У Літве рыхтуюцца да аварыі на БелАЭС
У Літве 1 кастрычніка ладзяцца агульнанацыянальныя вучэнні па грамадзянскай абароне на выпадак аварыі на БелАЭС, піша Белсат.
Пра вучэнні паведамляе сайт pagd.lrv.lt.
Паводле легенды вучэнняў, сістэма маніторынгу ў краіне фіксуе павышаны ўзровень радыяцыі, у той час як афіцыйны Менск нічога не кажа пра аварыю на БелАЭС. Вучэнні павінны прадэманстраваць, наколькі добра ўлады гатовыя рэагаваць і выконваць свае функцыі ў такіх сітуацыях.
«Мы павінны ўспрымаць гэтыя вучэнні адказна і сур’ёзна. Насельніцтва пачуе сірэны, і на мабільныя тэлефоны будуць прыходзіць паведамленні. Нават адно паведамленне, атрыманае своечасова, можа дапамагчы перадухіліць катастрофу. Не трэба саромецца клапаціцца пра сваю бяспеку – наведайце літоўскі сайт па падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацыяў lt72.lt і падрыхтуйце тэлефоны ў адпаведнасці з інструкцыямі», – падкрэслівае міністр унутраных справаў Літвы Рыта Тамашуніен.
Згодна з планам вучэнняў 1 кастрычніка тыя, хто пачуе сірэны, павінны неадкладна ўключыць радыё ці тэлевізар, каб даведацца пра непасрэдныя пагрозы і інфармацыю пра бяспеку.
У другой палове дня ў Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы будзе склікана ўрадавая камісія па надзвычайных сітуацыях на чале з міністрам унутраных справаў Рытай Тамашуніене. Падчас пасяджэння Камісія прызначыць кіраўніка аператыўнага цэнтру для правядзення вучэнняў.
БелАЭС ужо мае шэраг хібаў
Генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энергіі «Росатом»: Аляксей Ліхачоў 24 верасня заявіў, што першы блок БелАЭС гатовы на 97 %. У сваю чаргу эколагі мяркуюць, што расейскія ацэнкі гатовасці першага энергетычнага блоку БелАЭС могуць сур’ёзна разыходзіцца з рэальнасцю.
Мала таго СК Беларусі распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 252 КК (камерцыйны подкуп) у дачыненні да начальніка ўпраўлення вентыляцыі і сістэмаў пажаратушэння расейскай кампаніі «Атомстройэкспорт» Дзмітрыя Зіноўева. Паводле следчых няякасная праца Зіноўева прывяла да таго, што на БелАЭС усталявалі вентыляцыйныя агрэгаты і клапаны для затрымання агню без праходжання кантролю. Таксама вентыляцыйнае абсталяванне ставілі без неабходнага кантролю. Выяўленыя дэфекты могуць прывесці «да збояў у працы сістэмы ў цэлым».