Далоў слана, далоў асла!
Хаця ЗША лічацца краінай з двухпартыйная сістэмай, на прэзідэнцкія выбары ідуць кандыдаты ад шматлікіх так званых «трэціх» партый.
Відавочна, што стаць камусьці з іх прэзідэнтам свеціць не больш, чым беларускаму дэмакрату прайсці на восеньскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Аднак калі ў нас гутарка ідзе пра байкот,
у ЗША ўсё наадварот. Тут самыя маргінальныя палітыкі ўпарта рвуцца ў Белы дом.
Так вылучыць свайго кандыдата Prohibition Party (Партыя забароны) — самая старая пасля дэмакратаў і рэспубліканцаў з дзеючых партый у краіне. Ні адны прэзідэнцкія выбары з 1869 года (год
заснавання партыі) не абыходзіліся без кандыдата, які б ні патрабаваў забараніць вытворчасць і продаж алкаголю (галоўны пункт партыйнай праграмы). І не проста патрабаваў. У пачатку 1920-х гадоў
партыя мела свайго губернатара і, самае галоўнае, у рамках шырокай кааліцыі дабілася прыняцця сухога закона. Праўда, утрымаць поспех не здолела. Пасля таго, як у 1933 годзе сухі закон адмянілі,
партыя хутка стала маргінальнай. Апошні раз дэпутат ад Prohibition Party быў абраны ў 1978 годзе. А на мінулых выбарах прэтэндэнт у Белы дом ад цвярознікаў набраў усяго 643 галасы. Магчыма, на гэты
раз паказчык будзе лепшым. Партыю на выбарах прадстаўляе Джэк Фелюр. Дарэчы, ён патрабуе не толькі забароны гарэлкі і піва, аднак таксама цыгарэт і парнаграфіі.
Хаця Prohibition Party лічыцца самай старой трэцяй партыяй у Штатах, галоўная барацьба за бронзу разгорнецца паміж Зялёнымі, лібертарыянцамі (радыкальныя дэмакраты) і кансерватарамі з Канстытуцыйнай
партыі.
Зялёных на выбарах–2012 прадставіць псіхіятр Джыл Стэйн. Нягледзячы на тое, што грамадская атмасфера для Зялёных вельмі спрыяльная — шмат маладых левых амерыканцаў шукаюць
альтэрнатыву Абаме, — эколагі наўрад ці паўтораць сенсацыйны поспех 2000 года. На тых выбарах іх прадстаўнік Ральф Надэр не толькі атрымаў рэкордную колькасць галасоў (прыкладна 2 800 000),
аднак, адцягнуўшы частку электарату дэмакратаў, здолеў не пусціць у Белы дом фаварыта кампаніі дэмакрата Альберта Гора. Аднак тая перамога аказалася для Зялёных піравай, паколькі прэзідэнтам у выніку
стаў Джордж Буш-малодшы. З таго часу дэмакратычны электарат баіцца галасаваць на федэральных выбарах за Зялёных, каб трыумфатарам зноў не стаў кандыдат ад рэспубліканцаў. А вось на мясцовых выбарах
— калі ласка: у Зялёных ёсць і мэры, і больш за 200 дэпутатаў розных узроўняў.
Яшчэ адзін негатыўны фактар для Джыл Стэйн — раскол Зялёных. На выбары таксама ідзе вядомая ў ЗША камедыйная акторка Розэн Бар. Яна прадстаўляе Партыю міра і свабоды, якую ў 1967 годзе
стварылі хіпі-пацыфісты. Праграмныя маніфесты Джыл і Розэн амаль падобныя: праца, справядлівасць, грамадзянскія свабоды. З той розніцай, што Розэн лічыць: прэзідэнт ЗША павінен папулярызаваць
медытацыю.
Наступная партыя — лібертарыянцы. Іх вядзе на выбары вельмі каларытная асоба — Гары Джонсан. Ён, былы губернатар штата Нью-Мексіка, спачатку хацеў пазмагацца з Мітам Ромні за
намінацыю ад Рэспубліканскай партыі. Аднак пасля першых праймерыз адмовіўся і падаўся да лібертарыянцаў. На першы погляд, дзіўна, што рэспубліканец ідзе ад партыі, якая выступае сярод іншага за
легалізацыю марыхуаны, дазвол на аборты, шлюбы для гомасексуалістаў і г.д.
Аднак трэба памятаць, што ў лібертарыянцаў ёсць адваротны бок. Як і большасць кансерватараў, яны лічаць, што неадэкватна вялікі, на іх думку, федэральны апарат трэба скарачаць, што ў сваю чаргу
дазволіць скараціць фіскальную нагрузку. Менавіта радыкальнае скарачэнне падаткаў з’яўляецца фішкай выбарчай праграмы Джонсана. Калі правадыр лібертарыянцаў прыйдзе да ўлады, то ён скароціць
бюджэт на 40 працэнтаў за кошт адмовы ад замежных вайсковых аперацый і касмічных праграм.
