Без Вялікабрытаніі будзе лепш

Напярэдадні рэферэндуму наконт выхаду Вялікабрытаніі са складу ЕС прыхільнікі еўраінтэграцыі ва Усходняй Еўропе ўсё часцей кажуць, што Еўрасаюз без Лондану дасць шанец на развіццё іх рэгіёну.

www.catholicherald.co.uk

www.catholicherald.co.uk


Нават сама такая пастаноўка пытання на першы погляд падаецца крамольнай. Як можа Усходняя Еўропа выступаць за Brexit (так пачалі назваць гісторыю з выхадам Вялікабрытаніі з ЕС) з улікам негатыўных эфектаў, якія дакладна пацягне за сабой брытанская адмова ад еўраінтэграцыі? Перш за ўсё, усходнім еўрапейцам давядзецца зацягнуць паясы. Калі Лондан не будзе рабіць свой унёсак у еўрабюджэт (на цяперашні момант 1,7 мільярда фунтаў штогод), памеры фінансавай дапамогі для так званых «новых сябраў» прыйдзецца скараціць. Для тых жа балтыйскіх дзяржаў, дзе 20–30 працэнтаў бюджэту фармуецца за сродкі Брусэля, гэта фактар магчымай эканамічнай нестабільнасці.
Адаб’ецца Brexit і на індэксах вытворчасці. Польскі філіял французскага банку ўжо прапанаваў калькуляцыю на гэты конт. Паводле разлікаў эканамістаў, пасля сыходу Вялікабрытаніі на ўсходзе ЕС скароціцца экспарт, што, у сваю чаргу, паўплывае на памеры інвестыцый, ствараючы эфект даміно для іншых сектараў і тэмпаў росту. Увогуле, Brexit прывядзе да скарачэння валавога ўнутранага прадукту Польшчы на 0,5 працэнтных пункта на працягу года, у Чэхіі прагназуецца зніжэнне на 0,35, у Венгрыі — на 0,78 працэнтных пункта і, нарэшце, на 0,39 пункта — у Румыніі.
Наступны негатыўны эфект магчымага сыходу Вялікабрытаніі — міграцыя. Пасля таго, як грамадзяне краін Усходняй Еўропы не змогуць вольна працаўладкавацца ў Брытаніі, яны, відавочна, будуць шукаць вакансій у Германіі, Францыі, Скандынавіі, дзе пытанне міграцыі і без іх напружанае. Ціск палякаў, румынаў, балгар на працоўны рынак той жа ФРГ будзе спрыяць росту ксенафобіі. У такой грамадскай атмасферы праекты пашырэння ЕС за кошт Украіны або Грузіі наўрад ці будуць карыстацца шырокай падтрымкай.
З сыходам Лондана, як піша «Украінская праўда», у ЕС будзе аслаблена антымаскоўская плынь. «Хаця Брытанія і не прымае такога ўдзелу ва ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага канфлікту, як Германія і Францыя, гэтая краіна традыцыйна ўваходзіць у лік найбольшых крытыкаў Крамля. Брытанія — гэта дзяржава, дзе расійская прапаганда не мае вялікага ўплыву, а грамадскасць і СМІ надзвычай крытычна настроеныя ў дачыненні да РФ», — піша выданне. Сапраўды, у Крамлі вельмі задаволеныя працэсамі на Альбіёне. Блізкае да Крамля выданне «Взгляд» адзначае: «Калі зараз Лондан і Брусэль страцяць вектар стратэгічнага ўзаемнага партнёрства, то пануючая роля ў ЕС пяройдзе да Парыжа і Берліна. Адным словам, ЕС стане палітычна больш незалежны ад Вашынгтона».
Аднак шмат хто падзяляе думку, што працяг знаходжання Вялікабрытаніі ў еўрапейскім клубе пагражае значна больш адмоўнымі наступствамі. Такая пазіцыя будуецца на некаторых аспектах Brexit. Як вядома, за ініцыятывай правядзення плебісцыту першапачаткова стаяў кансерватыўны кабінет Дэвіда Кэмерана, які насіўся з ім падчас выбарчай кампаніі. Без торы парламент таксама не прагаласаваў бы за правядзенне ўсенароднага апытання. Пасля прыняцця адпаведнай пастановы ў падзеі нечакана ўмяшаліся эмісары з Брусэлю. Кансультацыі, якія цягнуліся доўга і даўно, набылі інтэнсіўны фармат, і ўвесну быў знойдзены кампраміс. Так, унёсак Лондану ў бюджэт ЕС скараціўся амаль напалову. Як следства, былыя крытыкі ЕС у асобе Кэмерана, наадварот, сталі гарачымі аматарамі еўраінтэграцыі.


