Футбольная дыктатура

Правядзенне міжнародных чэмпіянатаў у краінах, дзе пануе дыктатура, пагражае не толькі іміджу іх удзельнікаў, аднак не выключае і маніпуляцыяў на спартовых спаборніцтвах. Пра гэта сведчаць новыя падрабязнасці аднаго скандальнага матчу на чэмпіянаце свету па футболе 1978 года. (Аргенціна-Перу 6:0. Леапольда Луке забівае чацвёрты гол у вароты Перу)



87475f2c1909e4e6d0d7f0e020a2ded3.jpg

Правядзенне міжнародных чэмпіянатаў у краінах, дзе пануе дыктатура, пагражае не толькі іміджу іх удзельнікаў, аднак не выключае і маніпуляцыяў на спартовых спаборніцтвах. Пра гэта сведчаць новыя падрабязнасці аднаго скандальнага матчу на чэмпіянаце свету па футболе 1978 года.

(Аргенціна-Перу 6:0. Леапольда Луке забівае чацвёрты гол у вароты Перу)


Перамога зборнай Аргенціны над Перу на чэмпіянаце свету 1978 года адносіцца да аднаго з самых фантастычных эпізодаў у гісторыі сусветнага спорту. Становішча ў гэтай групе было такім, што, каб выйсці ў фінал, аргенцінская каманда павінна была не толькі перамагчы, а перамачы з розніцай у 4 галы. У іншым выпадку фіналістамі станавіліся б бразільцы.
Прычым перамагаць патрэбна было не абы-каго, а зборную Перу, якая ў 1970-я была моцным арэшкам. У 1970 годзе перуанцы выйшлі ў адну чацвёртую чэмпіянату свету, у 1975-м выйгралі Кубак Амерыкі — галоўны трафей лацінаамерыканскіх зборных. Аднак у выніку аргенцінцы дабіліся свайго. Як жартавалі тады мясцовыя гумарысты, паколькі ў краіне пануе дзікая інфляцыя, на ўсялякі выпадак гаспадары поля забілі на два галы больш, чым гэта было трэба. Шэсць безадказных галоў у вароты Перу далі зборнай Аргенціны пуцёўку на фінальны матч з Нідэрландамі.
Не паспеў прагучаць фінальны свісток, як узнікла шмат спекуляцый наконт таго, што справа тут не надта чыстая. Нават аргенцінскія футбалісты прызнаваліся, што яны да канца не зразумелі, што адбылося на полі. Пазней, ужо пасля падзення дыктатуры, некаторыя з іх прызнаваліся, што адчувалі, што тут яўна прысутнічае палітыка. Выклікала падазрэнне і тое, што адразу пасля заканчэння чэмпіянату Аргенціна бясплатна накіравала ў Перу вялікі карабель з зернем.
Такія падазрэнні былі не выпадковыя, асабліва з улікам палітычнай сітуацыі. Для вайсковай дыктатуры, якая панавала ў Аргенціне, перамога на чэмпіянаце была не толькі справай прэстыжу, аднак легітымізацыяй рэжыму ў вачах суайчыннікаў. Так, было вядома, што напярэдадні турніру лідар хунты Хорхэ Відэла выклікаў да сябе Луіса Меноці — трэнера аргенцінскай зборнай, і запатрабаваў ад яго дзве рэчы. Першая — увесці яшчэ адну літару «т» (Menotti) у яго прозвішча, каб яно не гучала падобна на італьянскае. Другая — выйграць чэмпіянат свету.
Хадзілі чуткі, што сярод вайскоўцаў, якія былі ў апазіцыі да Відэлы, існаваў план перавароту ў выпадку, калі Аргенціна не зможа выйграць Кубак Свету. Канспіратары рабілі стаўку на тое, што параза зборнай справакуе такое масавае незадаволенне аргенцінцаў, што хунту можна будзе лёгка перамагчы.
Праўда, былі іншыя версіі. Шмат хто ва ўсім вінаваціў перуанскага галкіпера, які нарадзіўся ў Аргенціне і быццам сімпатызаваў землякам.
І вось на днях плёткі пра тое, што матч быў куплены, атрымалі афіцыйнае пацвярджэнне. 12 лютага былы перуанскі сенатар Жэнара Ізкіета, даючы паказанне ў аргенцінскім судзе, выдаў сенсацыю. Вынік матчу Аргенціна — Перу быў узгоднены на непасрэднай сустрэчы лідараў дзвюх краін. Аргенціну прадстаўляў кіраўнік хунты Хорхэ Відэла, а Перу — яго калега, таксама дыктатар Францыска Бермудэс. Негацыянты хутка дасягнулі кампрамісу. Перуанскі бок абавязаўся зрабіць так, каб зборная Перу прайграла з патрэбным лікам. Аргенцінскі бок браў на сябе абавязак ліквідаваць 13 вядучых перуанскіх апазіцыянераў на сваёй тэрыторыі.
