«Дзеркало тижня»: Беларускія пратэсты маюць яскравы хрысціянскі складнік

Што замежная прэса пісала пра Беларусь.

Марш вызвалення палітвязняў. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш вызвалення палітвязняў. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Пра што канкрэтна Лукашэнка дамовіўся з Пуціным? Пра тое, што ён больш не будзе супраціўляцца ідэі агульнай для Расіі і Беларусі Канстытуцыі? У такім разе дні Лукашэнкі злічаныя. І што мы, астатні свет, можам з гэтым зрабіць? Ды практычна нічога. Простая канфрантацыя з Масквой па гэтым пытанні небяспечная. У Пуціна алергія на патэнцыйныя новыя «каляровыя рэвалюцыі», такія як у Грузіі і ва Украіне. Дый насельніцтва Беларусі ў цэлым, відавочна, гэтага не хоча. Таму лепшае, што можна зрабіць, — гэта яшчэ больш падтрымліваць дэмакратычны працэс у краіне і за яе межамі. Гэта забяспечыць дэмакратычным сілам у Беларусі больш магчымасцяў зразумець, чаго менавіта яны хочуць і як лепш гэтага дасягнуць».
Berlingske (Данія)
«Беларускія пратэсты маюць яскравы хрысціянскі складнік. Менавіта хрысціянскі — без канфесійнага снабізму. У адстойванні праўды і чалавечай годнасці хрысціяне Беларусі знайшлі запаветны філасофскі камень экуменічнага дыялогу (пра які шмат кажуць, але мала шукаюць) — тое, што аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае народ Хрыстовы. І гэта — вы здзівіцеся, — аказваюцца евангельскія каштоўнасці без прыкрас. Беларускі паход за справядлівасць уваскрашае рамантычныя мары аб хрысціянскай дэмакратыі, пра магчымасць прышчапіць яе на наш ідэалагічна знясілены постсавецкі грунт».«Дзеркало тижня» (Украіна)
«Прыняўшы рашэнне запрасіць Ціханоўскую на інаўгурацыю, Байдэн ясна паказвае, што ён, у адрозненне ад адміністрацыі Трампа, будзе сур’ёзна ставіцца да парушэнняў грамадзянскіх правоў і правоў чалавека за мяжой, і без ваганняў акажа супрацьдзеянне Расіі. Запрашэнне Ціханоўскай таксама кажа, што адміністрацыя Байдэна не стане ігнараваць і падтрымліваць “інтэграцыйныя” планы Масквы, а будзе выступаць за ўмацаванне незалежнасці Беларусі і дэманстраваць Украіне, якая апынулася ў складанай сітуацыі, больш актыўную падтрымку ў параўнанні з адміністрацыяй яго папярэдніка».The Hill (ЗША)
«Яшчэ адзін варыянт — знайсці каго-небудзь, хто на кампрамісных умовах мог бы часова выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы. Гэта павінен быць чалавек, які зможа пераканаць незадаволеную большасць у тым, што Лукашэнка сапраўды пайшоў на пенсію, а ў краіне пачаліся сапраўдныя рэформы. Але 66-гадовы Лукашэнка на пенсію не збіраецца. Замест гэтага ён шукае, як захаваць пазіцыю ля стырна, калі Канстытуцыю сапраўды рэфармуюць».Yle (Фінляндыя)