Імперыя Навальнага

Рост папулярнасці расійскага блогера Аляксея Навальнага выклікаў цікавасць да яго поглядаў. У тым ліку да таго, як лідар новай генерацыі антыпуцінскай апазіцыі бачыць месца Расіі ў постсавецкай прасторы?



naval_nij_19.jpeg

Праблематыка СНД, безумоўна, не канёк Навальнага. І, можа, у гэтым для палітыка вялікі пазітыў. Таму што папярэдніх нешматлікіх рэплік Навальнага на гэты конт цалкам хапіла, каб абрынуць на сябе каскад крытыкі.

Найбольш буйны скандал, звязаны з поглядамі Навальнага на праблемы СНД, адбыўся ва Украіне, калі ён выступіў у праграме «Вялікая палітыка» (вядучы Яўген Кісялёў). Адказваючы на пытанне пра адносіны Расіі да Украіны, блогер сказаў: «Я глыбока перакананы, што Украіна і Беларусь з’яўляюцца найбольш важнымі геапалітычнымі саюзнікамі Расіі. Наша знешняя палітыка павінна быць максімальна накіравана на інтэграцыю з Украінай і Беларуссю. (...) Фактычна мы адзін і той жа народ. Мы павінны ўзмацняць інтэграцыю». Каля вядучы нагадаў пра тое, што сённяшнія дзеянні Расіі накіраваныя на эканамічнае і палітычнае падпарадкаванне Украіны, і гэта не мае нічога агульнага з добраахвотнай інтэграцыяй, Навальны патлумачыў, што гэта «натуральны працэс».

Каментуючы выступ маскоўскага дэмакрата, вядомы ўкраінскі палітолаг Мікола Рабчук адзначаў: «Расійскі блогер не змог падняцца вышэй свайго ўласнай пункту гледжання і зразумець вопыт існавання «братэрскіх народаў», дамінавання Расіі і расійскага імперыялізму».

Напружаныя адносіны ў Навальнага і з казахскай элітай. Прычынай стаў заклік да сваіх аднадумцаў — сабрацца на акцыю каля помніка казахскаму асветніку Абаю Кунанбаеву, што на Чыстых Прудах. «Едзем на Чыстыя Пруды да помніка незразумеламу казаху», — напісаў палітык у Жывым часопісе. Пасаж пра «незразумелага казаха» не зразумела нават частка расійскай інтэлігенцыі. Што тычыцца казахскай, дык яна папросту абурылася.

«Справа ж не толькі ў «незразумелым казаху», чыё імя — Абай Кунанбаеў. Я абсалютна ўпэўнены, што сп. Навальны мог паклікаць усіх жадаючых пайсці і да іншых прыкметных месцаў сталіцы — да помнікаў або перасячэнняў вуліц, якія носяць імёны «незразумелых» і, вядома ж, не вядомых яму грузінаў ці габрэяў, татараў ці ўкраінцаў. І, запэўніваю вас, рускіх таксама. Гэты малаадукаваны і кепска выхаваны юрыст, якому ў рукі дастаўся магутны інструмент пад назвай «інтэрнэт», мала каго шануе і паважае, толькі самога сябе», — напісаў у адкрытым лісце да расійскай грамадскасці адзін з казахскіх інтэлігентаў.

Прыхільнікі Навальнага парыравалі такога кшталту заявы вельмі арыгінальна: «Няхай казахі будуць задаволеныя тым, што Навальны хоць ведаў, што гэта помнік казаху, а не ўзбеку якому-небудзь».

Казахам яшчэ пашанцавала. Навальны не ведае іх класікаў, аднак не заклікае да ўвядзення віз для грамадзян Казахстану, як для таджыкаў, узбекаў і кіргізаў. Адпаведную рэзалюцыю ён праштурхнуў праз Аб’яднаны камітэт апазіцыі, што выклікала крызіс структуры. Такой жа візавай палітыкі, на яго думку, заслугоўваюць і жыхары Паўночнага Каўказа. Як вядома, Навальны — адзін з лідараў праекту «Хопіць карміць Каўказ».

Навальны падтрымліваў канцэпцыю жорсткай пазіцыі ў адносінах да Грузіі падчас каўказскай вайны 2008 года. На яго думку, Расіі варта было б арганізаваць поўную блакаду Грузіі, стварыць над Паўднёвай Асеціяй беспалётную зону і аказваць ёй і Абхазіі значную фінансавую дапамогу.