Яшчэ раней 13 перуанскіх дысідэнтаў — прафсаюзныя актывісты, журналісты, былыя партызаны — былі арыштаваныя ў Перу без хоць нейкай прававой працэдуры. Па словах самога Бермудэса, гэта быў адзіны сродак правесці ў краіне ўпершыню за шмат гадоў свабодныя выбары. Дарэчы, выбары сапраўды адбыліся, у выніку чаго Бермудэс прайграў і пакінуў вялікую палітыку.
Аднак вернемся ў 1978 год. Пакуль перуанскія ўлады думалі, што рабіць з выкрадзенымі дысідэнтамі, стартаваў чэмпіянат свету. 21 чэрвеня Перу і Аргенціна павінны былі згуляць той самы гістарычны матч за выхад у фінал. Менавіта ў гэты час Хорхэ Відэла прапанаваў перуанскаму калегу праект дамовы: вы элегантна прайграяце матч, а мы элегантна вырашаем ваша пытанне з апазіцыянерамі.
Бермудэс пагадзіўся. У выніку 21 чэрвеня стала днём ганьбы для перуанскага футболу. Тое, што перуанцы настроеныя на паразу, было відаць па стартаваму складу каманды, куды галоўны трэнер уключыў шмат моладзі без вопыту гульні ў матчах такога ўзроўню.
Мяркуючы па ўсім, футбалістам Перу таксама някепска заплацілі. Прынамсі пазней гэта прызнаваў варатар перуанцаў у інтэрв’ю аргенцінскай газеце “La Naciоn. Таксама, па яго словах, шмат хто з удзельнікаў таго матчу пасля знік пры загадкавых абставінах. З іншага боку, што заставалася спартсменам? Адзіны пратэст, на які яны аказаліся здольнымі, — выйшлі на поле ў не характэрных для экіпіроўкі каманды чырвоных трусах, каб, па словах трэнера, загадзя давесці, што ім сорамна за гэтую гульню.
Што тычыцца перуанскіх апазіцыянераў, то іх хутка тайна даставілі на поўнач Аргенціны, дзе патрабавалі напісаць просьбы аб адмове ад перуанскага грамадзянства. Цяжка сказаць, што іх чакала, калі б не кампанія, якую пачалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Пад ціскам грамадскасці ўлады Аргенціны адмовіліся ад ідэі забойства. Хутка ў Аргенціне пачаліся дэмакратычныя рэформы, перуанцаў вызвалілі, а пра іх справу забыліся.
І вось праз амаль 40 гадоў тая гісторыя дысідэнтаў зноў выйшла на першыя старонкі газет. Прычым чым далей, тым пытанняў усё больш. Так, нельга забываць пра тое, што ў тыя часы ў рэгіёне дзейнічала “Аперацыя Кондар. Адпаведна ёй, усе спецслужбы Лацінскай Амерыкі пад патранатам ЦРУ супрацоўнічалі для барацьбы з левай апазіцыяй. Таму не выключана, што да махінацыяй у футболе спрычыніліся і амерыканскія чыноўнікі.
Думаецца, што канчатковы адказ на пытанне, як падтасоўвалі гульні чэмпіянату свету 1978 года, ведаюць толькі два чалавека — Хорхэ Відэла і Францыска Бермудэс. Першы, як вядома, асуджаны на пажыццёвы тэрмін за забойствы і катаванні. Другі пакуль на свабодзе, аднак аргенцінская і італьянская Феміда ўжо шукаюць схемы, каб таксама пасадзіць яго ў турму за забойствы ў рамках той жа “Аперацыі Кондар.
Між тым, жоўтая прэса Вялікабрытаніі, дзе пасля Фальклендскай вайны моцныя антыаргенцінскія настроі, заклікае галандцаў тэрмінова аспрэчыць вынікі фінальнага матчу чэмпіянату свету 1978 года. Як вядома, тады “аранжавыя прайгралі аргенцінцам 1:3. На думку газетчыкаў, там таксама не абышлося без палітыкі.
Застаецца агучыць пазіцыю ФІФА. Як піша лонданская газета “Telegraph са спасылкай на свае крыніцы ў Федэрацыі, там уважліва сочаць за скандалам, аднак без афіцыйных запытаў нічога рабіць не збіраюцца.