Еўрапарламент будзе гібрыдным

З’явіліся першыя контуры таго, як будзе выглядаць Еўрапарламент наступнага склікання. Галоўнае — упершыню ў гісторыі блок лева- і правацэнтрысцкіх партый страціць большасць, аднак рэвалюцыі еўрафобаў чакаць не варта.

793177_1519912564_4473.jpg

Нядаўна Джордж Сорас апублікаваў рэзанансны артыкул, у якім параўнаў цяперашні стан Еўрасаюза з Савецкім Саюзам напярэдадні яго калапсу. З такім тэзісам пагадзіцца ў чымсьці можна. З іншага боку, назіраецца цікавая рэч — напэўна, яшчэ ніколі ў гісторыі выбары ў Еўрапарламент, якія прызначаны на 26 мая, не выклікалі такі ажыятаж.

Звычайна да заканадаўчага органу ЕС, які на самай справе мае хутчэй кансультацыйныя функцыі, ставіліся несур’ёзна. Палітыкі першага дывізіёну выбары ў Еўрапарламент, як правіла, ігнаравалі. Выбаршчыкі часам таксама ставіліся да іх несур’ёзна, галасуючы за маргінальныя праекты, накшталт Партыі піратаў або Партыі паляўнічых і рыбакоў. Праўда, да выбарчых участкаў трэба было яшчэ дайсці. Звычайна яўка на выбарах не зашкальвае. У суседняй Польшчы, напрыклад, на апошніх выбарах у Еўрапарламент да ўчасткаў дайшлі толькі 22 працэнты выбаршчыкаў.

У гэтым годзе ўсё кардынальна змянілася. Апатыя вялікай часткі еўрапейцаў на адрас Еўрасаюза выклікала ілюзію яго хуткага скону. Прычым, зрабіць кантрольны стрэл збіраліся самі еўрафобы. Мусіравалася думка, што ў будучым Еўрапарламенце яны атрымаюць салідную фракцыю, якая заблакуе працу інстытута. «Выбары ў Еўрапарламент стануць рэферэндумам паміж Еўропай элітаў, банкамі, фінансамі, іміграцыі, і Еўропай простых людзей», — казаў лідар італьянскіх папулістаў Матэа Сальвіні. Ідэю развіў прэм’ер Венгрыі Віктар Орбан, які заявіў: «Галасаванне 26 мая будзе шанцам сказаць: «Да пабачэння, ліберальная дэмакратыя».

І, нарэшце, у панядзелак, 18 лютага, адразу дзве сацыялагічныя службы — Poll of Polls і Kantar, — азнаёмілі публіку з вынікамі апытанняў наконт выбараў. Думаецца, што яны вельмі расчаравалі аматараў міфу пра агонію ЕС. Еўраскептыкі сапраўды ўзмоцняць свае пазіцыі ў новым Еўрапарламенце, аднак гэта лічба будзе не крытычнай. Фракцыя «Еўропа нацый і свабоды» (ENF), куды ўваходзяць партыя Ле Пэн і Матэа Сальвіні, можа вырасці амаль да 60 чалавек (зараз іх 37). Хаця ENF — гэта не адзіная папулісцкая групоўка. У гэты лагер можна дадаць «Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў» (ECR) або фракцыю «Еўропа свабоды і наўпроставай дэмакратыі» (EFDD). Сукупна еўраскептыкі могуць атрымаць 135 мандатаў.

Аднак адэптам еўраінтэграцыі таксама рана адкаркоўваць шампанскае. Тандэм эсдэкаў і кансерватараў, які заўжды руліў у Еўрапарламенце, апынецца ў меншасці. Кансерватыўная Еўрапейская народная партыя (EРP) можа страціць каля 30 мандатаў, а Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў — каля 50. У выніку першыя будуць мець 183, а другія 135 дэпутатаў. Колькасна гэтага не хапае, каб дыктаваць сваю волю парламенту, які пасля Brexit будзе складаецца з 705 чалавек.

Такім чынам у Еўрапарламенце будзе патавая сітуацыя, якую, праўда, тэхнічна лёгка вырашыць. Кансерватары і сацыялісты могуць раскрыць абдымкі лібералам або эколагам, якім уласцівыя праеўрапейскія настроі. Гэта азначае, што ўвосень Жан-Клод Юнкер, які збіраецца застацца на пасадзе кіраўніка Еўракамісіі, хутчэй за ўсё, лёгка атрымае патрэбную згоду ад еўрапарламентарыяў.

Аднак палітолагі заклікаюць не супакойвацца. Па-першае, не выключана, што ў новай асамблеі паўстануць новыя альянсы або пераходы дэпутатаў у іншыя партыі. Такія вандроўкі могуць паўплываць на профіль аб’яднанняў. Напрыклад, польская партыя «Права і справядлі­васць» (PiS), урад якой рэгулярна сварыцца з Брусэлем, марыць далучыцца да EРP.

Французская «Le Monde» звяртае ўвагу на працэдурныя моманты. На думку выдання, еўраскептыкі могуць пры жаданні тармазіць працэс падрыхтоўкі дырэктываў і рэзалюцый, паколькі фармулёўкі ў тэксце дакументаў звычайна ўзгадняюцца паміж усімі фракцыямі. «Інстытуцыйная перамога еўраскептыкаў немагчымая, аднак пасля 26 мая яны дакладна ўзмоцняць свой ціск на партыі мейнстрыму», — піша «Le Monde».

Аўтарытэту і, адпаведна, палітычнай вагі еўраскептыкам можа дадаць абсалютная перамога ў такой ключавой для лёсу ЕС краіне, як Францыя. Праз тое, што непапулярны Эмануэль Макрон выступае за інтэнсіфікацыю працэсаў еўраінтэграцыі, большасць французаў збіраецца галасаваць за кандыдатаў-еўрафобаў. Прынамсі на цяперашні момант, калі верыць сацыёлагам, лідзіруе «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн.

Нарэшце, нельга таксама забывацца, што ў Рыме пры ўладзе знаходзіцца кааліцыя папулістаў, лідары якой маюць асабісты зуб на Макрона. Вендэта італьянцаў і французаў можа абярнуцца праблемамі наконт вызначэння кандыдатуры на пасаду кіраўніка Еўракамісіі.

Лёгкага жыцця ў аматараў еўраінтэграцыі пасля 26 мая не будзе. З іншага боку, усё ж будзе пераборам параўноўваць цяперашні ЕС з СССР 1991 года.