Чарнобыльская катастрофа агульная, музей адзін

«Est dolendi modus, non est timendi. Ёсць мяжа ў смутку, але няма яе ў трывогі», — гэтымі словамі сустракае наведвальнікаў Нацыянальны музей «Чарнобыль» у Кіеве.

ekskursija_1_logo.jpg

Найбольшы след Чарнобыльская трагедыя пакінула менавіта на беларускай зямлі: тысячы жыхароў, адселеных з забруджанай тэрыторыі, апусцелыя дамы, пакінутая зямля. Забруджванне радыеактыўным цэзіем-137 выглядае так: Украіна — 6,9% ад агульнай плошчы, Расія — 0,34%, ад еўрапейскай часткі — 1,46% і Беларусь — 23,3% тэрыторыі.

karta_3_logo.jpg

Калі я апынулася па справах у Кіеве, наведала адзіны ў свеце тэматычны Чарнобыльскі музей. У Беларусі хіба толькі ў Хойніках у складзе краязнаўчага музея існуе невялікая экспазіцыя, прысвечаная аварыі на ЧАЭС, але адмыслова туды не паедзеш, хіба ў складзе цікавага тура. У 2014 годзе Гомельскае абласное ўпраўленне МНС заклікала грамадзян дапамагчы з экспанатамі, каб у будучыні ў горадзе з’явіўся музей Чарнобыля, ды калі тое яшчэ будзе! Сёння нават беларускі віртуальны музей чарнобыльскай катастрофы, створаны тры гады таму да 30-годдзя па даручэнні Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС, ужо недасяжны па заяўленых адрасах: чернобыль.бел і chernobyil.by.

А вось музей Чарнобыля ва ўкраінскай сталіцы знаходзіцца ў самым цэнтры, на Падоле, побач з Андрэеўскім спускам, помнікам асветніку-гуманісту Георгію Скаварадзе, дзе ў скверыку і ўдзень, і ўвечары спакойна сабе тусіць моладзь. Дабрацца да яго і знайсці не складана, тут заўсёды шмат народу.

karta_1_logo.jpg

Адразу на ўваходзе направа размешчаная часовая выстава лялек народнай украінскай мастачкі, злева — каса і невялічкая японская экспазіцыя, звязаная з аварыяй на Фукусіма–1 у 2011 годзе.

Квіток у музей каштуе 24 грыўні, гэта недзе 1 рубель 80 капеек, і асобная даплата за фатаграфаванне па жаданні. Калі наведваць экспазіцыю без экскурсавода, то варта браць аўдыёгід, інакш многія моманты застануцца незразумелымі. Расповед падрабязны, доўжыцца паўтары гадзіны. Замежнікаў прыходзіць шмат, аўдыёгіды — на 6 мовах, яны вельмі запатрабаваныя і на ўсіх не хапае.

Cкульптуры на ўваходзе ў музей і выгляд агульны. 

Cкульптуры на ўваходзе ў музей і выгляд агульны. 

За дзве гадзіны ад пачатку працы музей ужо наведалі каля 140 чалавек. Каля інфармацыйнай стойкі набывае квіткі сям’я палякаў. На жаль, на польскай мове аўдыёгіду няма. Няма і буклетаў — кажуць, калісьці выпускалі, ды яны скончыліся, новыя падрыхтаваць пакуль не выпадае. Таксама разабралі сувеніры — памятныя драўляныя медалі. Але ж асноўнае — гэта ўражанні, яны абавязкова застануцца!

На касе ў музей

На касе ў музей

Створаны і адкрыты 27 гадоў таму, музей на сённяшні дзень наведалі каля 2,5 мільёна чалавек з 120 краінаў свету, штомесяц глядзяць экспазіцыю прадстаўнікі 50–60 краін. Пасля Фукусімы здарылася новая хваля цікавасці, а па кансультацыі ў музей звяртаюцца кінадакументалісты, здымаюць стужкі. Некаторыя наведвальнікі прыходзяць і не адзін раз.

Выстава лялек, медалі

Выстава лялек, медалі

Экспазіцыя музея насамрэч багатая: мноства прадметаў, дакументаў, фотаздымкаў, цікавых рэчаў — каля 9000 экспанатаў і вельмі шмат інфармацыі. Здаецца, усяго адзін паверх з чатырох залаў ды лесвіца — я сама правяла там некалькі гадзін.

Падымаюся па прыступках, чытаю назвы спусцелых украінскіх населеных пунктаў — так, выключна ўкраінскіх, беларускі бок у музеі не адлюстраваны. Рушнік. Звон. Абраз. Першая зала. Макет станцыі, ліквідатары ў паветры. На ўсіх вітрынах — адваротны адлік.  

Адваротны адлік

Адваротны адлік

Група школьнікаў. Экскурсавод паказвае, як працуе дыярама, што знаходзіцца пасярэдзіне залы. Дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы — шмат што можна памацаць рукамі. У 2010 годзе з’явіліся інфармацыйныя тэрміналы — базы дадзеных, інтэрактыўная віктарына на ўкраінскай, рускай і англійскай мовах.

Маю ўвагу прыцягвае тумба з электронным экранам, дзе на карце паказана, як распаўсюджвалася радыяцыя.

Экалагічная карта свету з усімі пазначанымі атамнымі дзеючымі станцыямі і тымі, што зачыненыя альбо будуюцца, шкоднымі хімічнымі вытворчасцямі, забруджанымі тэрыторыямі. На ёй пакуль няма нашай Астравецкай АЭС, бо карта 2012 года і патрабуе ўжо ўдакладненняў.

