Як грузін стаў джорджынам

Грузінскі ўрад пачаў кампанію за тое, каб Грузія называлася Джорджыя. Ад вынікаў кампаніі можа таксама залежаць, ці перастануць нарэшце Беларусь называць «Белоруссия».



9f96f36b7aae3b1ff847c26ac94c604e.jpg

Грузінскі ўрад пачаў кампанію за тое, каб Грузія называлася Джорджыя. Ад вынікаў кампаніі можа таксама залежаць, ці перастануць нарэшце Беларусь называць «Белоруссия».
Упершыню ідэя рэбрэндынгу Грузіі прагучала пару гадоў таму, аднак сістэмнай працы ў гэтым накірунку не было. Пра напалову забытую ініцыятыву ўзгадалі гэтым летам. Эксперты лічаць, што гэта было звязана з прынятым 1 чэрвеня законам аб дэсаветызацыі Грузіі. Акрамя люстрацыі (былым сябрам КПСС забаронена займаць кіруючыя пасады) закон патрабуе перайменавання ўсіх тапанімічных аб’ектаў, назвы якіх маюць адсылкі да камуністычнай ідэалогіі і савецкага этапу гісторыі. Цікава, дарэчы, што закон дазваляе выкарыстанне партрэтаў Сталіна, аднак без выявы на ім сярпоў і молатаў.
Зменамі шыльдаў вуліц вырашылі не абмяжоўвацца. 29 чэрвеня ўрад краіны накіраваў афіцыйныя звароты ўрадам шэрагу краін з просьбай называць дзяржаву не «Грузія», а «Джорджыя». Пры гэтым кіраўнік МЗС Грузіі ў сваім закліку спаслаўся на тое, што слова «Грузія» запазычана з рускай мовы. «На жаль, слова «Грузія» зацвердзілася ў некаторых краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Азіі. Але мы гэта будзем паступова выпраўляць», — паведаміў ён. Акрамя таго, назва «Georgia» (Джорджыя), па словах дыпламата, здаўна ўжываецца ў грэчаскай і шэрагу іншых моў лацінскай групы.
Кампанія за Джорджыю атрымала не толькі вонкавы характар. «Расквітай пад сонцам, Джорджыя мая…» — гэта новы варыянт папулярнай песні пра Тбілісі, якую выконвала народная артыстка Грузіі Ірма Сахадзэ. Спявачка вырашыла не адставаць ад палітычнага жыцця краіны і перарабіла стары грузінскі хіт.
Аднак не ўсім грузінам падабаецца новая ідэя прэзідэнта Саакашвілі. «Гэта подлая амерыканізацыя Грузіі. Гэта спроба ўзаконіць рабства грузінскага народа перад амерыканскай імперыяй», — падкрэслівае апазіцыйная партыя лейбарыстаў.
Апазіцыя пужае тым, што ў выніку рэформы ўсе пачнуць блытаць радзіму Кікабідзэ з амерыканскім штатам Джорджыя. Дарэчы, у 2006 годзе, пасля арышту ў Грузіі па падазрэнні ў шпіянажы расійскіх вайскоўцаў, Расія заклікала да ўвядзення супраць краіны санкцый, а тагачасны міністр абароны Сяргей Іваноў прыстрашыў грузінаў «адэкватным адказам». Слова «Грузія» ў амерыканскіх СМІ фігуравала як «Джорджыя». Амерыканцы, пачуўшы пра санкцыі супраць штату Джорджыя, былі папросту ў шоку. Прэсе давялося доўга тлумачыць, што існуюць дзве розныя Джорджыі.
Аднак грузінскае кіраўніцтва гэта мала бянтэжыць. «У Амерыцы ёсць горад Санкт-Пецярбург. Ну і што? З-за гэтага трэба выкінуць косткі Пятра Вялікага ў Балтыйскае мора? Гэта несур’ёзны падыход. Сапраўды, гэтак жа і з Джорджыяй. Ёсць там штат, ну і хай будзе», — кажа дэпутат парламента Грузіі Георгій Цагарэішвілі.
Аўтары рэформы знаходзяць дадатковыя аргументы. У краіны ёсць цэлы букет назваў — і ўсе яны маюць вонкавае, каланіяльнае паходжанне. Армяне называюць Грузію Врастан. Туркі, іранцы, азербайджанцы называюць рэспубліку Гурджыстанам. Ёсць таксама англамоўная версія «Джоржыя» і іспанскамоўная «Хорхія». З гістарычных прычын сёння часцей ужываецца «Грузія». Чаму б маладой дынамічнай краіне з новым дзяржаўным сцягам не абзавесціся і новай прыгожай аўтэнтычнай назвай? Тым больш, што Грузія за сваю гісторыю не раз змяняла назву (Калхіда, Іберыя, Іверыя, Картлі і інш.).
Важная роля ў рыторыцы аматараў Джорджыі надаецца геапалітычнаму аспекту перамен: «Грузія — маленькая дзяржава. І яна мімаволі трапляе ў арбіту тых ці іншых буйных гульцоў. У нас неўраўнаважаны паўночны сусед. На поўдні — таксама мала прыемнага. У гэтых умовах апора на ЗША і Еўрасаюз — гэта правільны выбар».
