Рэпетыцыя эвакуацыі: як Літва рыхтуецца да аварыі на БелАЭС

У літоўскай вёсцы Магунай, якая месціцца недалёка ад АЭС, ідзе эвакуацыя насельніцтва. У будынку мясцовай адміністрацыі шмат людзей. Жыхары называюць свае прозвішчы, адказваюць на пытанні медыкаў і атрымліваюць таблеткі ёду.

Эвакуатары

Эвакуатары

У вёску забаронены ўезд для звычайных грамадзян. Навукоўцы ў касцюмах хімічнай абароны вымяраюць радыяцыйны фон. Паліцыя і вайскоўцы саджаюць у аўтобусы тых, з кім спецыялісты ўжо адпрацавалі. Ёсць поўнае асэнсаванне, што мы трапілі ў серыял “Чарнобыль”.
З Магунай да Вільні — сталіцы Літвы — каля 40 кіламетраў.
“Быў выбраны самы горшы сцэнар, па якім Літва дакладна не ведае, што адбылося. Прыборы, якія працуюць на мяжы, паказваюць высокі ўзровень забруджвання, — распавядае спецыяліст па сувязях з грамадкасцю МУС Літвы Рэната Рэмекайтэ. — Зразумела, мы імітуем, але ў рэальнасці вецер дзьмуў бы менавіта ў бок вёскі і далей на Вільню”.


Па легендзе, літоўскія навукоўцы заўважаюць павышэнне радыяцыйнага фона ў 30-кіламетровай памежнай зоне, а з боку афіцыйнага Мінску няма ніякіх заяваў і паведамлянняў пра аварыю на Беларускай АЭС. Па ўсёй Літве гудзе сірэна, якая папярэджвае пра радыяцыйную небяспеку. На мабільныя тэлефоны жыхарам прыходзяць экстраныя паведамленні. У краіне пачынаецца эвакуацыя.
Ролю “эвакуяваных жыхароў” граюць мясцовыя школьнікі. Замест таблетак ёду ім выдаюць звычайныя цукеркі. Разгортваючы іх, яны распавядаюць адно адному, як сябе паводзіць пры радыяцыйнай небяспецы.
Стаўленне да вучэнняў тут вельмі сур’ёзнае. Медыі актыўна пішуць пра іх і пра кантэкст, у якім яны праводзяцца. Па паштовых скрынях раскідваюцца ўлёткі з рэкамендацыямі, што рабіць пры ядзерным выбуху.
Рэгістрацыя жыхароў Магунай сканчваецца, і аўтобусы ў суправаджэнні паліцэйскіх машын вырульваюць на трасу. Людзей вывозяць на ўсход Літвы, у горад Швянчоніс, ад якога каля 85 кіламетраў да Вільні.


Адзін з валанцёраў, школьнік Эдвін распавядае Еўрарадыё, што пагадзіўся на ўдзел у вучэннях, бо было цікава. У тое, што аварыя на АЭС сапраўды магчымая, ён не верыць.
“Мы ведаем, што будуецца ў Астраўцы, але асабіста я не баюся, — кажа хлопец. — Дзякуючы сучасным тэхналогіям паўтору Чарнобыльскай аварыі не адбудзецца”.
Але Эдвін дадае, што ў яго краіне нямала людзей, якія баяцца запуска БелАЭС. Шмат хто ведае пра наступствы аварыі Чарнобыльскай катастрофы.
Усю дарогу да Швянчоніса гучыць паліцэйская сірэна. Сустрэчныя машыны з’язджаюць на ўзбочыну і спыняюцца, каб прапусціць транспарт з “забруджанай” тэрыторыі. Дарога займае менш як гадзіну.
У Швянчоісе нас чакаюць намёты, дзе апрацоўваецца абутак і вопратка жыхароў. Навукоўцы вымяраюць узровень забруджвання і выдаюць людзям іншую вопртатку.


Мужчына сталага веку назірае за тым, што адбываецца. У размове з Еўрарадыё Віктарас кажа, што ў Літве шмат хто дапускае магчымасць выбуху на станцыі ў Астраўцы:
“Шмат залежыць ад персаналу, які будзе працаваць. Гэта небяспечная справа. Кожны хоча жыць… Такога [выбух на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. — Еўрарадыё] не павінны дапусціць”.
Віктарас прыгадвае, што ў Літве працавала Ігналінская АЭС, “але ўсё абыйшлося”. Станцыю пазней зачынілі перад тым, як Літва ўступіла ў Еўрасаюз.  
Кіраўнік парламенцкага камітэту па нацыянальнай беспецы Літвы Дайнус Гайжаўскас распаёў Еўрарадыё, што літоўскі Сейм займаў і працягвае займаць пазіцыю супраць будаўнітва БелАЭС. Да кіраўніцтва Літвы дайшла інфармацыя, што за час будаўніцтва станцыі адбылося некалькі надзвычайных выпадкаў. Праз гэта АЭС успрымаецца як небяспечная ўдвая.
“Літоўская Рэспубліка ніколі не пагодзіцца, каб гэтая станцыя запусцілася. Сама будоўля і праца станцыі ўжо нелегітымныя, — гаворыць Дайнус Гайжаўскас. — Ведаючы пра выпадкі інцыдэнтаў падчас будоўлі і спробы іх схаваць, Літва будзе рабіць усё супраць запуска. А калі Беларусь будзе ігнараваць міжнародныя патрабаванні, і станцыя запрацуе, наш абавязак — быць падрыхтаванымі”.

31litva.jpg

Дзесяць гадоў таму, калі прымалася рашэнне пра будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы, беларускія чыноўнікі разлічвалі прадаваць электраэнергію ўсім суседнім дзяржавам. Цяпер жа, слухаючы літоўцаў, мімаволі думаеш, што з большай верагоднасцю можа здарыцца ў будучыні: тое, што Літва зменіць пазіцыю і пачне набываць электрычнасць з БелАЭС, ці сапраўдная эвакуацыя вёскі Магунай і іншых ваколіцаў станцыі.
Паводле Рамана Васюковіча, euroradio.fm. Фота Рамана Пратасевіча