Францыя. Кангрэс праціўнікаў англіцызмаў
У Францыі прайшоў кангрэс праціўнікаў пашырэння ўжывання англійскіх слоў у прэсе і на тэлебачанні. Яго арганізатары лічаць, што супрацоўнікі французскіх СМІ часта абыякава ставяцца да экспансіі мовы Шэкспіра ў французскай медыйнай прасторы.
Напрыклад, не перакладаюць на французскую мову назвы амерыканскіх фільмаў, і самае жудаснае — часта самі называюць свае праекты на англійскі лад. Напрыклад, на канале «Canal Plus TV» можна паглядзець праграму «Before and After». На радыё ранішнія праграмы таксама часта называюць «Morning» і г.д. Выступоўцы на кангрэсе патрабавалі скончыць такую практыку.
Яны заклікалі ўлады пашырыць на гэтую сферу дзейнасць прыняты ў 1994 годзе закон, які патрабуе ўжываць у афіцыйных дакументах, рэкламе, падручніках выключна французскія тэрміны.
Праўда, некаторыя аглядальнікі кажуць, што пагроза англіцызмаў — гэта выдумка лінгвістаў. Напрыклад, у суседняй Вялікабрытаніі ёсць папулярная музычная праграма «La Grande Battle» (фр.: вялікая бітва), што, аднак, не правакуе ў аўдыторыі павальнае жаданне вывучаць французскую мову.
Ёсць яшчэ адзін момант. Англійскія тэрміны больш простыя і практычныя. Напрыклад, журналісту, калі ён кажа пра стомленага працай чалавека, прасцей ужыць англіцызм burn-out, чым французскі аналаг — «сіндром прафесійнай стомленасці».
Паводле брытанскай прэсы