Праціўнікі зменаў кажуць, што геапалітычная кан’юнктура — рэч, якая можа змяніцца. Як слушна заўважае радыёстанцыя «Эха Каўказу»: «Калі пайшла такая п’янка, трэба прасоўваць падвойную назву Джорджыя-Хорхія! Не за гарамі той дзень, калі іспанская мова стане ў ЗША нараўне з англійскай. Што ж тады — зноў дзяржаву пераназываць?»
Таксама крытыкі Саакашвілі спасылаюцца на міжнародную практыку. Германія не патрабуе ад Расіі, каб краіну называлі Дойчланд. Расія не ўпадае ў істэрыку з-за таго, што яе сусед-Фінляндыя заве яе Venjа.
Як і трэба было чакаць, у Расіі заклікі да перайменавання Грузіі ўспрынялі як выразны антырасійскі жэст. Дзяржаўная інфармацыйная служба «Голос России» адразу вывела Саакашвілі на чыстую ваду: «Відавочна, што Грузія вельмі хоча стаць адным са штатаў ЗША, і менавіта таму ўзяць сабе такую ж назву, якая ёсць ужо ў аднаго са штатаў. Яна лічыць, што тым самым зможа забяспечыць сабе нейкія дадатковыя бонусы, можа, у эканоміцы ці ў палітыцы».
Атакуючы афіцыйны Тбілісі, маскоўскія каментатары ахвотна выкарыстоўваюць супярэчнасць у заявах грузінскіх чыноўнікаў. Сутнасць крытыкі наступная: «Добра, «Грузія» — каланіяльная назва. Аднак чаму “Джорджыя? Чаму б не ўзаконіць назву «Сакартвела» (так называюць свой край самі грузіны). У гэтым выпадку назва «Грузія», з якой у жыхароў маленькай закаўказскай краіны злучаны два трагічных стагоддзі, годна сышла б у гісторыю. Без базарнай мітусні», — піша на адным з форумаў прыхільнік трансфармацыі Грузіі ў Сакартвела.
Дарэчы, да такой пазіцыі схіляецца і Французскае міжнароднае радыё: «Само паняцце «зварот да каранёў» у выглядзе назвы «Джорджыя» даволі ўмоўнае. Мясцовыя этымолагі злучаюць гэта з тым, што ў Грузіі мноства храмаў прысвечана Святому Георгію, а дванаццаць кіраўнікоў краіны насілі гэта імя. Аднак такія тлумачэнні толькі ўскосныя. А калі зыходзіць з самабытнасці і самасвядомасці жыхароў, Грузію правільней было б зваць «Сакартвела», а грузін — «картвелі».
Аднак і “Сакартвела не выратавала б сітуацыі. Так ці інакш, на працягу апошніх двухсот гадоў еўрапейскія дзяржавы і грамадствы фармавалі адносіны менавіта з Грузіяй. Прычым тут Сакартвела ці Джорджыя? Нават такі блізкі да Саакашвілі саюзнік, як Польшча, апынуўся ў нейкім ступары ад апошніх крокаў грузінскага МЗС. «У польскай мове слова «Грузія» ўжо ўкаранілася. На працягу шматлікіх гадоў у Грузіі і Польшчы былі кантакты. І ў шматлікіх тэкстах, гістарычных дакументах, падручніках, урадавай дакументацыі выкарыстоўваецца менавіта гэты тэрмін. Памяняць яго будзе вельмі цяжка», — кажуць у польскім пасольстве ў Тбілісі. Па словах паслоў, «польскі ўрад пакуль не ведае, як рэагаваць на патрабаванне грузінскіх уладаў».
Літоўская камісія па дзяржаўнай мове таксама афіцыйна заявіла, што ў змене назвы дружалюбнай краіны няма неабходнасці. Падобную заяву прыняла Латвія. Адзіная краіна, якая ў апошні час пагадзілася на Джорджыю — гэта Паўднёвая Карэя. Аднак, як пішуць назіральнікі, карэйцы проста дзейнічалі, каб пазлаваць Японію, якая таксама адмовілася ад тапанімічнага наватвору.
Магчыма, еўрапейцаў палохае матэрыяльны момант. Тым, хто ўсё ж адважыцца на слова «Джорджыя», давядзецца раскашэліцца: мяняць карты, атласы, падручнікі, энцыклапедыі. А магчыма, сама рэформа пакуль выглядае не да канца распрацаванай. Так, пакуль з Міністэрства замежных справаў Грузіі не паступала інфармацыя, як трэба звяртацца да жыхароў Грузіі, калі яна раптам стане Джорджыяй: джорджыны, джарджыяне ці неяк інакш.
Адзінымі, хто радасна вітае навіны з Тбілісі, аматары жартаў у краінах СНД. Напрыклад, адзін украінскі блогер так каментуе ініцыятыву Тбілісі: «У сувязі з пераназваннем Грузіі ў Джорджыю прашу пераназваць Украіну ў Каліфорнію. Ну ці хоць бы ў Тэхас».
Смех смехам, аднак варта ўзгадаць, як беларуская супольнасць змагаецца за тое, каб сінявокую называлі Беларусь, а не «Белоруссия». У выніку, калі грузіны даб’юцца свайго, гэта будзе добры прэцэдэнт.