ЕС можа дапусціць прымяненне зброі ў адказ на кібератакі
Еўрасаюз распрацаваў дакумент, згодна з якім дапускаецца прымяненне зброі ў адказ на кібератакі.

Пра гэта паведамляе svoboda.org са спасылкай на The Telegraph.
Па інфармацыі выдання, дакумент будзе ўзгоднены ўсімі 28 дзяржавамі-членамі ЕС, у тым ліку Вялікабрытаніяй. Калі дакумент уступіць у сілу, то краіна, якая падвергнулася кібернападу, можа скарыстацца правам "індывідуальнай або калектыўнай самаабароны" ў адпаведнасці з міжнародным правам, адзначае The Telegraph.
Апроч іншага, краіны ЕС могуць прымяняць дыпламатычны ціск і эканамічныя санкцыі супраць краін, якія ажыццяўляюць кібератакі. На думку Брусэля, гэтыя меры прымусяць зламыснікаў больш старанна ўзважваць наступствы кібератакі.
The Telegraph падкрэслівае, што падставай для распрацоўкі дакумента стала атака віруса-вымагальніка WannaCry ў траўні 2017 года. У Еўрасаюзе не выключаюць, што да стварэння віруса датычныя хакеры з Паўночнай Карэі. Акрамя таго, Брусэль баяўся ўмяшання Расіі ў выбары ў Германіі.