Дыктатары ў карыкатурах: Хун Сэн

Хун Сэн (нар. 1952) — аўтарытарны кіраўнік Камбоджы. Ён кіруе ёй ужо 38 гадоў. І гэта, магчыма, не фінал, паколькі 24 ліпеня ў краіне прайшлі выбары, дзе перамагла Народная Партыя, якая лічыцца палітычнай апорай рэжыму Хун Сэна. 

kambodza_logo.jpg

Народная партыя атрымае ў новым парламенце 120 месцаў. Яшчэ пяць месцаў дасталася ўмеранай партыі манархістаў. Яўка склала 84 працэнты.

Выбары прайшлі ў знаёмай беларусам атмасферы. Напярэдадні многія дзеячы і актывісты апазіцыі былі арыштаваны, падвергнуты пераследу, былі збітыя на вуліцах, шмат хто ў выніку пакінуў краіну. Доступ да незалежных СМІ таксама быў абмежаваны: на пачатку гэтага года перастала працаваць ледзь не апошняе незалежнае СМІ — «Голас дэмакратыі».

Адзіная апазіцыйная партыя была пазбаўленая права выстаўляць кандыдатаў пасля абвінавачвання ў тым, што яна не прадставіла належныя дакументы.

Такім чынам, вынікі галасавання былі прадказальныя.

Зрэшты, апазіцыя так проста не здалася. Яна заклікала выбаршчыкаў псаваць бюлетэні як адзін з нямногіх апошніх спосабаў пратэсту супраць аўтакратыі.

Гэта выклікала раздражненне ва ўладным апараце. Лідар Камбоджы заклікаў выбаршчыкаў, якія знішчылі свае бюлетэні, добраахвотна заявіць аб сваім учынку ўладам. Тым, хто не пакаецца, не пазбегнуць прававых наступстваў. «Любы знішчаны бюлетэнь з'яўляецца прыкметай падтрымкі апазіцыі. Рух па знішчэнні бюлетэняў будзе пераследавацца ў судовым парадку», — сказаў ён.

Напярэдадні галасавання Хун Сэн таксама адкрыта заявіў, што рыхтуецца перадаць уладу Хун Мане — свайму сыну (прычым, у найбліжэйшы час), што шмат каму нагадала рэаліі Паўночнай Карэі. Аналітыкі не бачаць прыкметаў таго, што падыход Хун Мане да мадэлі кіравання будзе моцна адрознівацца ад падыходу яго бацькі, які не церпіць іншадумства і наладзіў цесныя сувязі з Кітаем. Падчас перадвыбарнай кампаніі выступленні сына былі падобныя па стылі на эскапады любімага таты.

Такі дэманстратыўны жэст як анонс перадачы ўлады сыну, многія звязваюць з рэгіянальным узмацненнем Кітая і паслабленнем пазіцый Захаду, які заклікаў Хун Сэна прытрымлівацца стандартаў дэмакратычных выбараў. Зрэшты, варта нагадаць, што сваю палітычную кар'еру Хун Сэн пачынаў у шэрагах Чырвоных кхмераў, якія, як вядома, пад кіраўніцтвам Пол Пота фізічна знішчылі апазіцыю. Так што, магчыма, палітык проста дзейнічае па запаветах юнацтва.