Індзейцы супраць алімпіяды індзейцаў

Падаецца, не засталося ніводнага спартовага мерапрыемства, арганізатары якога не былі б абвінавачаныя ў карупцыі або іншым злачынстве. Дайшла чарга і да Сусветных Індзейскіх Гульняў, якія распачнуцца 24 кастрычніка. 



indziejcy_sport.jpg

У шматлікіх вядомых мастацкіх творах фіксуецца непадабенства маральнага кодэксу індзейцаў і белых каланізатараў. Маўляў, калі ў каланізатараў пануе культ залатога цяляці, дык індзейцы застаюцца вернымі такім каштоўнасцям, як сумленнасць, мужнасць, непадкупнасць. Магчыма, таму, калі ў свеце пастаў рух індзейскага спорту, на яго глядзелі як на альтэрнатыву старым спартовым федэрацыям, якія на той момант ужо патанулі ў карупцыі і кар’ерызме.

Увогуле, летапіс індзейскіх алімпіяд пачаўся ў Бразіліі, дзе пасля прыходу да ўлады левай Партыі працоўных, было ўзнята пытанне тубыльцаў. У 1991 годзе пад дахам ураду лейбарыстаў быў створаны Міжпляменны савет тубыльцаў, які стаў парасонкавай структурай для ўсіх індзейскіх грамадзянскіх ініцыятыў. Акрамя адукацыйных, экалагічных праектаў паўстала ідэя правядзення індзейскай алімпіяды.

Першая алімпіяда прайшла ў 1996 годзе ў штаце Гаяс у Цэнтральна-заходнім рэгіёне Бразіліі. Адначасова быў абраны выканкам Індзейскіх Гульняў, які ўзначаліў Маркас Тэрэна. З таго часу падпарадкаваная яму арганізацыя правяла 14 гульняў, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі каля 150 індзейскіх кланаў (усяго ў Бразіліі пражывае 230 індзейскіх плямёнаў). Прычым паступова да бразільскіх індзейцаў-спартсменаў пачалі далучацца атлеты з Аргенціны, Венесуэлы, Французскай Гаяны, Калумбіі і нават з ЗША і Канады. Вялізарны медыйны эфект меў удзел у гульнях 1999 года каманды ад амазонскага племені Matis, правадыры якога за 20 гадоў да таго прынялі рашэнне ўвогуле не мець кантактаў з цывілізаваным светам. Толькі спорт прымусіў іх вярнуцца да цывілізацыі.

Самі гульні, сапраўды, падаваліся фестывалем аматарскага спорту, альтэрнатыўнага камерцыйным спартовым мерапрыемствам. Формула спаборніцтваў не прадугледжвала грашовых прэмій за перамогу, а самі ўзнагароды для пераможцаў уяўляюць, як правіла, якія-небудзь вырабы мясцовых рамеснікаў. Незвычайныя і катэгорыі спаборніцтваў, у якіх разыгрываюцца ўзнагароды. Сярод 16 дысцыплінаў, акрамя знаёмых нам спрынту або веславаня на каноэ, прысутнічаюць вельмі экзатычныя віды спорту, напрыклад, стральба з духавога ружжа або варыянт футболу, у якім мяч можна біць выключна каленам.

За часы існавання гульняў іх роля вырасла настолькі, што ў іх пачалі нават браць удзел сябры нацыянальных зборных. Не дзіўна, што паступова апетыты ў арганізатараў раслі, і нарэшце было вырашана замахнуцца на сусветную індзейскую алімпіяду. Гульні павінны распачацца 24 кастрычніка ў штаце Токанцінс (Tocantins), на іх чакаецца рэкордная колькасць удзельнікаў — каля 2000 спартсменаў. Пры гэтым Гульні на гэты раз маюць іншую канцэпцыю. На іх будуць прадстаўленыя малыя народы не толькі Амерыкі, аднак таксама Расіі, Афрыкі, Аўстраліі. Пра высокі статус Гульняў сведчыць і роля ААН, якая ўзяла на сябе частку іх фінансавання.

І тут выбухнуў скандал. Krahоs і Apinajеs — два бразільскіх племені — адмовіліся дасылаць сваіх прадстаўнікоў у Токанцінс. «Мы не можам удзельнічаць у мерапрыемстве, якое фінансуецца ўрадам, прадстаўнікі якога стаяць за генацыдам нашых братоў з племені Guarani-Kaiowа ў штаце Мату Гроса да Сюл (Mato Grosso do Sul) і ў іншых раёнах», — пішуць правадыры Krahоs і Apinajеs у спецыяльнай заяве. Аўтары тэксту заклікалі іншыя плямёны далучыцца да іх байкоту.

Гутарка ідзе пра канфіскацыю ўрадам у 2012 годзе індзейскіх зямель, што традыцыйна належалі Guarani-Kaiowа. За тое, каб індзейцы пакінулі гэтыя тэрыторыі, урад прапанаваў ім кампенсацыю памерам у 2,5 мільёна долараў. Сума, на першы погляд, вялікая, аднак індзейцы не згодныя. У тым ліку таму, што лічаць канфіскаваныя землі сакральнымі. Калі верыць няўрадавым арганізацыям, што працуюць у рэгіёне, у адказ на нязгоду дамаўляцца па-добраму дзяржава пачала кампанію па крыміналізацыі абарыгенаў у мясцовых СМІ. Акрамя таго, даволі часта дзяржаўныя агенты дапамагаюць фірмам, якія намагаюцца выціснуць індзейцаў з іх зямель, у тым ліку праз забойствы і фізічны гвалт. Апошні інцыдэнт меў месца 24 верасня, калі было паранена восем індзейцаў.

Пасланне ў абарону праў Guarani-Kaiowа фактычна стала бомбай пад Гульні. Раней яшчэ 75 плямёнаў Бразіліі выказалі падтрымку Guarani-Kaiowа ў іх барацьбе за свае тэрыторыі. Калі якая-небудзь частка з тых 75 кланаў далучыцца да байкоту Гульняў, іх імідж будзе значна дыскрэдытаваны. І верагоднасць такога кроку даволі высокая з-за агульнай атмасферы ў Бразіліі, кіраўніцтва якой з-за карупцыі і крызісу стала рэкардсменам антыпапулярнасці. Калі меркаваць па маўчанні, афіцыйныя бразільскія колы пакуль не ведаюць, як рэагаваць на пагрозу байкоту. Між тым, часу да адкрыцця Гульняў застаецца ўсё менш.