80 гадоў без Вільні

Вельмі часта абвінавачванні ў нацыяналізме, у тым ліку ў тым, што яны спяць і бачаць, каб забраць Вільню ў літоўцаў, закідалі БНФ і асабіста яго лідару Зянону Пазьняку. Між тым, адна сенсацыйная падзея сведчыць якраз пра адваротнае.

viln_18.jpg


Толькі цікаўныя скончылі дыскутаваць наконт таго, ці пасуе на нацыянальнае свята дата 17 верасня 1939 года, калі аб’ядналіся Заходняя Беларусь ды БССР, як на падыходзе яшчэ адна розгаласная падзея, звязаная з нашымі нацыянальнымі комплексамі ды фетышамі. Гаворка пра тое, як 80 гадоў таму Сталін перадаў Вільню літоўцам. Што гэта было? Як замест Віленскай вобласці ў складзе БССР утварылі — нібы, як сказалі б сёння, тролінг — усяго толькі Вілейскую? І ці варта моцна шкадаваць?

Саюзнікі-агрэсары СССР ды Германія паводле дадатковага сакрэтнага пратаколу да пакту Молатава–Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 года збіраліся падзяліць захопленыя тэрыторыі не зусім так, як у выніку атрымалася. Першапачаткова планавалася, што БССР узбуйняць такім чынам, што яе мяжа будзе аж пад Варшавай. Літва ж нібыта адыходзіла немцам: абодва бакі прызнавалі яе інтарэсы датычна Віленскай вобласці. Што праўда, межы не акрэсліваліся. Але праз некалькіх тыдняў акупацыяў з абодвух бакоў пратакол па перадзеле Еўропы перапісалі: Масква аддавала пад кантроль Берліна землі цэнтральнай Польшчы, а ўзамен атрымлівала ў сваю сферу ўплыву Літву.


«Запаветнае жаданне» — Вільня ў БССР

Чырвоная Армія лёгка ўзяла Вільню 19 верасня. Беларускія адраджэнцы публічна віталі, як меркавалася, хуткае далучэнне Віленшчыны да БССР, — напрыклад, былы прэм’ер Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч. Прынамсі, у Заходняй Беларусі Вільня была надзвычай важным культурным і духоўным цэнтрам. Нацыянальна арыентаваныя камуністы ў бээсэсэраўскім Мінску таксама цешыліся чаканым вяртаннем «крывіцкай Меккі».

Было створана Часовае ўпраўленне Віленскага краю і Вільні, дзе верхаводзілі якраз пасланцы з Мінска. 7 кастрычніка на Лукішскай плошчы адбыўся вялізны 75-тысячны гарадскі мітынг працоўных ды інтэлігенцыі. Вось што пісала пра яго газета «Віленская праўда», першы нумар якой выйшаў 22 верасня: «Нябачанае і небывалае ў гісторыі старажытнага горада свята»; «З мільёнаў сэрцаў працоўных нясецца аднадушнае жаданне з’яднацца з Савецкай Беларуссю». Пра такое «запаветнае жаданне» гаварылася і ў адмысловым звароце ўдзельнікаў мітынгу да «роднага бацькі, вялікага сябра, настаўніка і правадыра працоўных усяго свету» — да Іосіфа Сталіна.

vilnia2.jpg

Яму таксама паведамлялася, што адпаведны наказ дадзены ўсім выбраннікам у Народны сход Заходняй Беларусі, выбары ў які прайшлі пры канцы кастрычніка 1939 года: «Галасуйце за далучэнне Заходняй Беларусі да Савецкай Беларусі як раўнапраўнай часткі вялікага Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Адначасна гучала падтрымка справе нацыяналізацыі банкаў, буйных прамысловых прадпрыемстваў і канфіскацыі памешчыцкіх земляў. І вера ў лепшыя часіны: «Для ўсіх нас пасля 20 гадоў цёмнае ночы адкрытая дарога да прамяністай будучыні. Мы будзем сагрэтыя сонцам Сталінскай Канстытуцыі». Цэнтральныя газеты ў БССР таксама радасна абвясцілі, што Вільня зноў беларуская, і сталі абгрунтоўваць, чаму ў гэтым ёсць гістарычная справядлівасць. Пісалі і пра планы беларусізацыі Віленскага краю пачынаючы з адкрыцця беларускіх школаў...

Але ўжо 14 кастрычніка «Віленская праўда» выйшла з матэрыяламі на першай старонцы пра заключэнне 10 кастрычніка дамовы, паводле якой СССР перадаваў Літве Вільню і Віленскую вобласць. У дамове гэта было пададзена як «справядлівае вырашэнне пытання аб дзяржаўнай прыналежнасці горада Вільня і Віленскай вобласці, незаконна адрынутых Польшчай ад Літвы».

vilnus_montage__2016_.png


«Ідэя фікс» літоўцаў

Трэба адзначыць, што літоўскія палітыкі доўгі час і вельмі ўпарта намагаліся, каб Вільня была іх. У 1920-я і 1930-я, хаця горад быў у складзе Польшчы, літоўцы ў сваёй Канстытуцыі пісалі, што менавіта Вільня — сапраўдная сталіца. Коўна ж называўся сталіцай часовай. Як толькі Чырвоная Армія заняла Вільню, літоўцы адразу папрасілі Сталіна перадаць яе ім. Пачаўся перамоўны гандаль.

