Чаму ірландцаў абразіла бульба ў падручніку?

Ірландская супольнасць абурылася спробамі выявіць ужыванне ірландцамі бульбы як нешта негатыўнае і архаічнае. Усё пачалося з таго, што мясцовае Мінадукацыі замовіла нейкаму выдаўцу стварыць школьны падручнік, які мусіў матываваць школьнікаў развівацца, падарожнічаць, пазітыўна ўспрымаць нешта новае і г.д. 

Бульба. Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Бульба. Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Аўтары школьнага падручніка для выканання пастаўленай задачы вырашылі выявіць на яго старонках дзве сям'і антаганістаў. Сваякі з першай (пазітыўны прыклад) вядуць актыўны грамадскі лад жыцця, кантактуюць з замежнікамі, цікавяцца культурнымі традыцыямі мігрантаў і г.д.  

А вось у якасці негатыўнага прыкладу была намалявана беласкурая, рудавалосая ірландская сям'я на нейкай закінутай ферме. У тэксце гаворыцца, што гэта сям'я есць «бульбу кожны дзень» і «не любіць пераменаў або адметнасцяў». Дзяцей тут прымушаюць танцаваць выключна нацыянальныя танцы. Ім таксама забаронена гуляць у «замежныя гульні» ці глядзець фільмы, знятыя за межамі Ірландыі.

Падручнік адразу выклікаў абурэнне, у тым ліку сярод мясцовага палітыкуму. Многія палітыкі выступілі супраць «стэрэатыпізацыі ірландскай сям'і». Так, партыя левых нацыяналістаў Sinn Fein заявіла, што змест падручніка пераклікаецца з «карыкатурамі на ірландскія сем'і, якія маляваліся ў расісцкіх вобразах на працягу пакаленняў». У выніку выдаўцы пагадзіліся з тым, што падручнік выкарыстоўвае «перабольшванні і гіпербалы», а дзяржава канфіскавала абразлівы падручнік з школьных бібліятэк. 

Чаму ірландцы так трапятліва ставяцца да бульбы, якая, дарэчы, патрапіла ў Ірландыю прыкладна ў 1590 годзе?  

Пакінем убаку такія аспекты, як наяўнасць у бульбе шмат якіх вітамінаў. Справа ў іншым. Бульба дазваляла ірландцам выжываць у вельмі цяжкіх эканамічных умовах. Абсалютная большасць з іх арандавалі зямлю ў англійскіх памешчыкаў, на якой вырошчвалі менавіта бульбу. Гэтая культура забяспечвала стабільны і дастатковы ўраджай на параўнальна невялікіх кавалках зямлі. 

Нядзіўна, што неўраджай бульбы ў 1840-х гадах меў наступствам масавы голад. Па яго выніку праз смерці і эміграцыю насельніцтва выспы скарацілася на 25%. Прычым, тысячы людзей, і без таго аслабленых голадам, паміралі падчас міграцыі. У 1847 годзе караблі, якія накіроўваліся да берагоў Канады, сталі зваць «плывучымі трунамі». З 100 тысяч іх пасажыраў прыкладна 16 тысяч памерлі ў дарозе або неўзабаве пасля прыбыцця да месца прызначэння. 

Эмігранты пакідаюць Ірландыю, Генры Эдвард Дойл. Ілюстрацыя з прадмовы да першага выдання " Ілюстраванай гісторыі Ірландыі з 400 па 1800 год н.э." Мэры Фрэнсіс К'юсак

Эмігранты пакідаюць Ірландыю, Генры Эдвард Дойл. Ілюстрацыя з прадмовы да першага выдання " Ілюстраванай гісторыі Ірландыі з 400 па 1800 год н.э." Мэры Фрэнсіс К'юсак

Дарэчы, ірландскі палітыкум даўно прапануе аб'явіць бульбавы голад 1847 году актам генацыду з боку Лондана. Брытанская эліта сапраўды абыякава глядзела на пакуты ірландцаў. «Ірландыя паходзіць на паўгалоднага пацука, які пераходзіць дарогу слану. Што ж з ёй рабіць слану? Растаптаць яго», — так у сярэдзіне XIX стагоддзя адгукнуўся аб Ірландыі адзін брытанскі публіцыст, фіксуючы тым самым дамінуючы палітычны вектар. Ангельцы лічылі, што дапамога грамадзянам не ўваходзіць у абавязкі дзяржавы, паколькі аддавалі перавагу не ўмешвацца ў працэсы на свабодным рынку.

Татальная залежнасць ірландскіх фермераў-арандатараў ад бульбы стала крыніцай шматлікіх уніжальных мянушак з боку ангельцаў. Нават само слова «ірландскі» выкарыстоўвалася як насмешлівы сінонім тэрміну «бульбяны». Яшчэ ў XIX стагоддзі з'явілася і шмат англійскіх шавіністычных анекдотаў на гэты конт, у тым ліку некарэктных, якія намякаюць на Вялікі голад 1847-га. 

Напрыклад, наступны:

— Колькі бульбін трэба, каб забіць ірландца? 

— Ніводнай? 

У гэтым кантэксце нядзіўна, што бульба стала як мінімум важнай складовай нацыянальнай ідэнтычнасці ірландцаў. Акрамя таго, менавіта калектыўная псіхалагічная рана ад бульбавага голаду ў XIX стагоддзе стала падмуркам для новай рэдакцыі ірландскага нацыянальнага руху.

З іншага боку, трэба прызнаць, што бульба даўно не галоўная частка меню абсалютнай большасці ірландцаў. У гэтым кантэксце цяперашняя  кампанія ў абарону старых стэрэатыпаў выглядае трошкі штучнай. Напэўна ў ХХІ стагоддзі ірландцам (як, дарэчы, і іншым нацыям) патрэбна новая формула нацыянальнай ідэнтычнасці.