blogs.spectator.co.uk

blogs.spectator.co.uk


У выпадку, калі Вялікабрытанія пасля 23 чэрвеня застанецца ў ЕС, мы атрымаем прэцэдэнт паспяховага шантажу аднаго з нацыянальных урадаў на адрас Брусэля. Хто цяпер дасць гарантыю, што нейкі іншы ўрад еўраскептыкаў не запатрабуе ад цэнтру падобных бонусаў? Тым больш, што кансерватары сфармавалі свой партыйны інтэрнацыянал, куды зараз уваходзіць польская ўрадавая партыя «Права і Справядлівасць». ЕС давядзецца зноў кулуарна шукаць кампраміс, што, у сваю чаргу, яшчэ раз кідае цень на імідж Еўрасаюза як аб’яднання з празрыстым прынцыпам пошуку рашэнняў.
«У той час, як кароткатэрміновыя наступствы галасавання 23 чэрвеня для эканомікі рэгіёну будуць абмежаванымі, Brexit аслабіць аўтарытэт ЕС, створыць уражанне, што праект аб’яднання пачынае зварочвацца. Гэта знізіць давер усходнееўрапейскіх урадаў да Брусэлю, будзе штурхаць іх да самастойнай выпрацоўкі ўнутранай палітыкі або да спроб атрымаць саступкі», — адзначае брытанская аналітычная ўстанова «Capital Economics».
Таксама не факт, што 23 чэрвеня 2016-га — апошні плебісцыт на тэму знаходжання ў ЕС, у тым ліку на Альбіёне. Брытанская прэса прагназуе, што Кэмерана на пасадзе лідара кансерватараў хутка зменіць Барыс Джонсан, экс-мэр Лондана, кіраўнік еўрафобскай фракцыі ўнутры партыі кансерватараў. Згодна прагнозам, Джонсан зойме пасаду старшыні партыі ў 2020-м, і пасля гэтага пачнецца новы цыкл падрыхтоўкі да рэферэндуму пра выхад краю з ЕС. Тое, што брытанцаў заўсёды будзе цягнуць на антыеўрапейскія дэмаршы, цалкам лагічна — з улікам традыцыі мясцовай палітычнай думкі. Еўрапейскі дом, паводле брытанскіх палітолагаў, павінен выглядаць як нешта аморфнае, калі кожная краіна захоўвае сваю валюту, асобны МЗС і, пажадана, візавы рэжым.
Іншымі словамі, сяброўства Вялікабрытаніі, дзе пануе такі дыскурс, ставіць на нейкі час крыж на праекце трансфармацыі ЕС у сапраўдны кансалідаваны геапалітычны полюс. А вось калі пазбавіць Лондан прапіскі ў Еўрасаюзе, еўрафобскія партыі ўнутры аб’яднання адразу набудуць адзнакі маргінальных. Ані Польшча, ані Венгрыя, ані Чэхія (краіны, дзе цяпер пры ўладзе еўраскептыкі), не маюць рэсурсу займацца сабатажам працэсаў еўраінтэграцыі.
Хто мае рацыю ў гэтых дэбатах, сказаць цяжка. Не толькі таму, што зараз аматараў і праціўнікаў ЕС у Вялікабрытаніі 50 на 50. Перамога прыхільнікаў сяброўства Вялікабрытаніі ў ЕС або іх катастрофа можа паўплываць на палітычную дыскусію ў самой краіне. У такім разе цяперашняе разуменне самімі грамадзянамі Вялікабрытаніі сваёй ролі ў еўрапейскім працэсе будуць пераглядацца — і незразумела, у які бок.