Хросны мэр
Услед за Лукашэнкам чорную метку ад Крамля атрымаў Юры Лужкоў: на НТВ выйшаў зняты па канонах «Хроснага бацькі» фільм «Справа ў кепцы» пра маскоўскага
мэра Юрыя Лужкова. Пра тое, чаму пад удар трапіў мэр расійскай сталіцы, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім сацыяльным актывістам Андрэем Сахніным.
— Пра што гэты фільм?
Услед за Лукашэнкам чорную метку ад Крамля атрымаў Юры Лужкоў: на НТВ выйшаў зняты па канонах «Хроснага бацькі» фільм «Справа ў кепцы» пра маскоўскага
мэра Юрыя Лужкова. Пра тое, чаму пад удар трапіў мэр расійскай сталіцы, журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім сацыяльным актывістам Андрэем Сахніным.
— Пра што гэты фільм?
— У фокусе аўтараў практыка выкарыстання Юрыем Лужковым муніцыпальных рэсурсаў у сваіх прыватных інтарэсах. Напрыклад, расказваецца пра тое, як ён выдаткаваў 200 мільёнаў рублёў на сваю
пасеку. Пра тое, як ён лабіруе інтарэсы сваёй жонкі Алены Батурынай — дарэчы, самай заможнай жанчыны ў Еўропе. Адначасова стваральнікамі стужкі рабілася праекцыя на жыццё простых масквічоў.
Так, у фільме ідзе гаворка, што быццам тыя грошы, якія пайшлі на ўпарадкаванне пчол Лужкова, маглі выратаваць здароўе ўсіх пенсіянераў сталіцы ад наступстваў летняга смогу. У прынцыпе, гэта
дастаткова прымітыўная прапагандысцкая стужка, аднак яна мела эфект.
— Як сустрэлі масквічы фільм?
— Масквічы паставіліся да яго з вялікай цікавасцю. Увогуле, «Справу ў кепцы» было цяжка не заўважыць у сетцы вяшчання тэлевізійных праграм. Фільм з вялікай помпай
рэкламавалі за некалькі дзён да трансляцыі. У дзень дэманстрацыі «Справы ў кепцы» каля экранаў сабралася 9 працэнтаў маскоўскай аўдыторыі. Фільм сапраўды трапіў у кропку. Справа ў
тым, што ў апошнія гады імідж Лужкова ў Маскве пагоршыўся. Лепшыя часы Лужкова былі звязаныя з 1990-мі гадамі, калі на фоне ўсеагульнага хаосу Масква выглядала кантрастам: добрыя пенсіі, развіццё
гарадской інфраструктуры, высокія заробкі. Цяпер, калі сітуацыя больш-менш стабільная, становяцца відавочнымі некаторыя правалы лужкоўскай палітыкі: пробкі, лобі для сваіх сямейных бізнес-структур,
дрэнная экалогія. Нарэшце, за 20 гадоў Лужкоў папросту надакучыў.
— Чаму Крэмль пачаў атаку на маскоўскую мэрыю?
— Я думаю, што тут мела месца скрыжаванне дзвюх тэндэнцый. Па-першае, Лужкоў папросту не ўпісваецца ў мядзведзеўскую сістэму. Прайшлі пуцінскія часы, калі сістэма кіравання на месцах
будавалася па прынцыпу: «вось табе, чыноўнік, вотчына — кіруй ёй і праяўляў за гэта да мяне лаяльнасць». Цяпер трэба быць у дадатак сябрам крамлёўскай каманды, да якой Юры
Міхайлавіч не належыць. Па-другое, Мядзведзеў апошнім часам носіцца з лозунгам лібералізацыі. І праявіць сябе лібералам у сітуацыі вакол Хімкінскага лесу было вельмі карысна. Мітынг у абарону
Хімкінскага лесу сабраў у сталіцы не бачаную дагэтуль колькасць людзей — 3000–4000 чалавек. У падтрымку эколагаў выступілі вядомыя культурныя асобы. Гэта ўсё было вельмі не
звычайна. І наехаць на Лужкова, які быў звязаны з праектам трасы праз лес, у атмасферы агульнай нянавісці да мэра, было лагічна. Нізавыя сацыяльныя ініцыятывы ў Маскве за апошнія часы сталі вельмі
папулярныя, і з імі трэба лічыцца.
— Якая была рэакцыя мэра на стужку?
— Ён заявіў, што ўсё прадэманстраванае на экране — хлусня. Сказаў пра намер падаваць у суд на федэральныя каналы, якія транслявалі праграму пра мэра. Таксама ён пагражае газетам,
якія надрукавалі артыкулы, у якіх журналісты паўтарылі асноўныя тэзісы фільму. Адным словам, у адрозненні ад Муртазы Рахімава, экс-прэзідэнта Башкірыі, які пасля паказу падобнай карціны адразу пайшоў
у адстаўку, Лужкоў вырашыў не здавацца. Прынамсі, пакуль. На думку экспертаў, Лужкоў робіць стаўку на некаторыя супярэчнасці ўнутры крамлёўскай адміністрацыі. Сапраўды, чаму Мядзведзеў папросту не
зняў Лужкова, што яму як прэзідэнту дазваляе канстытуцыя? Самы просты адказ — таму што гэтага не хоча Пуцін. Версіі пра канфлікт паміж прэзідэнтам і прэм’ерам добра пасуе пачатак у
афіцыйных СМІ буйной кампаніі па праслаўленню прэм’ера. Узгадайце той жа аўтамабільны прабег Пуціна па Далёкаму Усходу. Гэта можна лічыць сігналам, што Пуцін плануе заставацца на вяршыні
ўлады. І, зразумела, ён можа ў тактычнай вайне з Мядзведзевым выкарыстаць фігуру Лужкова.
— Ці можа Лукашэнка, як і Лужкоў, скарыстацца спрэчкай паміж Пуціным і Мядзведзевым?
— Цяжка сказаць. У дадзеным выпадку Лукашэнка не выглядае крэатурай Пуціна, як у выпадку ў Лужковым. Усё залежыць ад развіцця падзей, ад таго, наколькі глыбокай будзе канфрантацыя. У любым
выпадку, Пуцін абараняе Лужкова толькі сітуацыйна. Атрымаўшы нейкія гарантыі ад Мядзведзева на захаванне сваіх пазіцый у вялікай палітыкі, ён можа лёгка ахвяраваць маскоўскім мэрам.
— Калі Лужкоў сыдзе з пасады мэра, па канстытуцыі Мядзведзеў павінен прызначыць новага гарадскога старшыню. Ці можа сталічная грамадскасць прымусіць прэзідэнта прызначыць
якога-небудзь кандыдата?
— Гэта пытанне пачало актыўна дыскутавацца ў асяроддзі маскоўскай апазіцыі пасля выхаду фільма. Сапраўды, сярод нізавых актывістаў ёсць асобы, якія маюць дастатковую вялікую папулярнасць,
напрыклад, Сяргей Удальцоў. Калі пачнецца працэс падзення Лужкова, дэмакраты плануюць арганізаваць нешта накшталт збору подпісаў за свайго кандыдата на пасаду мэра. Аднак ці пагодзіцца Мядзведзеў на
такую кандыдатуру — вялікае пытанне. Пасада мэра Масквы фактычна адпавядае пасадзе федэральнага міністра. Іншымі словамі, абвешчаная лібералізацыя мае свае межы.