Геі і шахцёры разам

У Брытаніі на экраны выходзіць скандальны фільм «Pride» пра сумесную барацьбу геяў і шахцёраў супраць рэформаў Маргарэт Тэтчэр.Фільм распавядае пра малавядомы эпізод брытанскай гісторыі 30-гадовай даўніны.



js33915622.jpg

У самы разгар масавага страйку шахцёраў 1984–1985 гадоў прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў стварылі групу падтрымкі забастоўшчыкаў. Арганізацыя пад назвай «Лесбіянкі і геі падтрымліваюць шахцёраў» (LGSM) вырашыла збіраць сродкі ў дапамогу сем’ям шахцёраў (пасля таго, як урад Тэтчэр замарозіў банкаўскія рахункі шахцёрскага прафсаюзу, працоўныя не мелі доступу да забастовачнага фонду).

Як правіла, такога кшталту групы салідарнасці бралі пад апеку канкрэтны шахцёрскі пасёлак. LGSM дапамагала гарнякам з невялікай камуны ва Уэльсе. Кампанія дапамогі LGSM аказалася вельмі яскравай, паколькі яе падтрымала шмат прадстаўнікоў артыстычнага свету Лондана. За кошт канцэртаў удалося сабраць для рабочых каля 20 тысяч фунтаў — салідная сума па тых часах.

Не абышлося без праблем. Па-першае, самі шахцёры асцярожна, а часам нават варожа ставіліся да падтрымкі з боку гей-супольнасці. Па-другое, міма дзейнасці LGSM проста не магла прайсці блізкая да ўраду жоўтая прэса. «The Sun» — флагман бульварнай журналістыкі — апублікаваў серыю артыкулаў пра LGSM з мэтай дыскрэдытацыі ўсяго рабочага руху. Аднак тыя гамафобскія публікацыі мелі адваротны эфект.

Простыя англічане, каб давесці сваё адзінства ў барацьбе супраць дыктату ўлады і газетных баронаў, пачалі называць сябе «вычварэнцамі».

Акрамя таго, гісторыя спрыяла разбурэнню стэрэатыпаў сярод прафсаюзнікаў і актыву левых партый. У 1985 годзе па слядах кампаніі LGSM Лейбарысцкая партыя прыняла гістарычную рэзалюцыю пра падтрымку аднаго з гей-прайдаў. Дарэчы, кааперацыя геяў і шахцёраў адбывалася на фоне істэрыкі вакол СНІДу. Сярод абывацеляў лічылася, што хваробу можна падхапіць падчас любога кантакту з прадстаўнікамі нетрадыцыйнай арыентацыі. Прынамсі ў 1986 годзе так думалі каля 64 працэнтаў брытанцаў. Яшчэ адна лічба для лепшага разумення тагачаснай грамадскай атмасферы — у 1983 годзе 87 працэнтаў брытанцаў лічылі, што гомасэксуалізм — гэта абсалютнае зло.

Фільм рэжысёра Мэцью Уорхуса па сутнасці спрабуе коратка пераказаць усе этапы дзейнасці LGSM. Пры гэтым вялікі акцэнт робіцца на няпросты шлях пошуку агульнай мовы паміж звычайнымі рабочымі, якім характэрныя гамафобскія забабоны, і прадстаўнікамі субкультуры сэксменшасцяў. Гэта стварае поле для жартаў, якія робяць стужку, што прысвечаная сур’ёзным праблемам, мяркуючы па рэцэнзіях, вельмі прываблівай і цікавай для простага гледача.

Фільм адразу выклікаў рэзананс у брытанскім соцыуме. Карціна пра прыгоды геяў у шахцёрскім краі дапамагла некаторым лепш выхапіць сутнасць тагачасных працэсаў. Газета «Guardian» піша: «Традыцыя — гэта слова, што выклікае кансерватыўныя канатацыі, якое выкарыстоўваецца, каб легітымаваць несправядлівасць. Аднак у Брытаніі ёсць свая традыцыя — калі тыя, каго ігнаруюць, разам пратэстуюць супраць існуючага status quo… Гэты фрагмент нашага менталітэту і адлюстраваў фільм «Pride».