Што з сябе ўяўляе рэактар АЭС, чаму менавіта такія рэактары РБМК-1000 (рэактар вялікай магутнасці канальны) былі ў Савецкім Саюзе, у чым спецыфіка атамнай энергетыкі савецкай дзяржавы, бо ні ў адной іншай краіне свету такіх не было.

lesvica_1_logo.jpg

Размаўляю з навуковай кіраўніцай музея Ганнай Вітальеўнай Каралеўскай, якая працуе ад самага пачатку, з 1992 года.

— Ініцыятыва зыходзіла ад пажарных Кіеўскай вобласці, якія першымі выехалі на месца аварыі, шасцёра іх таварышаў загінулі. Для стварэння музея, дзеля ўшанавання памяці пажарных, запрасілі спецыялістаў, а мы ўжо адчулі неабходнасць больш шырокага падыходу і стварэнні музея нацыянальнай трагедыі. За чатыры гады экспазіцыя была абноўленая на 80 працэнтаў, калі ў 1992 годзе ў нас было 250 экспанатаў, то ў 1996-м іх стала ўжо 7000. З тых, хто пачынаў, сёння я засталася адна, калегі сышлі з жыцця.

Музей атрымаў статус нацыянальнага, павялічыўся штат да сямі навуковых супрацоўнікаў, хоць і іх замала для таго, каб, скажам, актыўней папаўняць сайт — тут патрэбны дадатковы спецыяліст. Па словах спадарыні Ганны, чалавечых рэсурсаў не хапае, бо музей жывы, ён развіваецца, адначасова працягвае збіраць экспанаты, вядзе выставачную працу, арганізоўвае студэнцкія канферэнцыі. Аднак асноўная складанасць заключаецца ў тым, што многія артэфакты, рэліквіі радыяцыйна забруджаныя, таму не могуць быць прадстаўленыя. Тое, што знаходзіцца на экспазіцыі, прайшло дэзактывацыю, альбо гэта інсталяцыі. Карты і дакументы з малымі дозамі забруджвання пэўным чынам упакаваныя. Усё бяспечна, узровень радыяцыі вымяраецца ў рэальным часе, ёсць два датчыкі, адзін з іх на ўваходзе.

Наведвальк пакідае запіс у кнізе водгуках

Наведвальк пакідае запіс у кнізе водгуках

«У зоне адчужэння сама я была каля 20-ці разоў, калі не больш, — распавядае Каралеўская. — Першыя гады мы нават ездзілі без дазіметраў — не было іх. Збіралі экспанаты, потым тут замяралі і вывозілі назад. На тэрыторыі да 2000 года знаходзілася дзеючая АЭС, якая давала электраэнергію, працягвалася дэзактывацыя, навука развівалася, там працавалі тысячы людзей, забяспечвалі яе функцыянаванне.

Сёння ў інтэрнэце вельмі шмат усялякіх міфаў, фэйкаў, звязаных з Чарнобылем, многія гады тэма была сакрэтная, дый цяпер яна не зусім адкрытая, але мы мусім гаварыць пра гэта дзеля будучыні. І нашу задачу бачым у тым, каб зрабіць інфармацыю даступнай лю­дзям рознага ўзросту і рознай адукацыі. Распрацавана цэлая праграма менавіта экалагічнай накіраванасці для школьнікаў, студэнтаў, дзяцей, пачынаючы з пяці гадоў, якіх мы знаёмім з асновамі бяспекі жыцця».

terminal_logo.jpg


Цікаўлюся ў спадарыні Ганны пра сувязі паміж нашымі краінамі, музейнае супрацоўніцтва. Фактычна ўсялякія кантакты адсутнічаюць за выключэннем пары выпадкаў:

— Я бывала ў Беларусі, знаёмая з беларускімі ліквідатарамі. Напрыканцы 2000 года тагачасны прэм’ер наведваў наш музей, падарыў карціну (мы размясцілі яе ў экспазіцыі) і прасіў мяне дапамагчы стварэнню музея Чарнобыля ў Мінску. Але далейшага працягу не было, на жаль.

У 2007 годзе нас запрасілі ў Мінск на праваслаўную канферэнцыю святароў, якія служаць у зоне адчужэння і на забруджаных тэрыторыях. Яна праводзілася пад эгідай МНС, я выступала з дакладам і адчула, што нейкай зацікаўленасці да нас ужо няма. Сумна, але мы адсочваем сітуацыю, таму што пра Беларусь таксама гаворым, атрымліваем беларускія матэрыялы.

fukusima_logo.jpg

Сапраўды шкада, бо кіеўскі музей Чарнобыля арганізуе і праводзіць розныя мерапрыемствы, сярод якіх і мастацкія выставы, возіць іх у еўрапейскія краіны. Здаецца, беларусы павінны ў тандэме працаваць над гэтай тэматыкай, мець шчыльныя сувязі, бо аварыя на ЧАЭС — тэхнагенная катастрофа наднацыянальнага ўзроўню.

Так, прыкра, што беларуская ўлада і народ не знаходзяць адну мову — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Замест зберагання памяці — міліцэйскія кардоны і дручкі на «Чарнобыльскі шлях», бо гэта апазіцыйная акцыя. Дык зрабіце яе сваёй, выйдзіце таксама шчыльнымі радамі са сваімі дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сцягамі, праводзіць жа БРСМ Дні вышыванкі! Не народ знаходзіцца ў апазіцыі да ўлады, гэта чыноўнікі, прадстаўнікі ўлады знаходзяцца ў апазіцыі да свайго народа, да ягоных праблем, да ягоных турбот.