Глядзіце, хто ідзе!

Выбары ў Еўрапарламент, якія прайшлі 5–8 чэрвеня, змянілі канфігурацыю палітычных сіл у ЕС. Самая галоўная тэндэнцыя — закат сацыял-дэмакратыі. Аднак святое месца пустым не бывае: левы фланг еўрапейскай палітыкі імкліва акупуюць новыя партыі.

Каб зразумець глыбіню катастрофы сацыял-дэмакратаў, дастаткова прывесці адзіны факт: у Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі партыі левага цэнтру атрымалі самую малую колькасць галасоў у пасляваенныя часы.



e57c6b956a6521b28495f2886ca0977a.jpg

Выбары ў Еўрапарламент, якія прайшлі 5–8 чэрвеня, змянілі канфігурацыю палітычных сіл у ЕС. Самая галоўная тэндэнцыя — закат сацыял-дэмакратыі. Аднак святое месца пустым не бывае: левы фланг еўрапейскай палітыкі імкліва акупуюць новыя партыі.

Каб зразумець глыбіню катастрофы сацыял-дэмакратаў, дастаткова прывесці адзіны факт: у Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі партыі левага цэнтру атрымалі самую малую колькасць галасоў у пасляваенныя часы.
Аднак пра ўсё па чарзе: у Аўстрыі эсдэкі, якія ўваходзяць у вялікую кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі, атрымалі 28 працэнтаў. У Германіі, дзе ружовыя таксама фармуюць блок з правымі цэнтрыстамі, — 20,8 працэнта. Як было сказана вышэй, гэта самы нізкі ўзровень падтрымкі эсдэкаў пасля другой сусветнай вайны. У Вялікабрытаніі лейбарысты ледзь не прапусцілі наперад экзатычных еўраскептыкаў з Партыі незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства. У незалежнікаў 12 працэнтаў, у партыі Гордана Брауна — 15,8. У Францыі сітуацыя падобная. Партыя сацыялістаў мае ўсяго 16,8 працэнта. Менш партыя атрымлівала толькі ў 2002 годзе, калі на выбарах прэзідэнта праваліўся Ліанэль Жаспен. У Партугаліі, дзе 22 гады сацыялісты былі пры ўладзе, за іх прагаласавала 26 працэнтаў. У Польшчы Саюз левых дэмакратаў заняў ганаровае трэцяе месца, аднак ад пераможцаў — правых і лібералаў — яго аддзяляюць дзесяткі працэнтаў.
Не будзем ужо казаць пра краіны былога камуністычнага блоку, дзе палітычная культура вельмі прымітыўная і людзі часцей галасуюць за папулістаў, якія абяцаюць залатыя горы. Так, у Латвіі сацыял-дэмакраты (партыя, дарэчы, была створаная яшчэ ў ХІХ стагоддзі) атрымалі 3,8 працэнта.
Увогуле, толькі ў 13 з 27 краін ЕС сацыял-дэмакратам удалося сабраць больш за 20 працэнтаў.
Амаль іранічна выглядае той факт, што галоўны электаральны бастыён ружовых — Мальта. Тут за партыю прагаласавала больш за ўсё выбаршчыкаў у працэнтных суадносінах.
Рэзюме экспертаў: сацыял-дэмакратыя страціла ідэйную гегемонію ў грамадствах краін Заходняй Еўропы. Мова пра так званую канцэпцыю сацыяльнай дзяржавы.
Гісторык Йозеф Фантана на старонках блізкай да іспанскіх сацыялістаў газеты «Publico» піша, што галоўнай прычынай падзення эсдэкаў стала ідэйная эвалюцыя левацэнтрысцкіх партый у бок цэнтра. «Старыя партыі эсдэкаў ператварыліся ў партыі, падобныя да партыі дэмакратаў у ЗША. Яны занятыя праблемамі індывідуальных праў грамадзяніна, аднак не сацыяльных», — сцвярджае Фантана.
Гегемонія гегемоніяй, аднак праблемы сацыяльнай справядлівасці, доступу грамадзян да адукацыі і медыцыны, правоў працоўных калектываў, роўнасці жанчын (старыя галоўныя фішкі левых) дасюль застаюцца актуальнымі. Тым больш, калі на двары крызіс.
У нішу эсдэкаў імкліва накіраваліся новыя палітычныя фармацыі левай арыентацыі. Каго толькі тут няма! Новыя левыя партыі можна кваліфікаваць наступным чынам.
Зялёныя
З пачатку 1980-х Зялёныя з’яўляюцца галоўнымі канкурэнтамі эсдэкаў у барацьбе за галасы левых выбаршчыкаў. Гэтыя выбары можна лічыць дастаткова паспяховымі: у 10 краінах ЕС яны перайшлі планку ў 8 працэнтаў. Больш таго, у Францыі, Фінляндыі, Галандыі, Латвіі і Люксембургу яны зраўняліся з сацыялістамі.
Посткамуністы
Мова пра партыі, якія былі сфармаваныя на базе былых камуністычных прасавецкіх партый, аднак прынялі больш рэфармісцкія праграмы. Галоўнымі такімі партыямі ў ЕС з’яўляюцца шведская партыя левых, нямецкая партыя Левыя і Левы Фронт у Францыі (створаная да выбараў кааліцыя з камуністаў і часткі былых сяброў партыі сацыялістаў). Левыя і Левы Фронт набралі, адпаведна, 7 і 6 працэнтаў. Нямецкія Левыя трохі расчараваныя вынікамі (для іх было важна апярэдзіць Зялёных). А вось французскія чырвоныя могуць быць цалкам задаволенымі: яны не далі абагнаць сябе трацкістам.
Камуністы