Такая думка, сапраўды, часта сустракаецца на брытанскіх форумах. «Я памятаю, што здарылася з такімі шахцёрскімі гарадкамі ў выніку палітыкі Тэтчэр. Я не маю таленту глыбокага палітычнага аналізу, не ведаю аргументаў, чаму яна і яе ўрад зрабілі гэта. Аднак тое, што яны зрабілі тады, дасюль мае наступствы. Людзі і зараз не вераць паліцыі, згадваючы бойкі 1984 года. Пасля таго, як у людзей забралі працу, у камуны прыйшлі алкаголь і цяжкія наркотыкі. Шмат шахцёрскіх камун ужо нельга адрадзіць. Я маю надзею, што фільм нагадае нам, якая ў нас была сіла, калі мы былі салідарныя, і я спадзяюся, што мы зноў калісьці здабу­дзем гэтую сілу», — піша адзін з блогераў.

Аднак хапае ў фільма і крытыкаў. Перш за ўсё, на думку некаторых гісторыкаў, фільм няправільна перадае дух таго часу. Гамафобія на пачатку 1980-х была куды больш уласцівая не кансерватыўнаму электарату, а якраз пралетарыям, якія галасавалі за левых і падтрымлівалі прафсаюзы. Не дарма ў брытанскай культуры існуе асобны жанр гісторый, вершаў і песняў пра хлопчыка або дзяўчынку з нетрадыцыйнымі сэксуальнымі забабонамі, якія жывуць у нейкім рабочым гарадку Паўночнай Англіі і адчуваюць на сваёй скуры ўсе праявы бытавой гамафобіі.

Акрамя таго, як адзначае адзін з каментатараў: «Тэтчэр верыла ў свабоду. Яна не збіралася забараняць гей-прайды. Затое яна сапраўды выступала супраць прафсаюзаў, якія кантралявалі эканоміку Вялікабрытаніі для падтрымання зомбі-сектараў. «Любы карпаратывізм, нават такі, які практыкуецца ў тых грамадствах, дзе цяжкая праца і супрацоўніцтва высока цэняцца, як, напрыклад у Карэі, перашкаджае асабістай адказнасці, стварае рызыкі, хавае памылкі», — лічыла Тэтчэр».

Некаторыя заклікаюць пакончыць з папулярнай апошнім часам сярод кіношнікаў практыкай дэманізацыі Маргарэт Тэтчэр. «Магчыма, вынікі працы яе ўрадаў былі не лепшыя, аднак ці можна лічыць пазітыўнымі вынікі папярэдніх лейбарысцкіх кабінетаў, калі прафсаюзы з бясконцымі страйкамі тэрарызавалі краіну. Што добрага было ўзімку 1979-га, калі з-за перабояў са светам і цяплом нельга было нават пахаваць нябожчыкаў?» — пытаецца адзін з каментатараў.

Стужка не спадабалася і некаторым удзельнікам таго легендарнага страйку. На іх думку, гэтым фільмам людзей спрабуюць пераканаць, што страйк 1984-га ў гістарычнай перспектыве перамог, аднак у якасці прыкладу перамогі чамусьці дэманструюць рост правоў і свабодаў геяў і лесбіянак.

Наўрад ці зараз можна знайсці баланс думак у дыскусіі вакол фільму «Pride». З іншага боку, адной з задач аўтараў карціны і была ідэя актывізаваць грамадскую думку.

На заканчэнне працытуем блогера пад нікам AdrianBrett: «Я не маю рамантычных ілюзій наконт раману рабочага класу з прадстаўнікамі LGBT. Я працаваў докерам і ведаю, што кажуць працоўныя пра геяў і лексіку, якую яны пры гэтым ужываюць. Гэты фільм — не пра з’яву, а хутчэй пра маленькі інцыдэнт, які сапраўды неяк здарыўся. Аднак у любым выпадку гэта вельмі добрая гісторыя, якая заслугоўвае экранізацыі, паколькі перад намі праява салідарнасці паміж людзьмі, хаця і на вельмі маленькім узроўні».