Хабар на мільён долараў. У чым ваенныя абвінавачваюць Аун Сан Су Чжы

Ваенныя, якія захапілі ўладу ў М'янме 1 лютага, абвінавацілі фактычнага лідара краіны Аун Сан Су Чжы ў незаконным узбагачэнні.

1046790581_logo_1.jpg

Грошы і золата, паводле версіі ваенных, ёй перадаў былы галоўны міністр Янгоне Пхйо Мін Тэйн. Паводле слоў прадстаўніка хунты, ён сам распавёў пра хабар. Ніякіх доказаў таго, што Аун Сан Су Чжы атрымлівала якія-небудзь грошы, вайскоўцы не далі.
Лідар партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» застаецца пад арыштам з пачатку лютага.
Дзе канкрэтна яе трымаюць, дакладна невядома. З моманту затрымання ёй прад'явілі абвінавачанні ў незаконным прысваенні, захоўванні і перавозцы рацый, парушэнні правілаў каранціну і закона аб прадухіленні стыхійных бедстваў.
Абвінавачанне ў атрыманні незаконных плацяжоў, высунутае ў чацвер, пакуль стала самым сур'ёзным.
Кошт золата, якое, па сцвярджэннях ваенных, яна атрымала разам з грашыма, складае прыкладна 600 тысяч долараў. Такім чынам, сумарна, паводле іх версіі, Аун Сан Су Чжы прысвоіла больш за мільён долараў.
Дэпутат ад яе партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» назваў абвінавачанні паклёпам.
«Яны абвінавачваюць палітыкаў у крадзяжы, у той час як самі беспакарана забіваюць нявінных людзей на вуліцах М'янмы», — сказаў дэпутат.
У чацвер сілы бяспекі забілі яшчэ як мінімум сем чалавек, у выніку чаго агульная колькасць загінуўшых з пачатку пратэстаў супраць захопу ўлады перавысіла 60. Паводле слоў відавочцаў, некаторыя пратэстоўцы былі забітыя стрэламі ў галаву.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінаваціла вайскоўцаў у забойстве, сцвярджаючы, што супраць няўзброеных дэманстрантаў ўжывалі баявую зброю, страляючы на ​​паражэнне.
«Гэта не нейкія дзеянні асобных супрацоўнікаў, якія прымаюць няслушныя рашэнні. Гэта свядомыя крывавыя метады вопытных камандзіраў, якія ўжо былі замяшаныя ў злачынствах супраць чалавечнасці», — заявіла прадстаўніца Amnesty Джоан Марынер.
М'янма ахоплена вулічнымі пратэстамі з тых часоў, як ваенныя захапілі кантроль і затрымалі Аун Сан Су Чжы.
ААН, ЗША і шэраг іншых краін асудзілі забойства мірных жыхароў, якія выступаюць супраць перавароту ў М'янме, і заклікалі новыя ўлады праяўляць стрыманасць. Заклікі пакуль не падзейнічалі.
tut.by