Гуманная смерць
Новы метад смяротнага пакарання апрабавалі ў штаце Агайо на Кенеце Бірасе, які, думаецца, менш за ўсё хацеў такой славы. Кенет, дарэчы, быў пакараны за забойства і згвалтаванне 22-гадовай дзяўчыны. Забіўшы ахвяру, ён парэзаў цела нябожчыцы на часткі, якія закапаў. Хутка, аднак, яго чакалі арышт, суд і смяротны вырак.
Новы метад смяротнага пакарання апрабавалі ў штаце Агайо на Кенеце Бірасе, які, думаецца, менш за ўсё хацеў такой славы. Кенет, дарэчы, быў пакараны за забойства і згвалтаванне 22-гадовай
дзяўчыны. Забіўшы ахвяру, ён парэзаў цела нябожчыцы на часткі, якія закапаў. Хутка, аднак, яго чакалі арышт, суд і смяротны вырак.
Навізна новага метаду пакарання ў тым, што злачынцу забілі праз увядзення яму ў вену дозы ціапенталу. Раней для падобных спраў ужывалі так званы «тэхаскі кактэйль» —
пентатал натрыю, павулон, хларыд калію. Прыхільнікі новага прэпарату сцвярджаюць, што ім удалося знайсці доўгачаканую форму гуманнага пакарання.
Аднак перш за ўсё трэба згадаць эвалюцыю сродкаў смяротнага пакарання ў ЗША. Пачыналася ўсё яшчэ ў часы каланізацыі, калі на месцах панаваў закон Лінча. Па яго правілах, таго, каму выносілі
прысуд, чакала шыбеніца. Прыкладна сто гадоў таму з развіццём тэхналогій і пашырэння гуманістычных дактрын у моду ўвайшлі электрычныя крэслы.
Методыка забойства асуджанага праз электрычнае крэсла простая: падаецца ток у 2700 вольт. Доўгі час казалі, што гэты спосаб — вельмі гуманны. Быццам ахвяра не адчувае болю (ток, сцвярджалі
аматары гэтага тэзісу, разбурае аддзелы нервовай сістэмы, адказныя за боль, у 30 раз хутчэй, чым пры іншых сродках пакарання). Праціўнікі пераконвалі, што ўсё гэта — чыстая тэорыя, і
спасылаліся на выпадкі, калі праз асуджаных былі вымушаны прапускаць ток некалькі разоў. Былі прэцэдэнты, калі падчас экзекуцыяй у іх ад болю вылазілі з арбіт вочы.
Прыблізна з 1960-х гадоў у большасці штатаў сталі прызнаваць электрычнае крэсла брутальным і нават супярэчным канстытуцыі сродкам пакарання. На той час існавалі іншыя формы расправы над злачынцамі
— газавая камера, шыбеніца, расстрэл. Аднак у якасці альтэрнатывы электрычнаму крэслу перамагла смяротная ін’екцыя.
Сцэна пакарання праз ін’екцыю выглядае наступным чынам. Асуджаны фіксуецца на спецыяльным крэсле. Яму ўводзяць у вену іглу кропельніцы. Праз гэту кропельніцу і ўводзіцца той самы славуты
кактэйль. Яго інгрэдыенты, нагадаю, пентатал натрыю, павулон, хларыд калію. Першы ўжываецца для анестэзіі, другі паралізуе мускулатуру, нарэшце, трэці прыпыняе працу сэрца. Смерць наступае на працягу
трох хвілін. Лічыцца, што сама ахвяра болю не адчувае. Яна быццам пагружаецца ў глыбокі сон.
Упершыню ідэю смяротнай ін’екцыі прапанавалі яшчэ ў 1888 годзе. Аднак толькі ў 1977 годзе штат Аклахома стаў першым, дзе смяротная ін’екцыя была прызнаная афіцыйным метадам
пакарання. З таго часу колькасць штатаў, дзе практыкуюць такі спосаб пакарання, пашырылася да 38.
Крытыкі смяротнага пакарання хутка знайшлі ў такім спосабе недапрацоўкі. Цудоўны «кактэйль» аказаўся не такім ужо стопрацэнтным сродкам. Здаралася, агонія ахвяр цягнулася доўгі час.
Смутны рэкорд паставіў Джэймс Кларк, якога пакаралі ў тым жа Агайо. Ён паміраў 90 хвілін. Пры гэтым крычаў: «Яно не працуе». Турэмная служба не ведала, што рабіць. Нарабіла скандалу
і справа Ромела Брума, якога катавалі 15 верасня мінулага года ў тым жа Агайо. На працягу дзвюх гадзін медыкі не маглі трапіць яму ў вену. Нарэшце трапілі… шпрыцам у косць. У выніку
губернатар штату (па іроніі, сам былы турэмшчык з аддзелу смяротных пакаранняў) загадаў адмяніць працэдуру. Ромела (якога, дарэчы, судзілі за забойства 14-гадовай дзяўчыны) адправілі на нары. Цяпер
чакаюцца дадатковыя слуханні па ягонай справе. У Фларыдзе смяротную ін’екцыю забаранілі пасля таго, як турэмны доктар памылкова трапіў асуджанаму іглой у мышцу, а не ў вену. У выніку апошні
паўгадзіны да смерці вельмі пакутаваў ад болю.
Застаецца дадаць, што раней за ЗША ідэю смяротнай ін’екцыі прыдумалі нацысты. Лідэр нямецкіх камуністаў Эрнст Тэльман быў забіты менавіта такім чынам.
Асноўныя праблема ў тым, што дазіроўка прэпаратаў часта парушаецца (пра гэта сведчаць вынікі ўскрыцця пакараных у некаторых штатах). Прычым у некаторых з іх канцэнтрацыя абязбольваючых была ніжэй,
чым неабходна пацыенту нават для хірургічнай аперацыі. Адказам на крытыку стала прапанова ўводзіць не «кактэйль», а адзін прэпарат. Мова пра ціапентал натрыю (яго выкарыстоўваюць у
медыцыне для кароткачасовай амнезіі), перадазіроўка якога выклікае смерць.
Наколькі забойства з дапамогай ціапенталу можа лічыцца гуманным? Дэбаты на гэты конт толькі пачынаюцца. Апаненты смяротнага пакарання ўжо сцвярджаюць, што пры такім спосабе фактычна адсутнічае
анестэзія.
Вынікі дэбатаў хутчэй за ўсё будуць залежыць ад агульнага стаўлення амерыканцаў да практыкі ўжывання смяротнага пакарання. Сёння яна перажывае некаторы рэнесанс у параўнанні з 1990-мі гадамі. Аднак
спецыялісты кажуць, што ў прынцыпе назіраецца тэндэнцыя на карысць паступовай адмены экзекуцый. Палова амерыканцаў працягвае падтрымліваць смяротнае пакаранне, аднак пры гэтым яны ў большасці
выступаюць за дэталёвае следства і суд і пры гэтым не задаволеныя тым, што праз падаткі павінны фінансаваць утрыманне падазронага ў турме на працягу ўсяго жыцця. Між тым, самі суддзі, навучаныя
справамі, калі пакараныя смерцю ў выніку аказваліся невінаватымі, не вельмі ахвотна падпісваюць смяротныя вердыкты.
У заключэнні можна згадаць, што ціапентал доўгі час лічыўся сывараткай праўды, пад уздзеяннем якой чалавек быццам не можа хлусіць. Вядома, што шматлікія разведкі сапраўды праводзілі эксперыменты з
ціапенталам, аднак практычных вынікаў гэтыя доследы не мелі.