Ці стала Літва больш цвярозай?
Спаўняецца тры гады прыходу да ўлады ў Літве партыі Саюз сялян і зялёных. Фішкай створанага імі ўраду стала беспрэцэдэнтная з часоў Гарбачова барацьба з «зялёным зміем».
Так склалася, што падчас выбарчых кампаній усходнееўрапейскія палітыкі звычайна робяць стаўку на папулісцкія абяцанні матэрыяльнага характару. У гэтым плане агітацыя Саюза сялян і зялёных на выбарах у Сейм у 2016 годзе выглядала трошкі незвычайна. У выпадку перамогі партыя абяцала выбаршчыкам спыніць алкагалізацыю краіны.
Такая праблема сапраўды існавала. На той час Літва ўтрымлівала першае месца па памерах спажывання моцных напояў у Еўропе. У сярэднім літовец ужываў штогод каля 13 літраў спірту. Для параўнання, жыхар суседняй Польшчы, якую цяжка назваць краем непітушчых, заліваў за каўнер на працягу года каля 10 літраў. Пры гэтым папярэдні літоўскі ўрад асабліва на гэты конт не напружваўся.
Палітолагі сцвярджаюць, што антыалкагольная рыторыка Саюза сялян і зялёных успрымалася «на ўра» выключна некаторымі сегментамі электарату — кабетамі і правінцыяламі. Хутчэй папулярнасці партыі спрыяла дэвальвацыя даверу да старых партыйных брэндаў. Так ці інакш, у кастрычніку 2016-га Саюз сялян і зялёных дарваўся да ўлады і запусціў свой антыалкагольны праект, ідэолагам якога стаў бізнесовец і палітык Рамунас Карбаускіс.
Тое, што Карбаускіс не сябруе з алкаголем, магчыма, выклікана сямейнай спадчынай. Яго бацька Чаславас Карбаускіс быў старшынёй аднаго з літоўскіх калгасаў, які ў СССР лічыўся амаль ідэальным. Ніводны са 150-ці супрацоўнікаў калгасу не браў у рот гарэлкі. Не дзіўна, што гаспадарка квітнела, а сам старшыня быў нават дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Негатыўнае стаўленне да алкаголю, напэўна, атрымаў у спадчыну і сын.
Асноўныя кірункі наступу новага ўраду на алкаголь мусілі быць наступнымі: абмежаванне доступу да алкаголю, забарона яго рэкламы плюс павышэнне ўзроставай мяжы для тых, хто хоча набыць яго. Хутка пачаліся рэформы. Ужо ў 2016 годзе алкагольныя прадукты зніклі з АЗС. У кафэ і рэстаранах алкаголь можна набываць цэлы дзень, аднак вам абавязкова перальюць яго з бутэлькі ў куфаль. Алкаголю абвешчаная і акцызная вайна: пачынаючы з 2017-га акцызы на піва і віно выраслі на 112 працэнтаў, на моцны алкаголь — на 23 працэнты.
Праўда, галоўная ідэя ўраду — імпарт шведскай мадэлі, дзе продаж алкаголю з’яўляецца дзяржаўнай манаполіяй, — падаецца, пакуль не рэалізаваная. Уладальнікі супермаркетаў і вытворцы алкаголю праз сваё парламенцкае лобі блакуюць ініцыятывы ў гэтай галіне. Іх падтрымлівае частка інтэлектуалаў, якія заклікаюць не забараняць, а рэкламаваць здаровы лад жыцця.
Пры гэтым праціўнікі любяць называць антыалкагольныя мерапрыемствы ўраду рэліктам СССР, дзе ўсе сферы былі падпарадкаваныя дзяржаве. Часам іх называюць нават першым крокам на шляху да таталітарнай сістэмы, калі ўся Літва будзе нагадваць калгас бацькі Рамунаса Карбаускіса. Праўда, на латэнтнага камуніста той не падобны. Ён — аматар літоўскай паганскай спадчыны, з’яўляецца куратарам вялікага тэматычнага фолк-фестывалю з выразнымі паганскімі матывамі. Таксама называе сябе не літоўцам, а жмудзінам. На яго баку — частка мясцовай інтэлігенцыі, якая нагадвае, што першыя кампаніі супраць злоўжывання алкаголю літоўцамі былі арганізаваныя Касцёлам яшчэ ў 1860-я гады.
Тым не менш, нейкія вынікі паходу супраць алкаголю ўжо можна падвесці. Дзякуючы новым акцызам у бюджэт прыйшлі дадатковых 80 мільёнаў еўра. За перыяд з 2016 па 2018 год аб’ём спажывання алкаголю сярэднім літоўцам скараціўся на два літры.
Аднак тут таксама шмат пытанняў. Літоўская статыстыка спажывання алкаголю тычыцца толькі мясцовых крамаў. Між тым, у краіне за апошнія часы паўстала мода набываць моцныя напоі ў суседзяў. Найбольшы профіт на антыалкагольных забабонах Вільнюса робіць Рыга: на мяжы з Літвой пабудаваны цэлы гандлёвы комплекс, які абслугоўвае літоўскіх п’янтосаў. Прычым літоўскае піва каштуе там напалову танней, чым у самой Літве.
Такім чынам, казаць пра тое, што Літва стала больш цвярозай, няма падстаў. А магчыма, літоўцы ў параўнанні з 2016-м ужываюць яшчэ больш. У выніку закупаў у Латвіі алкаголь у вялікіх колькасцях складуецца ў дамах літоўцаў, і людзі, як вынік, п’юць больш.