Эльфы хістаюць Расію
Андрэй Худалееў, намеснік старшыні Савета Асамблеі народаў Расіі і член Савета пры прэзідэнце па міжнацыянальных адносінах заявіў, што эльфы ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для дзяржавы. Гэта выклікала вялікі рэзананс сярод інтэрнэт-карыстальнікаў. Прапануем невялікую падборку каментароў у сацыяльных сетках на тэму эльфійскай пагрозы.
Трыгерам стала выказванне Худалеева, якое днямі прагучала на форуме ў Кургане: «У Расіі пры апошнім перапісе насельніцтва афіцыйна была зафіксавана «эльфійская народнасць». Эльфамі сябе ідэнтыфікавалі крыху больш за 12 тысяч чалавек. <…> Я б гэтую тэму не падняў, але ў кожным горадзе знаходжу настаўнікаў, якія мне кажуць, што ў іх ёсць дзеці, якія вывучаюць эльфійскую мову. <…> Я з тых часоў у цацкі не гуляю, лічу гэта сур'ёзнай пагрозай».
Нагадаем, што эльфы — гэта «чарадзейны народ у германа-скандынаўскім і кельцкім фальклоры. Іх апісанні ў розных міфалогіях адрозніваюцца, але, як правіла, гэта прыгожыя, светлыя істоты, якія жывуць у лесе. Праўда, ёсць у казках негатыўныя, так званыя цёмныя эльфы. Эльфы з'яўляюцца аднымі з ключавых персанажаў казачнай і фантастычнай літаратуры, асабліва ў жанры фэнтэзі».
Сам Худалееў не ўдакладніў, у чым менавіта заключаецца небяспека гэтага віду казачных персанажаў для пуцінскага рэжыму. Таму дадумваць і развіваць тэму прыйшлося шматлікім каментатарам у чатах.
Некаторыя лічаць, што Худалееў баіцца эльфаў, паколькі ён і ўся расійская эліта тайна лічаць сябе «оркамі». Оркі, хто не ў курсе, у фальклоры народаў Заходняй Еўропы і ў сучасных творах жанру фэнтэзі — раса выродлівых, жорсткіх і агрэсіўных монстраў, якія кантрастуюць з эльфамі, што ўвасабляюць дабро. Адсюль, маўляў, і заклікі змагацца з эльфамі.
Іншыя каментатары супакойваюць Худалеева: маўляў, мільёны жанчын і дзяўчат асацыююць сябе з прынцэсамі, але на скрэпы расійскай дзяржаўнасці гэта ніяк не ўплывае.
Таксама апантанаму барацьбіту з эльфамі прыводзяць даныя медычнай статыстыкі, паводле якой ажно 5,6 млн расіян пакутуе на псіхічныя хваробы. Сярод іх, напэўна, колькасна куды больш Напалеонаў і Сталіных, чым усіх расійскіх эльфаў разам узятых. І, як бачым, расійскаму левіяфану ад гэтага ні горача ні холадна.
У сетках таксама папулярная ідэя запісаць Худалеева… у замежныя агенты. Справа ў тым, што яго пасаж у Кургане супярэчыць заявам Пуціна. Напрыклад, у выступленні 19 мая 2023 года кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «праціўнікі РФ зыходзяць з таго, што культурная і нацыянальная разнастайнасць Расіі — гэта яе слабасць, а на самай справе гэта яе сіла». То-бок чым больш эльфаў, тым мацней дзяржаўныя інстытуты?
У гэтым плане Худалееву прапануюць не стыгматызаваць эльфаў, а наадварот узяць працэс пад кантроль. А менавіта запатрабаваць стварэння на тэрыторыі Расіі аўтаномнай эльфскай вобласці. І пад гэты праект пачаць выбіваць у Крамля датацыі.
Парадаксальна, але на фоне каскада жартаў гучаць сур'ёзныя асцярогі наконт перспектыў сентэнцыі Худалеева. Нейкі каментатар у чаце на сайце «Яплакал» піша: «Рашэнне рэальных праблем грамадства падмяняецца барацьбой з выдуманай пагрозай. Можна нічога не рабіць за народныя грошы і пры гэтым выглядаць вельмі занятым і заклапочаным. Вы бачыце на вуліцах эльфаў? Не? Значыць, змагаемся эфектыўна. Але ні на што іншае часу, сіл і бюджэту ўжо не засталося, прабачце».
Тым часам пасля таго, як фраза пра эльфаў стала віруснай, Андрэй Худалееў даў заднюю: абвінаваціў СМІ ў хайпе і заявіў, што не называў эльфаў нацыянальнай пагрозай.
На просьбу пацвердзіць ці абвергнуць свае словы, Худалееў адказаў журналісту медыя «Уздым»: «Я казаў, што ад стварэння новых нацый нельга адмахвацца. У нас ёсць такая нацыянальнасць — інгерманландцы. Рух такі сапраўды ёсць, яны даўно працуюць, арганізаваныя і выступаюць супраць Расіі — вось яны ўяўляюць пагрозу. А эльфы — ну, чаго смяяцца? Яны неарганізаваныя».
Не зусім зразумела, пра які рух гаворыць Худалееў. Інгерманландцы — рэальная малая народнасць, прадстаўнікі якой пражываюць у асноўным на тэрыторыі Расіі, Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі. Іх мова адносіцца да ўсходніх дыялектаў фінскай. Па даных апошняга перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2021 годзе, да інгерманландцаў на тэрыторыі РФ сябе адносіў 571 чалавек. Так што скандал з эльфамі, здаецца, можа павольна перайсці ў чарговы скандал з фінамі.