Галівуд, гармоны і палітыка
Пасля цяперашняга скандалу Галівуд будзе іншым, піша амерыканская прэса. У тым ліку зменіцца яго роля ў палітычным працэсе як у ЗША, так і ў свеце.
Калі пагаджацца з папулярным афарызмам пра тое, што прэса — чацвёртая ўлада, то Галівуд можна смела назваць пятай. «Фабрыка мараў» не толькі вырабляе і навязвае клішэ пазітыўнага і негатыўнага палітыка і фармуе стаўленне грамадства да нейкіх падзей — кіношнікі без усялякіх комплексаў умешваюцца ў самыя высокія палітычныя сферы.
Самы свежы прыклад — апошняя прэзідэнцкая гонка ў ЗША, калі ўся галівудская тусоўка аднагалосна агітавала за Клінтан, а славуты Роберт Дэ Ніра нават публічна абяцаў начысціць пысу кандыдату ад рэспубліканцаў. Баяцца Галівуду нават за мяжой: нядаўні антыпуцінскі ролік акцёра Мілана Фрыдмана прымусіў увесь расійскі агітпроп моцна панервавацца.
Аднак цяпер часы, калі Галівуд дыктаваў свае правілы Беламу дому, засталіся ў мінулым. Мегаскандал вакол прадзюсара Харві Вайнштэйна, якога падазраюць у сексуальных злачынствах, нівелюе вагу і думку акцёраў на палітычным рынку. Нагадаем, што Вайнштэйн тры дзесяцігоддзі схіляў да сексу галівудскіх акцёрак, якія атрымлівалі ролі ў яго карцінах. У расследаванні называюцца імёны 13 жанчын. Хутка стала вядома, што кастынгам у ложку займаўся не толькі Харві.
На самай справе, фігурантам аферы, па сутнасці, стаў кожны рэзідэнт Беверлі-Хілз. На думку прэсы, нават тыя, хто не быў ахвярай брудных заляцанняў Вайнштэйна, не маглі не ведаць пра яго ўчынкі. Аднак пры гэтым чамусьці маўчалі, што фактычна робіць іх саўдзельнікамі злачынства.
І гэта толькі пачатак спекуляцый. Некаторыя СМІ лічаць, што акцёркі — ахвяры гвалту Вайнштэйна, вынеслі смецце з хаты толькі таму, што ў прадзюсера пачаліся праблемы ў бізнесе. Не маючы ніякіх шанцаў граць у яго фільмах, яны адважыліся на споведзь.
Не менш за Вайнштэйна пацярпела ад гэтых споведзяў Дэмакратычная партыя ЗША, якой традыцыйна сімпатызуе Галівуд. Аматарам дэмакратаў быў і Вайнштэйн, які толькі з 2000 года перавёў на партыйныя рахункі больш за мільён долараў у якасці ахвяраванняў. Гэта без уліку трансфераў у фонд выбарчых штабоў розных кандыдатаў ад дэмакратаў. Фінансаваў Вайнштэйн і няўрадавыя арганізацыі накшталт праваабаронцаў, якім сёння сорамна глядзець людзям у вочы. Дэмакратычны выбарчы камітэт (DNC) ужо праінфармаваў, што ўсе датацыі, атрыманыя ад Вайнштэйна, будуць пераведзеныя на рахункі розных праваабарончых арганізацый, што, аднак, не астудзіла эмоцый.
Па сутнасці, праз Вайнштэйна дэмакраты губляюць рэнамэ партыі — абаронцы правоў жанчын, якія, дарэчы, актыўна за іх галасавалі. Узгадалі ў медыя і сямейства Клінтан у часы іх прэзідэнцтва. Біл Клінтан, прычым, з маўклівай згоды Хілары, паводзіў сябе з супрацоўніцамі адміністрацыі ў стылі Вайнштэйна, што дасюль не атрымала адпаведнай ацэнкі.
Затое на вуліцы рэспубліканцаў — свята. Няма сумневаў, што з цяперашнім іміджам Галівуд будзе менш актыўна ўдзельнічаць у розных палітычных кампаніях, у тым ліку супраць Дональда Трампа. У сувязі з гэтым дапускаюць, што публікацыя ў «The New York Times», пасля якой выбухнуў скандал, — аперацыя блізкіх да Трампа палітычны тэхнолагаў.
Некаторыя кансерватыўныя калумністы ідуць яшчэ далей. На іх думку, наспеў час рэформы ўсёй амерыканскай кінаіндустрыі. Логіка тут наступная: Вайнштэйн і іншыя кіношнікі-вычварэнцы — па сутнасці, ахвяры сваіх жа фільмаў, дзе хапае гвалту, сексу, наркотыкаў. Адсюль гучыць заклік увесці ў Галівудзе маральную цэнзуру, якая, маўляў, выратуе шмат жанчын ад асобаў, падобных да Харві.
Праўда, ёсць і тыя, хто спадзяецца, што скандал сціхне неяк сам па сабе. Яны ўзгадваюць, што падобныя рэчы ўжо мелі месца ў гісторыі амерыканскага кіно. Дастаткова ўзгадаць справу славутага Рамана Паланскага, якога дасюль намагаюцца прыцягнуць да адказнасці за згвалтаванне непаўнагадовай яшчэ ў 1970-х гадах. Час ад часу ад Еўропы, дзе хаваецца Паланскі, патрабуюць яго экстрадыцыі за акіян, што выклікае ажыятаж у СМІ, аднак пасля пра «подзвігі» рэжысёра зноў забываюць. У свой час удалося замяць скандал Мелу Гібсану, якога ўсе цураліся пасля яго гучных антысеміцкіх заяў. Ніколі не хаваў раманаў са сваімі акцёркам Вудзі Ален, аднак гэта чамусьці ўспрымалася іранічна.
Нарэшце, нельга не агучыць самы неверагодны прагноз, які выявіўся на старонках «US News». Пішуць, што драма Вайнштэйна, які пагадзіўся пайсці з усіх пасадаў пад ціскам грамадскасці, можа натхніць парламентароў у Вашынгтоне. Маўляў, яны могуць адважыцца запусціць працэс імпічменту Трампа. Праўда, аўтар артыкула лічыць, што наступствы такога кроку будуць трагічнымі для свету. У выпадку слуханняў наконт імпічменту, Трамп абавязкова паспрабуе адцягнуць увагу за кошт нейкай авантуры. Не выключаюць, што ён атакуе Паўночную Карэю або Іран з рызыкай выклікаць Трэцюю сусветную вайну.