Такім чынам, Навальны — тыповы рускі нацыяналіст? А што тут дзіўнага, калі паглядзець на яго біяграфію. Ён — сацыяльны прадукт пуцінскай, нафаршаванай нацыяналізмам, сістэмы. Адсюль і яго наратыў. Дарэчы, з партыі «Яблоко» Навальнага выгналі ў тым ліку за тое, што ён у запале спрэчкі сказаў азербайджанцы: «А ты, чар…пая, наогул маўчы, тваё месца на рынку». Жанчына выбегла ў слязах.

Навальны вельмі слаба разумее палітычную культуру ў краінах перыферыі СССР, і нават не цікавіцца гэтым. Яго былая аднапартыйка прыгадвае: «Калі я прамаўляла словы «грузінская паэзія», ён смяяўся... Яго смяшыла само словазлучэнне «грузінская паэзія». Калі я казала, што грузіны прынялі хрысціянства на некалькі стагоддзяў раней, чым рускія, і што ў іх з’явіўся вялікі эпас сусветнага значэння пісьмовы помнік «Віцязь у тыгравай шкуры», калі ў Расіі былі толькі «Павучанні Уладзіміра Манамаха», ён прапускаў гэта міма вушэй. Зрушыць Навальнага з яго нацыяналістычных пазіцый было немагчыма. Асабліва пагардліва ставіўся ён да краін і народаў Поўдня і Паўднёвага Усходу».

Такім чынам, уплыў фракцыі Навальнага ў рускай апазіцыі, не кажучы пра прыход да ўлады, украінцам, беларусам, казахам нічога добрага не нясе. Аднак, па вялікім рахунку, адрасатам яго нацыяналістычных дэвізаў насельніцтва Украіны, Беларусі не з’яўляецца і ніколі не было. Калі прааналізаваць кантэнт  каментараў Навальнага, можна адзначыць: нічога арыгінальнага блогер не выказвае. Ён проста дубліруе тое, што можна прачытаць на большасці расійскіх інтэрнэт-форумаў. Навальны — папуліст, які трымае руку на пульсе народных настрояў.

Гэты момант дазволіў некаторым СМІ трактаваць нацыяналізм Навальнага як інструментарый. Украінскае інтэрнэт-выданне «LB.ua» піша: «Уявіце сабе Навальнага, які кажа ў эфіры ўкраінскага тэлебачання нешта накшталт: нам трэба назаўсёды забыць пра Украіну — мы і так ужо вельмі шмат зла зрабілі гэтаму народу. Уявілі? Дык вось, гэта не Навальны, гэта Навадворская. (…) Іншымі словамі, нам з вамі нікуды не ўцячы ад таго, што ў Расіі з пакалення ў пакаленне перадаецца закаханасць у сілу, у экспансію, у імперскае ханжаства. (...) І да гэтага варта ставіцца як да надвор’я. (... ) Важна ў Навальнага тое, што ён, апаніруючы Пуціну, проста ў сілу ўжо аднаго гэтага апанавання, змагаецца за сцвярджэнне ў Расіі нейкай палітычнай платформы для дэмакратычнага вызначэння мэтаў расійскай дзяржавы. Пад якім соусам ён падае сваю барацьбу — нязначнае пытанне. У гэтым сезоне актуальны нацыянал-лібералізм? Ну ok. Галоўнае, што ў выніку дэмакратызацыі ў Расіі, у выніку адкрытых дэбатаў усё больш і больш людзей пачнуць разумець, што народы спакушаюцца камфортнымі юрысдыкцыямі, а зусім не бразганнем зброі».

Выснову аўтар робіць увогуле фантастычную: «Што ж, калі Навальны выкарыстоўвае жорсткасць у сваёй рыторыцы як паліва на шляху да ўлады — тым лепш. Ён будзе паспяховы ў Расіі. А значыць, будзе паспяховая і дэмакратызацыя. А значыць, Расія стане мякчэй і больш рацыянальнай. І, магчыма, калі-небудзь — чаму б не памарыць? — Расія нават стане нашым адвакатам у Азіі, як Польшча — хто б мог падумаць пра гэта яшчэ гадоў 70–80 таму! — стала нашым адвакатам у Еўропе. Але такой можа быць толькі Расія, у якой Навальны застанецца на свабодзе, а не згніе ў турме. Вось чаму нам цяпер і варта яго падтрымліваць».

Аднак пры ўсім папулізме Навальнага агучванне ім нацыяналістычных ідэй азначае крок да ўзмацнення нацыяналістычнай і расісцкай павесткі дня як галоўнай тэмы ў палітычнай дыскусіі ў Расіі, што звязанае з непрадказальнымі, глабальнымі рызыкамі.