Я стаміўся, але не сыходжу!
Па выніках плебісцыту, які адбыўся ў Расіі 1 ліпеня, Пуцін атрымаў права заставацца ў Крамлі аж да 2036 года. Ці сапраўды магчымы такі сцэнар?
«У 2008 годзе я пайду ў апазіцыю і буду лаяць уладу». Сёння многія медыя з іроніяй узгадваюць гэтую цытату Пуціна, якую ён сказаў на пачатку нулявых. Вынікі апошняга ўсенароднага апытання па папраўках у расійскую канстытуцыю ў тым ліку даюць Пуціну права абірацца яшчэ на два тэрміны. Такім чынам, прэзідэнцтва Пуціна можа падысці да канца толькі ў 2036 годзе, калі яму ўжо будзе 84 гады. Дарэчы, шмат хто з дапамогай графічных праграм спрабуе ўявіць, як будзе выглядаць расійскі кіраўнік на гэты час.
Па меншай меры з такім прагнозам згодныя большасць заходніх медыя. «Гэта (рэферэндум) — пасланне апанентам як унутры краіны, так і за мяжой. Яго сутнасць у тым, што няма сэнсу зазіраць наперад або гадаць пра патэнцыйных пераемнікаў. Калі не адбудзецца чагосьці шакавальнага, Захаду давядзецца яшчэ вельмі доўга мець справу менавіта з Уладзімірам Пуціным», — піша The Globe and Mail (Канада). На карысць гэтай версіі і апошнія заявы Рамзана Кадырава. Ён па слядах рэферэндуму адкрыта заявіў, што Пуцін павінен стаць «пажыццёвым прэзідэнтам».
Зрэшты, многія каментатары адзначаюць, што ў такога сцэнару ёсць нямала рызык і фактараў, якія могуць перашкодзіць дзейнаму прэзідэнту кіраваць краінай амаль пажыццёва. На іх думку, абнуленне не азначае, што Пуцін абавязкова будзе абірацца ў пяты раз.
Звяртаюць увагу на тое, што права Пуціна пераабірацца не азначае аўтаматычнага абавязку абірацца. Хутчэй за ўсё гэта будзе залежаць ад сітуацыі як у свеце, так і ў Расіі. Наяўнасць права на перавыбранне хутчэй можа разглядацца ў якасці страховачнага механізма для сістэмы. Калі б Пуцін не меў права на новы тэрмін, магла б разгарнуцца барацьба паміж яго патэнцыяльнымі пераемнікамі. Адначасова ўплыў самога Пуціна як адыходзячага лідара стаў бы хутка зніжацца.
Таму заслугоўваюць увагі думкі пра тое, што, заручыўшыся «шырокай народнай падтрымкай», Пуцін сыдзе раней, паспрабаваўшы пакінуць за сабой фактычны кантроль за ўладай. Да гэтага часу ён прэзентуе расіянам свайго пераемніка, а магчыма нават цэлую пляяду.
Такі прагноз дае глебу для аптымістычных чаканняў. Справа ў тым, што інстытут спадчыннікаў у Расіі мае своеасаблівы характар. Вельмі часта пераемнік правадыра не быў паслядоўным прадаўжальнікам яго лініі. Той жа Хрушчоў змяніў Сталіна, каб развянчаць культ асобы.
Акрамя таго, царскія амбіцыі Пуціна могуць стрымаць меркаванне грамадзян. Апазіцыянеры ўпэўненыя, што толькі 54, а не 77 працэнтаў расіян падтрымліваюць права Пуціна пайсці на чарговы тэрмін. Пры гэтым, паводле калькуляцый антыпуцінцаў, вялікая колькасць расіян — 38 працэнтаў выбаршчыкаў — галасавалі супраць новай рэдакцыі Асноўнага закону. Акрамя таго, за дваццаць пуцінскіх гадоў у выбаршчыкаў ужо назіраецца стомленасць ад дзеючага прэзідэнта. І гэта яшчэ не фінал. Ведаючы гэтую сацыялогію, Пуцін можа з часам па сваёй ініцыятыве адмовіцца ад шапкі Манамаха.
Рашэнне Пуціна пра сыход на пенсію можа ў тым ліку паскорыць сітуацыя з эканомікай. Аналітыкі прагназуюць, што кошт на нафту наўрад ці істотна вырасце ў бліжэйшай будучыні, а значыць, эканоміку і бюджэт чакаюць не лепшыя часы. Пуціну, які неаднаразова казаў, што хоча ўвайсці ў падручнікі гісторыі як вялікі лідар, наўрад ці захочацца адказваць за такі маштабны калапс.
Хоць ёсць і іншы варыянт — паводле яго, праз немагчымасць рэфармаваць эканоміку Пуцін наважваецца на невялікую ваенную авантуру ў блізкім замежжы. Такую аперацыю некаторыя прагназуюць на сярэдзіну 2020-х гадоў. Перамога, калі верыць аматарам версіі, выкліча часовую эйфарыю, але толькі адтэрмінуе метастазы расійскай гаспадаркі з усімі наступствамі.
Нарэшце, ёсць такі фактар, як узрост і спадарожныя фізіялагічныя фактары для арганізма прэзідэнта. «Нявырашанасць праблемы пераемніка Пуціна папросту адкладаецца да тых часоў, калі скончыцца час на біялагічным гадзінніку», — піша нямецкая прэса. Такім чынам пуцінская стабільнасць на самай справе грунтуецца на хісткім падмурку. Ужо падлічылі, што да 2030-га Пуцін будзе як састарэлы Брэжнеў. Гэта патэнцыйна можа выклікаць параліч улады, які, у сваю чаргу, можа запусціць працэс дэзінтэграцыі краіны і дэстабілізацыю.
У гэтым плане не выключаюць, што Пуціна прыбярэ яго ж атачэнне. Яго прадстаўнікі нібыта разумеюць: трымаць Пуціна на троне да скону дзён — значыць, канчаткова выпусціць аўтарытэт улады. Дый чалавек каля руля ядзернай дзяржавы з усімі зменамі асобы, уласцівымі старэчаму ўзросту — гэта небяспечна.
Увогуле, усе згаджаюцца з тым, што рашэнне пра чарговы тэрмін будзе залежаць ад паводзінаў расіян, іх гатоўнасці пратэставаць і выказваць свой пункт гледжання. У гэтым плане ім трэба відавочна браць прыклад з ненцаў. Ненецкая аўтаномная акруга аказалася адзіным суб'ектам РФ, дзе большасць удзельнікаў галасавання выказалася супраць прапанаваных паправак у Асноўны закон краіны — 54% «супраць», 45,01% — «за».
Так ці інакш, дамінуе меркаванне, што хутчэй за ўсё рашэнне аб магчымым вылучэнні Пуціна на чарговы тэрмін будзе прымацца бліжэй да 2024 года.