І ў выніку савецкае кіраўніцтва перадало горад незалежнай Літве наўзамен за размяшчэнне савецкіх ваенных базаў. Жыхары Літвы ў тыя дні іранізавалі, што Вільня нарэшце іх, але яны, па ўсім, пад Расіяй. Вельмі хутка гэтак сталася і фармальна: ужо ў 1940 годзе Літоўская ССР аказалася часткай Савецкага Саюза. Верагодна, што з разлікам на такое развіццё падзеяў, каб усё прайшло гладка, Сталін і аддаваў Вільню Літве. Было ў Масквы хіба і такое меркаванне, што Вільня можа паспрыяць хвалі нацыянальнага ўздыму беларусаў, што ішло б насуперак хвалі русіфікацыі і рэпрэсіяў.

Па сутнасці, Масква аддала частку тэрыторыі Беларусі замежнай дзяржаве, якой была тады незалежная Літва. Для літоўцаў жа прыдбанне культавай Вільні стала платай за страту незалежнасці. Зрэшты, тамтэйшыя палітыкі і гісторыкі часта прытрымліваліся такой пазіцыі, што гэта не Сталін ім падарыў Вільню, а яны яе ўскосна заваявалі. Што праўда, на момант перадачы Вільні Літве юрыдычна яна не была ў складзе ні БССР, ні СССР. Аднак пасля ўключэння Літоўскай ССР у склад Савецкага Саюза ў 1940 годзе ад БССР ёй адшчапілі ў дадатак ладны кавалак зямель з гарадамі Свянцяны і Друскенікі (Швянчоніс і Друскінінкай цяпер) з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек.

Замест Віленскай вобласці ў БССР была створана Вілейская, «Віленская праўда» пераехала туды і стала называцца «Вілейскай праўдай». Разам з Вілейскай утварыліся яшчэ чатыры новыя вобласці — Баранавіцкая, Брэсцкая, Пінская ды Беластоцкая. З Беластокам Масква датычна беларусаў учыніла тое самае, што і з Вільняй. 27 ліпеня 1944 года Беласток быў вызвалены войскамі 2-га Беларускага фронту і вернуты ў склад БССР. Але, паводле пагаднення паміж савецкім і польскім урадамі, ужо 20 верасня Беласток з ваколіцамі быў перададзены Польшчы.

vilnia1.jpg


Як беларускія дэпутаты адбіралі Вільню

Вельмі часта абвінавачванні ў нацыяналізме, у тым ліку ў тым, што яны спяць і бачаць, каб забраць Вільню ў літоўцаў, закідалі БНФ і асабіста яго лідару Зянону Пазьняку. Між тым, адна сенсацыйная падзея сведчыць якраз пра адваротнае.

Мала хто ведае пра тое, як у 1990 годзе кіраўніцтва БССР забірала ў Літвы Вільню. Прычым гэта былі не проста размовы, а афіцыйная заява прэзідыуму Вярхоўнага Савету за подпісам спікера Мікалая Дземянцея. Яна была прынята 29 сакавіка пасля таго, як Літва 11 сакавіка першай з рэспублік былога СССР абвясціла незалежнасць. Дакладней, Вярхоўны Савет Літоўскай ССР на чале з Вітаўтасам Ландсбергісам, лідарам грамадска-палітычнага руху «Саюдзіс», прыняў Акт аб узнаўленні незалежнасці Літвы.

У заяве камуністаў з Вярхоўнага Савета БССР, якія раптам сталі нацыяналістамі, гаварылася: «Тым, хто робіць у Літве спробы па ўвядзенні ў дзеянне Канстытуцыі Літвы ад 12 траўня 1938 года, трэба ўлічваць, што ў 1938 годзе тэрыторыя Літоўскай рэспублікі была зусім іншай, і толькі ў выніку рашэнняў вышэйшых органаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Літоўскай рэспубліцы і Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы былі перададзеныя спрадвечна беларускія тэрыторыі. Пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР Беларуская ССР не будзе лічыць сябе звязанай усімі законамі, указамі і іншымі актамі адносна перадачы Літве часткі беларускіх зямель».

Вось што згадвае пра шум вакол гэтай заявы лідар БНФ Зянон Пазьняк у адным са сваіх артыкулаў: «У Вільні шок. З “Саюдзісу” пастаянна званілі ў БНФ, прасілі прыехаць дапамагчы ўладзіць пытанне. Мы цудоўна разумелі, што гэта несур’ёзная маскоўская гульня, што Мікалай Дземянцей — круглая пешка, і што Крэмль хоча знішчыць БНФ і ўмацаваць у Вільні камуністаў. У адмысловым паведамленні БНФ ацаніў намеры Масквы і выступ Дземянцея як “палітычны шантаж”. Не больш. Ніхто сур’ёзна заявы Дземянцея не ўспрымаў. Такія, як Дземянцей, ніколі не будуць змагацца за вяртанне Вільні. Яны (камуна-расійскае кіраўніцтва БССР) не пярэчылі Сталіну і здалі Вільню, растаптаўшы волю віленчукоў, гатовыя былі прадаць Маскве ўсю Беларусь і сто разоў самі прадацца».

Тым часам працягваюць тужліва блукаць па вулачках Вільні патрыёты з кожнага пакалення беларусаў. І ў кожным пакаленні разгортваецца дыскусія пра тое, што было б, калі б Вільня аказалася-такі ў складзе БССР, а цяпер Беларусі. Нярэдка можна прачытаць-пачуць пазіцыю, якую выклаў у вершы «Сталіца» паэт Зніч (Алег Бембель):

Дзякуй Богу, што Вільню забралі.

Бо каб нашай сталіцай была,

У руінах бы храмы ляжалі

На пагосце з бетону і шкла…


А што думаеце вы?