Інтурыст, ідзі дадому!
Адна з самых прыкметных падзей лета 2017-га — масавыя пратэсты на еўрапейскіх курортах супраць наплыву турыстаў. На думку прэсы, антытурыстычны рух, што нараджаецца на нашых вачах, цалкам зменіць наша ўяўленне пра адпачынак за мяжой.
Дастаткова зайсці на форумы інтэрнэт-выданняў Адэсы, Сочы або іншых курортных гарадоў, каб зразумець, што стаўленне да адпачывальнікаў у мясцовых жыхароў неадназначнае. Людзей раздражняюць замежныя машыны на вуліцах і «забітыя тушкамі турыстаў» пляжы. Аднак, напэўна, упершыню ў гісторыі побытавыя антытурыстычныя забабоны трансфармаваліся ў палітычны пратэст, прычым, адразу ў шэрагу краінаў.
Венецыя, Ібіца, Дуброўнік, Барселона, Сан-Себасцьян… Гэта далёка не поўны спіс гарадоў, дзе апошнім часам можна пабачыць графіці «Tourist, go home!» («Турыст, ідзі дадому!») або пачуць аналагічныя заклікі на мітынгах. Часам надпісамі і мірнымі маніфестацыямі справа не абмяжоўваецца. У Каталоніі мясцовыя левыя нацыяналісты ўрываліся ў рэстараны, білі шкло турыстычных аўтобусаў, закідвалі іх дымавымі шашкамі. Тая ж групоўка пачала кампанію пашкоджання маёмасці турыстаў — рэжуць колы ровараў, якія арандуюць адпачывальнікі, заліваюць клеем замкі ў камерах захоўвання.
На першы погляд, патрабаваць выгнання турыстаў здольны толькі вар’ят. Ролю турыстычнай індустрыі для напаўнення бюджэту ў паўднёвых краінах Еўропы цяжка пераацаніць. У той жа Іспаніі інтурысты даюць цэлых 11 працэнтаў ВУП краіны.
Аднак, як высвятляецца, у мясцовых ёсць сур’ёзныя падставы, каб глядзець на турызм інакш. Пачнём з негатыўнага ўплыву турызму на лакальны рынак нерухомасці. Вялікі попыт на апартаменты падчас сезону выклікае рост арэндных коштаў, што робіць для мясцовых жыхароў недаступным жытло ў цэнтры і прымушае перасяляцца на перыферыю.
Не падабаюцца людзям і тэхнічныя нязручнасці, якія выклікаюць госці. Напрыклад, жыхароў Рыма раздражняе выкліканая турыстамі цісканіна ў грамадскім транспарце. У Барселоне скардзяцца на тое, што пляжах яблыку няма дзе ўпасці. Відавочна, што наплыў курортнікаў стварае пагрозу мясцовай экалогіі. Аматары гісторыі, у сваю чаргу, перажываюць за гістарычныя помнікі, на якія часта палююць вандалы — аматары прыцягнуць з адпачынку ўнікальны сувенір. Жыхароў прыбярэжных гарадоў больш за ўсё абураюць дзясяткі і сотні круізных лайнераў. Нарэшце, нацыяналісты ў той жа Каталоніі незадаволеныя, што рэгіён — калісьці нерв іспанскай індустрыі, профільна ўсё больш пераарыентуецца на абслугоўванне замежнікаў.
З улікам такой колькасці праблемаў, якія выклікае турызм, не здзіўляюць дадзеныя сацыёлагаў. Паводле апытання, праведзенага барселонскім муніцыпалітэтам у чэрвені, турызм упершыню выйшаў на першае месца сярод праблем, якія хвалююць барселонцаў, апярэдзіўшы нават беспрацоўе, якое традыцыйна з'яўляецца бізуном Іспаніі.
Пры гэтым праціўнікі турызму настроеныя вельмі радыкальна. Сярод удзельнікаў руху папулярны пастулат: мяжа магчымасцяў па абслугоўванні турыстаў дасягнутая, і адзіная альтэрнатыва — скарачэнне іх патоку.
Такі бескампрамісны падыход не падабаецца цэнтральным урадам, якія разглядаюць турызм як важны чыннік развіцця агульнанацыянальнай гаспадаркі. Напрыклад, іспанскі прэм’ер-міністр Марыяна Рахой запісаў усіх удзельнікаў апошніх антытурыстычных выступаў у «экстрэмісты», узгадаўшы пра колькасць суайчыннікаў, якія сёння занятыя працай у турсектары.
З іншага боку, цалкам ігнараваць з’яву нельга. Назіраецца працэс, калі мясцовыя ўлады вымушаныя ўлічваць антытурыстычныя настроі выбаршчыкаў. Нездарма апошнім часам мы сталі сведкамі актыўнай заканадаўчай практыкі па кантролі турыстычных патокаў на месцах. Напрыклад, у Венецыі на 20 працэнтаў скарацілі колькасць заходаў караблёў у горад. Там жа ўводзяцца спецыяльныя падаткі на наведванне гораду і квота наведвальнікаў. Улады Барселоны пачалі сур'ёзны ціск на інтэрнэт-сайты, праз якія турысты здымаюць жытло. 10 жніўня на Балеарскіх выспах увялі новыя правілы рэгулявання квотаў у гатэлях. Парушэнне гэтага закона цягне накладанне штрафу на ўласніка аж да 400 тысяч еўра.
Схільная да рэформаў і Сусветная арганізацыя турызму, якая па слядах пратэстаў заклікала ўлады буйных гарадоў дыверсіфікаваць патокі гасцей, а таксама дапамагаць суседнім рэгіёнам, каб размеркаванне турыстаў было больш роўным. Акрамя таго, на думку прадстаўнікоў арганізацыі, неабходна адыходзіць ад паняцця «высокі сезон», сканцэнтраваўшыся на ўзняцці папулярнасці іншых перыядаў.
Рэалізацыя ініцыятывы, на думку назіральнікаў, можа рэфармаваць існуючы турбізнес. Прынамсі, паўстануць новыя турыстычныя накірункі, будуць перагледжаныя сезонныя кошты тураў і авіяперавозак на курорты. Праўда, калі пачнуцца рэформы, і ці пачнуцца ўвогуле, — нікому не зразумела.
У сувязі з гэтым палітолагі прагназуюць пашырэнне антытурыстычнага руху і яго радыкалізацыю. Найбольш небяспечная сітуацыя, як піша прэса, склалася ў Краіне Баскаў, дзе бум турызму пачаўся пасля 2011 года, калі тэрарысты з мясцовай групоўкі ЕТА адмовіліся ад баявых метадаў барацьбы. Журналісты баяцца, што радыкальныя фракцыі праціўнікаў турызму могуць аднавіць гвалт, каб адпрэчыць ненавісных ім турыстаў.