Егіпет. Звышхуткі рэферэндум супраць мірных рэвалюцый
Напэўна, яшчэ ні адзін кіраўнік краіны ў гісторыі не падаўжаў сабе кадэнцыю так проста, як генерал і правадыр Егіпта.
Згодна з Канстытуцыяй, Абдэль Фатах ас-Сісі павінен быў сысці з пасады ў 2022 годзе, адседзеўшы два тэрміны ў прэзідэнцкім крэсле. Аднак цяпер ён можа заставацца гарантам аж да 2030-га.
Усё дзякуючы пакету канстытуцыйных паправак, якія 16 красавіка прыняў з падачы прэзідэнцкай партыі парламент.
Перш за ўсё, ас-Сісі дазволілі быць прэзідэнтам да 2024-га. Пасля ён зможа ўдзельнічаць у новых выбарах, і ў выпадку перамогі будзе кіраваць краінай да 2030-га, калі яму споўніцца 75 гадоў. І гэта, думаецца, яшчэ не фінал.
Тое, што ў 2024 годзе ас-Сісі лёгка атрымае элегантную перамогу, гарантуе яшчэ адно канстытуцыйнае новаўвядзенне — у артыкуле 200 Асноўнага закона пашыраныя абавязкі вайскоўцаў Егіпецкай Арабскай Рэспублікі. Цяпер войска павінна абараняць «канстытуцыю і дэмакратыю, а таксама структуру краіны і яе цывільны характар».
Праўда, для таго, каб згаданыя папраўкі ўступілі ў сілу, неабходна было зацвердзіць іх на рэферэндуме. І тут кідаецца ў вочы паспешлівасць, нават мітуслівасць, з якой улады ладзяць рэферэндум. Плебісцыт быў праведзены праз тры дні пасля прыняцця паправак — 19–22 красавіка.
Канчатковы вынік будзе вядомы 27 красавіка. Такую аператыўнасць, на думку экспертаў, можна звязаць толькі з падзеямі ў суседніх Судане і Алжыры, дзе днямі адбыліся мірныя рэвалюцыі. Мяркуючы па ўсім, у Каіры баяцца, што рэвалюцыйная хваля перакінецца на Егіпет.