Джонсан не верыць у тое, што іранскі атам прадстаўляе нейкую сур’ёзную пагрозу міру. Гары таксама не супраць дэкрыміналізацыі наркотыкаў. Магчыма, таму, што нейкі час дактары прыпісалі яму
паліць марыхуану ў медычных мэтах.
На мінулых выбарах зрабіла сюрпрыз Канстытуцыйная партыя, якая прадстаўляе ўльтракансерватыўны сегмент грамадства. Партыя, якая была заснавана ў 1992 годзе, па колькасці пададзеных за яе кандыдата
галасоў стала трэцяй у краіне. Традыцыйна «канстытуцыяналісты» заклікаюць вярнуцца да спадчыны бацькоў-заснавальнікаў ЗША і дэцэнтралізаваць урад. Несці гэтую ідэю ў масы на выбарах
будзе іх кандыдат Вірджыл Гуд. Ён не адзіны кандыдат-кансерватар. Другім будзе Том Хофлінг з Амерыканскай партыі, які марыць адмяніць федэральныя падаткі. Падобныя ідэі штурхае Андрэ Барнэт з Партыі
рэфармістаў — яе калісьці заснаваў славуты мільянер Рос Перо, які ў 1992 годзе сенсацыйна набраў на выбарах прэзідэнта 18 працэнтаў.
Застаецца адзначыць, што пералічаныя асобы — не самыя правыя кандыдаты. Пальма першынства ў гэтай намінацыі, безумоўна, належыць Мерліну Мілеру, якога выставіла Амерыканская партыя трэцяй
пазіцыі. Мерлін — хрэстаматыйны нацыст, які разважае пра місію белай расы і збіраецца знішчыць Галівуд, які, па яго словах, акупавалі яўрэі і касмапаліты. Не чакаючы перамогі, ён пабудаваў у
штаце Тэнэсі сваю студыю, дзе працуюць выключна беласкурыя кіношнікі. Застаецца дадаць, што кандыдат ад партыі трэцяй пазіцыі — асабісты вораг Мадоны і Таранціна, з якімі ён моцна
пасварыўся. А вось Мэл Гібсан — яго вялікі сябра.
Годную канкурэнцыю Мерліну злева складае актывістка Пета Лінсдэй, якая, нягледзячы на свае 27 гадоў, таксама змагацца за прапіску ў Белым доме. Пета прадстаўляе марксісцка-ленінскую Партыю за
сацыялізм і вызваленне, якая, калі меркаваць па праграме, падтрымлівае маладых эмігрантаў з Лацінскай Амерыкі. У выпадку перамогі Петы на выбарах, усе яны атрымаюць пашпарты і працоўныя месцы.
На левым флангу і кандыдат ад Партыі сацыялізму і роўнасці Джэром Вайт з планам нацыяналізацыі гігантаў амерыканскай аўтаіндустрыі. І трацкіст Джэймс Харыс ад Сацыялістычнай рабочай партыі. Не
зразумела толькі, як Харыс вядзе нацыянальную выбарчую кампанію, паколькі яму забаронена, як патэнцыйнаму тэрарысту, лятаць на самалётах. У чорны спіс ён трапіў пасля 9–11 у тым ліку за тое,
што ў маладосці ў рамках нейкага міжнароднага студэнцкага атраду дапамагаў будаваць сацыялізм на Кубе.
Ёсць на выбарах–2012 і амаль сектанцкія кандыдаты, кшталту Тома Стывена ад Партыі аб’ектывістаў. Стывен не хавае, што разглядае выбарчую кампаніі як сродак для прапаганды філасофіі
аб’ектывізму — дактрыны, якую заснавала вядомая антыкамуністка, літаратар і ліберальны філосаф Айн Рэнд.
Не ўсе кандыдаты ад трэціх партый такія арыгіналы, як містэр Стывен. Напрыклад, Партыя сучасных вігаў абараняе інтарэсы актыву розных няўрадавых арганізацый.
Відавочна, што ніводны з пералічаных палітыкаў прэзідэнтам не стане. Аднак выбары–2012 усё роўна ўвойдуць у гісторыю малых партый ЗША. Хаця б таму, што ўпершыню ў гісторыі мела месца спроба
абраць альтэрнатыўнага рэспубліканцам і дэмакратам кандыдата праз інтэрнэт. Яшчэ ўзімку грамадзянская ініцыятыва Americans Elect правяла анлайн-галасаванне, у якім прынялі ўдзел каля 300
тысяч чалавек. Былі названыя першыя кандыдатуры. Аднак у выніку выбары зайшлі ў тупік з-за таго, што на форумах пачалася бясконцая лаянка. Давялося адмовіцца ад пражэкту.
Аднак гэта не значыць, што на гэтым пастаўлена кропка. Паводле сацыялагічных даследаванняў, каля траціны амерыканцаў жадаюць стварэння трэцяй моцнай партыі ў краіне.