Гэльскае адраджэнне. Гісторыя і сучаснасць нацыянальнай мовы
Сёння беларуская мова знаходзіцца ў бязрадасным стане. Нашу мову амаль выціснулі з афіцыйнага ўжытку, з універсітэцкіх праграм і максімальна скарацілі гадзіны, што былі адведзены на яе ў школе. Але гэта не першы такі сумны прыклад у гісторыі. Падобныя рэпрэсіі зазналі ў свой час гэльскія мовы, родныя мовы ірландцаў і шатландцаў.
Гісторыя гэльскай мовы ў Ірландыі
Хутчэй за ўсё, гэльская мова з’явілася ў Ірландыі яшчэ да нашай эры разам з кельцкімі перасяленцамі і доўгі час заставалася галоўнай мовай вострава. Аднак у 70-х гадах XII стагоддзя — пры англійскім каралю Генрыху ІІ Плантагенэце — пачынаецца англа-нармандская заваёва Ірландыі. Заваяванне вострава праходзіла паступова і праз вялікую кроў. Канчаткова Ірландыя была далучана да Англіі толькі ў пачатку XVII стагоддзя, а рэшткі аўтаноміі страціла ў самым канцы XVIII. У 1801 годзе на падставе Акта аб уніі Вялікабрытаніі і Ірландыі востраў стаў часткай Злучанага каралеўства. Увесь гэты час ішла павольная як палітычная, так і культурная асіміляцыя вострава. Англійскія ўлады спачатку спрабавалі абмежаваць выкарыстанне ірландскай мовы ў афіцыйным ужытку. Аднак большая частка простых ірландцаў усё адно працягвалі карыстацца роднай мовай.
Такая сітуацыя цягнулася да таго часу, пакуль улады Брытанскай імперыі ў 1831 годзе не заснавалі ў Ірландыі адзіную сістэму англійскіх школ з абавязковым выкладаннем на выключна англійскай і з абавязковым жа яе наведваннем. Ірландская пачала выціскацца яшчэ больш настойліва. Яна, канечне, адразу нікуды не знікла, але стала амаль выключна мовай сялянства, пераважна нават найбольш бедных яго слаёў.
Але найбольш разбуральны ўплыў на ірландскую мову мела нават не палітыка брытанскіх уладаў, а вялікі голад 1840-х, выкліканы рэкордным неўраджаям бульбы, якая, як і ў выпадку з беларусамі, была значным прадуктам харчавання для сялян. У выніку голаду загінула не менш за мільён чалавек і яшчэ больш пакінула краіну. Ацалелыя ж сяляне змяшаліся з гарадскім насельніцтвам Ірландыі, што даўно ўжо перайшлі на англійскую. У выніку колькасць ірланамоўных скарацілася ў вялізных памерах, а калі дадаць сюды яшчэ і вялікую колькасць англійскіх перасяленцаў, то сітуацыя для ірландскай мовы набліжалася да катастрафічнай.
Аднак, нават у такой сітуацыі, ірландскія патрыёты не хацелі здавацца. У 1893 годзе з мэтай развіцця нацыянальнай самасвядомасці паэтам і збіральнікам фальклору Дугласам Хайдам была створана Гэльская ліга, якая ставіла сваёй мэтай аднаўленне ірландскай мовы і культуры.
І гэтая дзейнасць не была бессэнсоўнай. Хаця ірландская мова і перажыла рэзкі заняпад у XIX стагоддзі, яна ўсё роўна працягвала лічыцца многімі ірландцамі крыніцай нацыянальнага гонару. Вялікі ўнёсак e захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці зрабіла і каталіцкая царква, многія са святароў якой былі шчырымі патрыётамі сваёй радзімы. Усё гэта разам і не дала нацыі канчаткова асімілявацца і прывяло ўрэшце да ўзнікнення моцнага руху за незалежнасць у пачатку стагодlзя ХХ.
Гісторыя гэльскай мовы ў Шатландыі
Гэльская мова была прывезена ў Шатландыю з паўночнай Ірландыі прыкладна ў V стагоддзі і да канца як мінімум да X-ХІ стагоддзяў, а то і даўжэй, была найбольш распаўсюджанай мовай на большай частцы тэрыторыі Шатландыі.
Але ёй, як часта гэта бывае, не пашанцавала з суседам. Каралі Англіі былі не супраць далучыць да сваёй дзяржавы і шатландскія землі. Як і ў выпадку з Ірландыяй, працэс гэты быў доўгім, крывавым і цягнуўся не адно стагоддзе. Але доўгі час іх улада распаўсюджвалася толькі на поўдзень краіны.
