Дзве вёскі, дзве дзяржавы, адно мінулае. Як жывуць людзі паабапал Заходняй Дзвіны
Заходняя Дзвіна аддзяляе беларускую Друю ад латвійскай Піедруі. Але там, па той бок ракі, беларускае па-ранейшаму нашмат бліжэй, чым сваё, латвійскае.
Усяго дзвесце метраў паміж латвійскім пасёлкам Піедруя і беларускай Друяй. Такая шырыня ў гэтым месцы ракі Даўгава, або, як яе называюць у Беларусі, — Заходняя Дзвіна, што падзяляе два населеныя пункты. Цяпер па рацэ праходзіць дзяржаўная мяжа.
На ўездзе ў латвійскі пасёлак Піедруя — сотні бетонных процітанкавых перашкод, складзеных проста каля дарогі. Мясцовыя жыхары ў курсе, што Латвія ўмацоўвае ўсходнія рубяжы Еўрасаюза і NATO, праўда, некаторыя ставяцца да гэтага скептычна, піша тэлеканал «Настоящее время».
Дрон пусцяць — і не трэба гэтых бетонных слупоў
«Што гэта дасць? Цяпер такая тэхніка: дрон пусцяць — і не трэба, у прынцыпе, гэтых бетонных слупоў. Танкі ўсё роўна не пойдуць, цяпер зусім іншая вайна», — кажа Рыгор, ён працуе ў Піедруі механізатарам, раўняе на трактары грунтавыя дарогі, а зімой ачышчае іх ад снегу. У яго брыгадзе яшчэ два чалавекі. Кажа, што мець сталую працу пры воласці добра, таму што вакол, паводле яго слоў, поўнае беспрацоўе.
«Гэта забыты, як той казаў, рэгіён, можна сказаць так. Як ён быў забытым, так ён і застаўся забытым. Ніхто на нас не звяртае аніякай увагі».
Дом Рыгора стаіць на беразе ракі Даўгава. Ён з жонкай вядзе невялікую гаспадарку — агарод, куры, каровы. Участак яго пашы прымыкае да самай вады.
Латвійская Піедруя з беларускай Друяй звязаныя адзінай гісторыяй. Гэта цяпер, каб жыхару Піедруі трапіць у Друю, трэба прарабіць шлях каля ста кіламетраў з праходжаннем дзяржмяжы. Аж да канца 1990-х гадоў паміж пасёлкамі была паромная пераправа. З аднаго берага на другі можна было дабрацца за 10 хвілін. З аднаўленнем незалежнасці Латвіі ў Піедруі працаваў памежны пераход. Цяпер ён закрыты, але памежны пункт застаўся.
«Мы вельмі цесна ў савецкі час размаўлялі з друйскім бокам, таму што мы былі адзінай дзяржавай. І збегаць туды ў краму не складала праблем — на пароме або на лодцы», — згадвае Ніна. Яна кіруе мясцовым гістарычным музеем. Экспанаты там збіралі ўсім пасёлкам — людзі прыносілі ўсё, што знаходзілі на гарышчах і ў каморах. Адшукаўся нават стары патэфон, які ўсё яшчэ працуе.
Пасёлак Піедруя быў заснаваны ў 1618 годзе і называўся тады Друйская Слабада. З тых часоў Друя і Піедруя застаюцца побач. Калісьці ў Піедруі пражывала больш за тысячу чалавек, сёння — менш за дзвесце.
«Тут у нас больш жывуць беларусы, рускія, латышы, палякі... Як, у прынцыпе, і было з дня заснавання Піедруі. І гаворым больш, напэўна, на рускай мове, таму што вельмі шмат людзей у свой час прыязджала з Беларусі і атабарвалася тут», — распавядае Ніна. Яе бацькі таксама пераехалі туды з Беларусі. Сваякоў у Друі ў яе няма.
Бібліятэкарка Алена — ураджэнка Друі. У 1988 годзе яна выйшла замуж за жыхара Піедруі, так там і засталася. У Друю ездзіць раз на год — наведаць магілы родных. Кажа, што асаблівага росквіту там няма. Бібліятэка, дзе працуе Алена, размешчана ў будынку былой школы, якую ў Піедруі закрылі некалькі гадоў таму праз малую колькасць вучняў: «Так, людзей, вядома, становіцца менш, гэта зразумела. І, паколькі працы не даюць для моладзі, натуральна, яна з'язджае».
На пытанне, ці не страшна ім жыць на памежжы, Алена і Ніна адказваюць, што асаблівай трывогі не адчуваюць: «Мы заўсёды былі пры мяжы, таму на гэты момант як бы нічога не змянілася. Хоць сітуацыя палітычная досыць складаная. Але мы пакуль жывем спакойна: у нас памежнікі побач, мы пад аховай заўсёды. У гэтым плане нам спакойна».
Людзі ў латвійскім памежжы скардзяцца на дрэнную мабільную сувязь, адсутнасць інтэрнэту. І калі з мабільным пакрыццём у Піедруі, як прызнаюцца жыхары пасёлка, усё ў парадку (каля памежнага пункта ўзведзена вышка аднаго з мабільных аператараў) – то з тэлебачаннем у многіх праблемы.
«Сігнал тэлевізійны да нас не заўсёды даходзіць... Абвінавачвалі ў тым людзей, што яны глядзяць беларускае тэлебачанне, а не латвійскае. Але беларускае — сігнал ёсць, а латвійскага — не. Што ёсць, тое і глядзім», — кажа Ніна.
Для прыёму беларускіх тэлеканалаў у Піедруі не трэба аніякага спецыяльнага абсталявання — дастаткова самай простай антэны. Ніна кажа, што ў сябе дома можа глядзець латвійскія тэлеканалы, але многія яе знаёмыя ў пасёлку не могуць. Улады, паводле яе слоў, даўно абяцаюць вырашыць гэтую праблему, але пакуль Друя для жыхароў Піедруі ў гэтым плане застаецца бліжэйшай, чым Рыга.