Федэрацыя польскіх прадпрымальнікаў прапануе дапамогу беларусам

Федэрацыя польскіх прадпрымальнікаў (FPP) прапануе бясплатную дапамогу беларусам у Польшчы і заклікае прэм’ер-міністра Матэўша Маравецкага тэрмінова ўкараніць рашэнні, якія дапамогуць нашым суграмадзянам, якія прыязджаюць у краіну.

flag_3386232_1280.jpg


На думку Федэрацыі, неабходна адразу спрасціць працэдуры працаўладкавання беларусаў у Польшчы, гарантаваць медыцынскую дапамогу і дапамагчы ў арганізацыі жыцця, паведамляе REFORM.by.

Прапануюцца наступныя рашэнні:

  • палягчэнне працэдур, звязаных з працаўладкаваннем беларусаў і скарачэнне часу, неабходнага для рэгістрацыі заявы пра намер даручыць працу іншаземцу ва ўсіх раённых бюро па працаўладкаванні ў краіне да 24 гадзін;
  • афармленне дазволу на працу тыпу «А» ва ўсіх ваяводскіх упраўленнях на працягу 7 дзён;
  • выдача дазволаў на часовае пражыванне і працу на працягу 14 дзён;
  • сацыяльная падтрымка (льготы, магчымасць пастаноўкі на ўлік у бюро занятасці і т. д.);
  • прадастаўленне часовага жылля;
  • бясплатнае вывучэнне польскай мовы;
  • бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.

Акрамя таго, FPP прапануе беларусам бясплатную дапамогу ў сферы фармальных працэдур і кантактаў з установамі, а таксама пры пошуку працы.

Бясплатная дапамога ад FPP ўключае ў сябе:

  • падрыхтоўку афіцыйнай дакументацыі;
  • кантакты з установамі;
  • кансультацыі і парады;
  • падтрымку ў пошуку працы.

За ёй можна звярнуцца па адрасе biuro@federacjaprzedsiebiorcow.pl альбо тэлефоне / viber: +48 734 477 773, паведамляе прэс-служба FPP.

«Дапамога беларусам, якія прыязджаюць у Польшчу, неабходная неадкладна. Вы не можаце адкладаць, таму што для гэтых людзей гэта часта пытанне далейшага выжывання. Сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная, а Польшча — самы важны партнёр, які можа падтрымліваць мясцовыя дэмакратычныя працэсы. Вельмі важна, каб дапамога распаўсюджвалася на ўсіх беларусаў, а не толькі на тых, хто звярнуўся па прытулак або статус бежанца. Вы павінны памятаць, што гэтыя людзі пакінулі свае дамы, працу і сям’ю», — заявіла эксперт у міграцыйнай палітыцы Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў Святлана Вальчак.