Цяпер з эфіёпам праз Skype не пагутарыш

Выкарыстанне сэрвісаў галасавога камунікавання праз інтэрнэт (VoIP) у Эфіёпіі апынулася пад забаронай. Як паведамляе «Аль-Джазіра», адпаведны закон набыў моц яшчэ 24 траўня, аднак міжнародныя СМІ даведаліся аб гэтым толькі цяпер.



skype1.jpg

Надпіс на малюнку: ты карыстаешся Skype?

Пад забарону падпадаюць, у прыватнасці, такія сэрвісы, як Skype і Google Talk. Іх карыстальнікі, адзначае тэлеканал, могуць трапіць у турму на тэрмін да 15 гадоў. Улады краіны тлумачаць такі крок забеспячэннем нацыянальнай бяспекі і падтрыманнем манаполіі мясцовых тэлекамунікацыйных кампаній.
 

Як дадае TechCrunch, закон таксама замацоўвае за міністэрствам камунікацый і інфармацыйных тэхналогій права кантраляваць і выдаваць ліцэнзіі ўсім недзяржаўным кампаніям, што імпартуюць у краіну абсталяванне, што выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі.
 

7 чэрвеня арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» паведаміла таксама, што адзіны інтэрнэт-правайдар Эфіёпіі, дзяржаўная кампанія Ethio-Telecom, усталявала фільтр на выкарыстанне абанентамі сэрвісу Tor. Tor дазваляе выходзіць у сетку ананімна і абыходзіць усталяваныя правайдарамі забароны.
 

Па стане на 2010 год доступ у інтэрнэт быў у менш чым аднаго адсотка жыхароў Эфіёпіі.

Тым часам расійская кампанія МТС звярнулася ў Раскамнагляд і Мінкамсувязі з патрабаваннем увесці ў Расіі ліцэнзіі для сэрвісаў, што ажыццяўляюць дастаўку сігнала праз інтэрнэт-канал.
 

Адпаведныя лісты некалькі тыдняў назад накіраваў віцэ-прэзідэнт МТС па карпарацыйных і прававых пытаннях Руслан Ібрагімаў. Факт адпраўкі ліста пацвердзілі крыніцы ў адным з ведамстваў, а таксама прадстаўнікі МТС.
 

На думку Ібрагімава, OTT-сэрвісы (Over The Top сэрвісы, да іх адносяцца, у прыватнасці, Skype і Google Talk) робяцца прамымі канкурэнтамі сотавых аператараў, пры гэтым іх дзейнасць ніяк не рэгулюецца. У сувязі з гэтым МТС заклікае вызначыць статус падобных сэрвісаў у якасці ўдзельнікаў рынку.