Германія атрымала ад турэцкіх дыпламатаў 136 просьбаў пра прытулак
Улады Германіі паведамілі, што за апошнія паўгода атрымалі ад турэцкіх дыпламатаў 136 запытаў аб прадастаўленні палітычнага прытулку.

Рэджэп Эрдаган. Эрдаган абвінаваціў у арганізацыі перавароту прапаведніка Фетхулу Гюлена, які жыве ў ЗША. Фота GETTY IMAGES
Колькасць заявак пачала рэзка расці пасля таго, як у ліпені 2016 года ў Турцыі правалілася спроба звяржэння прэзідэнта Эрдагана.
У заяве міністэрства ўнутраных спраў Германіі не названыя прозвішчы гэтых 136-ці, але адзначаецца, што ўсе яны — трымальнікі дыпламатычных пашпартоў. Сярод гэтых людзей могуць быць не толькі дыпламатычныя работнікі, але і іх сямейнікі, якім таксама выдаюцца дыпламатычныя пашпарты.
Пасля спробы перавароту ў Турцыі пачаліся маштабныя кадравыя чысткі і арышты. З краіны збегла група вайскоўцаў, якія, як мяркуецца, прымалі ўдзел у путчы.
У канцы студзеня ўлады Грэцыі адмовіліся выдаць Турцыі васьмярых ваенных, што ўцяклі з краіны, чым выклікалі гнеў турэцкіх уладаў.
Нагадаем, узброенае паўстанне ў Турцыі пачалося ўвечары 15 ліпеня 2016 года. Група афіцэраў заявіла, што бярэ кіраванне краінай у свае рукі.
Ваенныя змаглі на некалькі гадзін узяць пад кантроль галоўныя вуліцы, масты і некалькі стратэгічна важных будынкаў у Анкары і Стамбуле, але неўзабаве паўстанне было здушана, а яго ўдзельнікі арыштаваныя. У выніку паўстання загінулі некалькі сотняў чалавек.
Улады Турцыі абвінавацілі ў арганізацыі перавароту прапаведніка Фетхулу Гюлена, які жыве ў ЗША, і запатрабавалі яго экстрадыцыі.
У ходзе расследавання ў Турцыі былі затрыманыя тысячы чалавек. Арыштаваныя скардзіліся на невыкананне іх правоў і катаванні.
Паводле ВВС