Хурал бярэ ўладу

Не толькі наш любы кіраўнік на пачатку сваёй кадэнцыі меў праблемы з парламентам, які блакаваў спробы выканаўчай улады пашырыць свае паўнамоцтвы. У большасці краін СНД адбываліся падобныя працэсы.

Фота www.tdh.gov.tm

Фота www.tdh.gov.tm

Пытанне парламенцкай фронды кіраўнікі краінаў вырашалі па-рознаму. У тым ліку за кошт стварэння паралельных дзеючаму заканадаўчаму органу псеўдапрадстаўнічых структур, якія павінны былі «агучваць волю народа».

Яшчэ за тры гады да склікання першага Усебеларускага народнага сходу (1996 год) Сапармурат Ніязаў, сутыкнуўшыся з супрацівам парламенту, сабраў Халк Маслахаты. З таго часу іх збіралі рэгулярна. Ужо тады спецыялісты па дзяржаўнаму праву разводзілі рукамі. Дзве-тры тысячы чальцоў Халк Маслахаты, які прымаў заканадаўчыя рашэнні, нікім рэальна не абіраліся, прынцып іх прызначэння заставаўся незразумелым. Больш за тое, з часам гэты орган быў прапісаны ў Канстытуцыі.

Самае цікавае, што Халк Маслахаты аказаўся адзіным органам, які асмеліўся адкрыта супрацьстаяць Туркменбашы. У 2001-м 61-гадовы Ніязаў заявіў пра намер сысці з улады праз дзесяць гадоў. У адказ Халк Маслахаты ўзбунтаваўся: сабраўся і абвясціў Ніязава пажыццёвым кіраўніком. Праўда, узгаданы бунт не паўплываў на пазіцыю Захаду. Там ніяк не маглі зразумець, што такое Халк Маслахаты і як ён можа існаваць паралельна з дзеючым парламентам.

Магчыма таму пасля прыходу да ўлады ў 2008-м Гурбангулы Бердымухамедаў «па настойлівых просьбах калектываў прадпрыемстваў, устаноў і асобных грамадзян» ліквідаваў скандальную структуру. Праўда, часткова яго функцыі перайшлі сябрам Савету Старэйшын — яшчэ аднаму малазразумеламу інстытуту туркменскай дзяржсістэмы, сябры якога, паводле статуту, павінны «даносіць мудрасць».

Пасля 2008-га пра Халк Маслахаты амаль забыліся. Пакуль раптам, у кастрычніку 2017 года, на пасяджэнні аднаго з рэгіянальных Саветаў Старэйшын была падтрымана ініцыятыва Бердымухамедава аб стварэнні прадстаўнічага органа народаўладдзя — Халк Маслахаты Туркменістана.

Спатрэбіўся яшчэ год, каб 25 верасня ў Ашхабадзе Халк Маслахаты правёў першае пасяджэнне. У зале сабраліся абраныя дэлегаты, кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый і грамадскіх арганізацый, дэпутаты парламенту, старшыні выканкамаў, паслы ў замежных краінах, старэйшыны, прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва, а таксама запрошаныя госці. Прысутныя, акрамя падзякі кіраўніку дзяржавы, падтрымалі ўсе яго ініцыятывы.

Такі фармат мерапрыемства, на думку юрыстаў, азначае, што ў краіне паўстала новая формула дзяржаўнага ладу. Па-сутнасці, цалкам адмяняецца нават фармальны прынцып падзелу ўладаў. З гэтага часу выканаўчая, заканадаўчая і судовая сістэмы ўваходзяць у склад Халк Маслахаты і падпарадкаваныя яго кіраўніку. Праўда, графіка сесій новага органу няма. Быццам, плануецца збіраць яго прыкладна раз на год.

Узнікае пытанне: нашто Бердымухамедаву, які і так канцэнтруе ўсю ўладу, гэты цырк? Туркменазнаўцы прапануюць два адказы. Магчыма, Аркадаг задумаў транзіт улады з мэтай перадаць штурвал сыну Сердару. Будзе сімвалічна, калі мандат на ўладу яму дасць Халк Маслахаты, які па сутнасці прадстаўляе ўсю вертыкаль і лаяльную супольнасць.

Іншыя эксперты бачаць за рэформай грымасы эканамічнага крызісу. Дарэчы, гэтага не хавае і кіраўніцтва, якое анансавала на пасяджэнні новую эканамічную палітыку. Словы пра новы эканамічны курс маюць крамольны падтэкст, паколькі раней афіцыёз спяваў дыфірамбы квітнеючай туркменскай мадэлі. Не змяніўся тон нават гэтым летам, калі выбухнуў дэфіцыт прадуктаў.

Выходзіць з крызісу, гле­дзячы па ўсім, Аркадаг збіраецца за кошт скарачэння сацыяльных артыкулаў бюджэту. Ужо вядома, што з 2019-га будзе скасаваны пакет ільготаў — бясплатнае святло, газ, вада, соль. Цяпер на ўсе гэтыя паслугі бу­дуць уведзеныя тарыфы.

Праўда, «чэсныя» медыя Туркменістану падаюць гэтую навіну вельмі арыгінальна. Паводле іх, льготы ліквідуюцца праз… заможнасць грамадзян. Туркмены, маўляў, столькі зарабілі за гады незалежнасці, што цяпер могуць лёгка аплачваць жыроўкі. Яшчэ адзін аргумент для скарачэння сацыялкі — клопат пра прыроду. «Надышоў час падумаць пра тое, што прыродныя багацці павінны захавацца і для будучых пакаленняў», — заявіў туркменскі лідар. Менавіта мэтам эканоміі рэсурсаў і паслужыць новая «абгрунтаваная сістэма тарыфікацыі».

Наўрад ці людзі павераць у такія аргументы і здымуць адказнасць з улады. І ў гэтым, магчыма, і палягала ідэя адра­дзіць Халк Маслахаты. Як лічаць каментатары, у будучым улада можа прапускаць праз Халк Маслахаты найбольш непапулярныя рашэнні, імітуючы падтрымку знізу і пераводзячы стрэлкі з кіраўніка дзяржавы на іншых. У гэтым плане таксама не выключана, што туркменскае ноў-хаў пойдзе на экспарт у іншыя аўтарытарныя краіны Садружнасці.