Фактычна, у выніку англійскай экспансіі, у краіне ўтварыліся дзве асобныя разнамоўныя тэрыторыі: паўднёвая, раўнінная частка Шатландыі (гэльск. a'Ghalldachd, скотс. Lallans) паступова перайшла на англа-шатландскую мову, так званы Скотс. У паўночных жа цяжкадасяжных горных раёнах (гэльск. Roinn na Gàidhealtachd), дзе сапраўдная ўлада належала буйным сямейным кланам, якія ўвогуле не надта хацелі падпарадкоўвацца якой-небудзь кароне, працягвалі размаўляць па-гэльску.
Гэтая фізічная і палітычная ізаляцыя дазволіла гэльскай не толькі захавацца як асобнай мове, але і дапамагчы стварыць унікальнаю культуру шатландскага нагор'я. Таму, нават калі Шатландыя і Англія былі аб'яднаны ў саюзную дзяржаву ў адпаведнасці з Актам саюза 1707 года, яна яшчэ доўга захоўвалася як мова горных кланаў.
Але пасля паразы прынца Чарльза Эдварда Сцюарта і апошняга паўстання якабітаў у 1746 годзе брытанскі ўрад пачаў забараняць усе элементы культуры горцаў, у тым ліку гэльскую мову. Гэта было зроблена каб разбурыць кланавыя структуры і прадухіліць магчымасць новага паўстання. Праз час адрадзіць яе спрабавалі шатландскія дзеячы культуры. Аднак яны разглядалі адраджэнне мовы продкаў як элемент рамантызму, а не як магчымы сродак зносін.
Паступова гэльская мова Шатландыі была даведзена амаль да поўнага знікнення. І гэта не дзіўна. Так, згодна з адукацыйным законам ад 1872 года, вучням школ забаранялі не толькі вывучаць, а нават гаварыць на сваёй мове. Таму ў выніку сутыкнення з жорсткім пакараннем і прыніжэннем за тое, што яны размаўляюць па-гэльску, многія бацькі вырашылі наўпрост не перадаваць гэтую мову сваім дзецям. Гэльскамоўная адукацыя аднавілася ў Шатландыі толькі ў канцы 1980-х гадоў.
Сучасны стан
Пасля заснавання незалежнай ірландскай дзяржавы сітуацыя перастала выглядаць настолькі жудаснай. Сёння адміністрацыйная і юрыдычная праца ў краіне вядзецца на ірландскай мове. Таксама яна выкладаецца ўсім вучням школ разам з англійскай. І хоць сітуацыя яшчэ моцна далёкая ад станоўчай, зараз eжо большасць ірландцаў у той ці іншай ступені могуць гаварыць па-ірландску. Найбольшай канцэнтрацыя носьбітаў зараз у графстве Голуэй. Урад Ірландскай рэспублікі робіць усё магчымае для пашырэння роднай мовы і на міжнародным узроўні. Так, з 2007 года яна стала адной з рабочых моў Еўрасаюза.
Ужыванне гэльскай мовы ў Шатландыі таксама расце, хоць яе выкарыстанне, асабліва ў паўднёвых раёнах краіны не надта вялікае. На сённяшні дзень толькі 1,5 % шатландцаў пастаянна размаўляюць на гэльскай мове, большая частка іх жыве на востраве Скай і асобных высокагорных раёнах.
Але шатландскія ўлады намагаюцца змяніць сітуацыю. Гэльскай мовай пішыцца на дарожных знаках і назвах вуліц. Адкрываюцца школы з выключна з гэльскай мовай выкладання.
Мясцовым парламентам нават быў прыняты Закон, які прызнаў гэльскую афіцыйнай мовай Шатландыі. Законапраект быў унесены ў парламент 28 верасня 2004 года, і 21 жніўня 2005 года ён аднагалосна прагаласаваў за яго ўхваленне.
Як бачым, не адныя беларусы зазналі ў сваёй гісторыі моўны генацыд. І ў Ірландыі, і ў Шатландыі ў свой час рабіліся спробы выкараніць нацыянальныя мовы і культуру, хоць і з рознай ступенню поспеху. Аднак, як толькі змянілася палітычная сітуацыя, адразу ж пачаліся станоўчыя змены і ў моўным пытанні. Зараз у абедзвюх краінах робяцца ўпэўненыя крокі да нацыянальнага адраджэння. І хоць пакуль што вынікі даволі сціплыя, пазітыўныя змены, асабліва ў Ірландыі, бачныя ўжо зараз. Таму і нам, беларусам, не трэба губляць надзеі. Давайце не цурацца нашай роднай мовы, падтрымліваць свае культурныя традыцыі і адзін аднаго. Беларускае адраджэнне таксама не за гарамі.