«Добры дзень, еўрапейцы!» 19 гадоў таму суседзі Беларусі ўвайшлі ў ЕС

Роўна 19 гадоў таму Еўрапейскі саюз пашырыўся настолькі, што ўшчыльную наблізіўся да Беларусі. 1 траўня 2004 года ў ЕС уступілі адразу дзесяць краін, і ў іх ліку — Польшча, Літва і Латвія. Сёння ў іх гадавіна свята, а ў нас — усё той жа дзень сурка пасярод архаічнай дыктатуры з рэпрэсіямі, палітвязнямі і карупцыяй.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


Дзесяць краін: ад Эстоніі да Мальты

Акрамя трох суседніх дзяржаў, Еўрасаюз у той дзень папоўнілі Эстонія, Чэхія, Славакія, Славенія, Венгрыя, Кіпр і Мальта. Гэта стала найбуйнейшым пашырэннем аб’яднання за ўсю яго гісторыю. Гэта стала таксама важкай перамогай дэмакратычных каштоўнасцей над камуністычным мінулым пад патранажам Масквы. Вялікая частка ўсходняй Еўропы канчаткова развіталася з часамі аўтарытарызму і сышла з прасавецкай арбіты.
Гэтыя самыя дзяржавы, хто пазней, хто раней, увайшлі таксама ў NATO і шэнгенскую зону. І ўжо амаль два дзясяткі гадоў жывуць паводле адзіных правіл, якія прадугледжваюць празрыстае абранне ўлады, павагу да правоў чалавека і роўнасць перад законам.
Нашы суседзі, вядома, далучыліся да Еўрасаюза не ў адзін момант. Гэтаму папярэднічала працяглая працэдура, з бюракратычнымі квестамі і тэстамі на адпаведнасць. А фінальнай кропкай, канешне, сталі рэферэндумы, бо без падтрымкі народа ў цывілізаваным свеце гістарычны выбар не робіцца.
У Літве ўсенароднае галасаванне прайшло амаль дваццаць гадоў таму — 10-11 траўня 2003-га. Пры яўцы крыху больш за 60% ідэю еўраінтэграцыі падтрымалі болей за 90% удзельнікаў плебісцыту.
У Латвіі галасавалі пазней — у верасні 2003 года. Дзве траціны (67%) падтрымалі ўваходжанне ў Еўрасаюз (яўка склала 71%).
У Польшчы меркаванне людзей спыталі 7-8 чэрвеня таго ж 2003-га. Людзі ўхвалілі прапанаваны курс — за гэта прагаласавалі больш за 77% удзельнікаў рэферэндуму (яўка — каля 59%).

«Мы ўвайшлі ў Еўрасаюз чыста па-польску — у самы апошні момант»

Нягледзячы на прывабныя лічбы тагачаснае памкненне нашых суседзяў далучыцца да ЕС не было відавочным.
У той жа Літве яшчэ ў 1999 годзе за інтэграцыю з Еўропай выступалі толькі 29% грамадзян. Так, падтрымка няўхільна павялічвалася з кожным годам, але непасрэдна падчас рэферэндуму ўзніклі асцярогі, што праз нізкую яўку галасаванне можа не адбыцца. У першы дзень выбарчыя ўчасткі наведалі толькі 30% электарату, і каб назаўтра доля ўдзельнікаў узрасла да неабходных 50%, прыйшлося ўключаць дадатковыя агітацыйныя магутнасці.
Прэзідэнт Роландас Паксас, прэм’ер-міністр Альгірдас Бразаускас адмыслова выступілі на нацыянальным тэлебачанні, каб заклікаць насельніцтва выказацца. Да таго ж самага заклікалі іншыя палітычныя і грамадскія сілы, а супермаркеты прапанавалі ўдзельнікам рэферэндуму зніжкі на піва, шакалад і мыла — толькі прыйдзі і запоўні бюлетэнь. У выніку прыйшлі, запоўнілі. І неўзабаве радасны Паксас на ўрачыстым мітынгу каля прэзідэнцкага палаца звярнуўся да грамадзян з красамоўным вітаннем: «Добры дзень, еўрапейцы!»


Цяпер ужо зразумела: дзень сапраўды быў добрым. Але пахвалявацца давялося.
У Латвіі еўраскептыцызму было яшчэ болей — у асноўным таму, што ў краіне жыло (і зараз жыве) шмат рускамоўнага насельніцтва. Толькі ў лютым 2002-га сацыялагічнае апытанне нарэшце зафіксавала, што ўступлення ў ЕС хоча большасць жыхароў. Пры гэтым непасрэдна перад рэферэндумам у Латвіі дзейнічалі грамадскія кампаніі, якія адгаворвалі людзей ад далучэння да Еўрапейскага саюза — пад маркай шанавання незалежнасці. Але плебісцыт адбыўся, балтыйская дзяржава стала членам аб’яднання.
Палякі за еўрапейскую перспектыву галасавалі таксама не надта жвава. Падтрымліваць падтрымлівалі, але ісці нагамі на выбарчыя ўчасткі ў выходны дзень… А яно нам трэба? Рахманы менталітэт, узгадаваны дзесяцігоддзямі камунізму, калі ад чалавека нічога не залежала, спрацоўваў і тут.
Наконт належнай яўкі былі такія вялікія сумневы, што адклаў у бок пропаведзі нават Папа Рымскі, этнічны паляк Ян Павел II. Ураджэнец Вадавіц, што пад Кракавам, выступіў у Ватыкане з палымянай прамовай пад лейтматывам «Еўропа мае патрэбу ў Польшчы. Польшча мае патрэбу ў Еўропе». Агітавалі да ўдзелу ў галасаванні і іншыя буйныя фігуры і маральныя аўтарытэты. І ўрэшце гэта дало плён.
Што рэферэндум адбыўся, стала вядома толькі ўвечары другога дня волевыяўлення. «Gazeta Wyborcza» з палёгкай напісала: «Мы ўвайшлі ў Еўрасаюз чыста па-польску — у самы апошні момант».