Да гэтага лагеру адносяцца партыі, якія прынцыпова адмовіліся карэктаваць свае дактрыны пасля падзення СССР, дасюль ідэалізуюць савецкі час. Як не дзіўна, за іх галасуюць. У Партугаліі камуністы атрымалі 10 працэнтаў, у Грэцыі — 8 працэнтаў.
Посттрацкісты
Феномен посттрацкізму як масавага руху характэрны выключна для Францыі. Тут у мінулым годзе на базе адной з трацкісцкіх партый была створаная ідэйна больш шырокая Новая антыкапіталістычная партыя. За яе аддалі галасы 4,9 працэнта. Не шмат, аднак для пачатку, думаецца, неекпска.
Левыя сацыялісты
Левыя сацыялісты — гэта яшчэ адзін цікавы від еўралевых. Шакаваныя тым, як СССР у 1956 годзе падавіў паўстанне ў Венгрыі, сябры шматлікіх кампартый Еўропы паклалі білеты на стол і пачалі будаваць сваю партыйную мадэль. Найбольш паспяхова атрымалася ў Нідэрландах і Даніі. Адпаведна, там сёння за левых сацыялістаў прагаласавала 7 і 16 працэнтаў электарату.
Піраты
Самая экзатычная левая фармацыя ў ЕС, створаная на хвалі барацьбы маладых фанатаў кампутараў супраць буйных карпарацый кшталту Microsoft, што дамагаюцца ад урадаў забароны нелегальнага капіявання лічбавай прадукцыі (праграмы, музыка, кіно і г.д). Партыя піратаў была створана ўсяго тры гады таму, аднак здолела на выбарах у апошнія выходныя сабраць фантастычную колькасць галасоў — 7 працэнтаў.
Палітолагі лічаць, што спатрэбіцца яшчэ адзін электаральны цыкл, каб канчаткова зразумець — зможа або не альтэрнатыўная левая замяніць сацыял-дэмакратаў. Зараз, калі параўнаць колькасць галасоў, пададзеных за новых левых і эсдэкаў па ўсіх краінах ЕС, атрымліваецца, што маладыя левыя амаль наступаюць на пяткі мастадонтам.
Хаця ў прынцыпе не трэба здымаць пытанне, наколькі наогул левая ідэя запатрабаваная ў Еўропе ва ўсіх яе трактоўках і інтэрпрэтацыях. Напрыклад, у Францыі з яе моцнымі левымі традыцыямі, калі падсумаваць усе галасы, пададзеныя за левыя партыі (сацыялісты, Зялёныя, антыкапіталісты і Левы фронт), атрымліваецца, што за левых прагаласавала вельмі мала, усяго 27 працэнтаў выбаршчыкаў.