў. Незадаволенасць у сеціве выклікала тое, што на святкаванні, будаўніцтва помнікаў, здымкі фільмаў выдаткавалі некалькі мільярдаў тэнге. Называлася лічба ў 123 мільёны долараў ЗША. Некаторыя смяяліся, што дэмакратыі ў Казахскім ханстве было больш, чым у сучасным Казахстане. Не кажучы пра тое, што ханства стварылі ханы-бунтаўнікі, якія збеглі з-пад дыктату ўзбекскага хана.

— Якой была рэакцыя казахскай апазіцыі на юбілейныя мерапрыемствы?

— Шуміха вакол Казахскага ханства была ў тым ліку скіраваная на тое, каб прыцягнуць у праўладны лагер апазіцыянераў-нацыяналістаў. Частка нацыяналістаў сапраўды ўцягнулася ў гэтую тэму. Але збольшага апазіцыянеры намагаліся ігнараваць святкаванне юбілею. Яны ўзгадалі пра Казахскае ханства толькі зараз, пасля таго, як 24 кастрычніка ў Таразе (за савецкім часам Джамбул. — НЧ) нейкі юнак падпаліў сябе перад офісам прэзідэнцкай партыі «Нур Атан». Хаця матывам суіцыду быў канфлікт з паліцыяй з-за наркотыкаў, скандальны нюанс відавочны. Тараз, які ўлады зрабілі сімвалам дзяржаўнасці казахаў, аказаўся сімвалам таго, што казахі ніякіх правоў у сваёй дзяржаве не маюць.

— Ці будзе мець працяг цяперашні інтарэс улады да гісторыі?

— Гледзячы па ўсім, улады не будуць спыняцца на святкаванні юбілея Казахскага ханства. Прынамсі, паводле апошніх словаў Назарбаева, гісторыя казахскага этнасу сыходзіць глыбей, чым 1456 год, калі ўмоўна ўзнікла Казахскае ханства. Ён заклікаў шукаць вытокі казахаў у гісторыі гунаў, сакаў, цюркаў і іншых азіяцкіх намадаў. Афіцыйныя гісторыкі адразу агучылі  версію пра тое, што казахам, магчыма, быў сам Чынгіз-хан. Так што можна смела чакаць новых гучных юбілеяў.