Расіі можна не баяцца

Сказаць, што сёння палякі, літоўцы і латвійцы задаволеныя членствам у ЕС, азначае нічога не сказаць. Напрыклад, апытанне, праведзенае ў Польшчы ў 2020 годзе, паказала: 89% жыхароў краіны маюць пазітыўнае стаўленне да такога геапалітычнага выбару.
Няма сумневу, што такое меркаванне ўзмацнілася пасля 24 лютага 2022 года, калі Расія поўнамаштабна напала на Украіну. Суседзі Беларусі (дый іншыя ўдзельнікі саюза) наўпрост ацанілі выгоды свайго становішча.Быць у ЕС — гэта развівацца ў празрыстых рынкавых умовах, заўсёды мець гарантыю падтрымкі і, галоўнае, стратэгічна не залежаць ад Масквы, якая звыкла выкарыстоўвае эканамічныя механізмы для палітычных мэт.Быць у NATO — гэта знаходзіцца пад абаронай магутных партнёраў і не баяцца нападу з боку Расіі, з боку Беларусі праз Сувалкаўскі калідор альбо з Калініградскай вобласці.
Быць часткай вялікай дэмакратычнай супольнасці — гэта і іншыя перавагі, уключаючы права на бесперашкоднае працаўладкаванне, адукацыю і бязвізавыя падарожжы.
Гэта добра разумеюць іншыя краіны, якія грукаюцца ў дзверы ЕС, але ім пакуль не адчынілі. Кандыдатамі на ўступленне сёння з’яўляюцца Сербія і Албанія, Паўночная Македонія і Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя і Украіна з Малдовай. І нават заяўку Турцыі, ухваленую яшчэ ў 1999 годзе, ніхто не адклікаў.
Заяўкі падалі таксама Грузія і Косава, але статусу кандыдата гэтыя краіны пакуль не набылі. Але і так ясна, што еўраінтэграцыя — прывабная мадэль развіцця, і выхад з ЕС Вялікабрытаніі тут мала на што ўплывае. Як і замарожаныя намеры Нарвегіі, Ісландыі і Швейцарыі.

Лукашэнка як тормаз еўрапейскага развіцця

У сённяшняй Беларусі грамадскі запыт на еўрапейскую інтэграцыю пакуль невялікі. Апошняе сацыялагічнае апытанне, праведзенае Chatham House, паказала, што ў партнёрстве з ЕС краіну хацелі б бачыць толькі 14% рэспандэнтаў. Пры гэтым надалей хаўруснічаць з Расіяй было б добра, паводле меркавання 36%. І, бадай, галоўнае — 48% удзельнікаў даследавання выказалася за тую ці іншую форму нейтралітэту.


Гэта ўсё, вядома, ёсць наступствам палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, які яшчэ на пачатку сваёй дзейнасці на чале дзяржавы заявіў сваё знакамітае: «Я Беларусь за цывілізаваным светам не павяду».
Так і вядзе — у адваротным кірунку, ужо амаль трыццаць гадоў. І калі раней яшчэ мог балансаваць паміж Усходам і Захадам, здабываючы сітуатыўныя прэферэнцыі, то пасля апошніх выбараў еўрапейскі кірунак для лукашэнкаўскай Беларусі знік. Там цяпер сцяна.
Фальсіфікацыі, гвалт, рэпрэсіі, палітвязні, пасадка самалёта, міграцыйны крызіс — гэта няпоўны спіс таго, што нарабіў рэжым за апошнія амаль тры гады і што канчаткова замацавала за ім статус геапалітычнага ізгоя. Апошнім цвіком у дамавіну стасункаў з Захадам стаў удзел лукашэнкаўцаў у вайне на баку Расіі. Пасля гэтага на межах Беларусі з Еўрасаюзам і Украінай фактычна пачала расці новая жалезная заслона.
У 2004 годзе, калі нашых суседзяў урачыста прымалі ў ЕС, у Беларусі таксама прайшоў рэферэндум. Цэнтрвыбаркамам тады ўжо кіравала Лідзія Ярмошына, таму ні з «яўкай» (90,28%), ні з «усенароднай падтрымкай» (87,97%) праблем не ўзнікла. Тую электаральную спецаперацыю ў парушэнне Канстытуцыі ініцыяваў асабіста Лукашэнка, у выніку ён атрымаў магчымасць абірацца на прэзідэнцкую пасаду неабмежаваную колькасць разоў. Што і робіць дагэтуль, усё больш пазбаўляючы беларусаў шанцаў на лепшую будучыню.