Як перамагчы Чавеса?
Венесуэльская апазіцыя прайграла выбары, аднак аптымістычна глядзіць у будучыню.
Тое, што Энрыке Капрылес — адзіны кандыдат венесуэльскай апазіцыі, прайграе Уга Чавесу, было відавочна яшчэ ўлетку, калі разрыў рэйтынгаў кандыдатаў склаў амаль 20–25 працэнтаў.
Лагер улады, як і раней, мае шырокую сацыяльную падтрымку, і яго лёгка мабілізаваць страшылкамі пра вяртанне дачавесаўскіх часоў, калі 60 працэнтаў насельніцтва не атрымлівала ані грошыку з экспарту
нафты — галоўнай крыніцы бюджэтных паступленняў. У краіне не было бясплатнай медыцыны, стыпендый для студэнтаў і г.д.
Аднак Капрылес змагаўся да апошняга і, як сведчыць электаральная арыфметыка, сапраўды чагосьці дабіўся. Чавес па выніках выбараў 7 кастрычніка абышоў яго толькі на 10 працэнтаў, набраўшы 55% галасоў
супраць 45% у Капрылеса. Акрамя таго, за лідара апазіцыі прагаласавала рэкордная колькасць выбаршчыкаў — 6,5 мільёна чалавек, што на 2,5 мільёна больш, чым галасавала за апазіцыю на выбарах
2006-га. Пры гэтым Чавес за той жа час страціў паўтара мільёна выбаршчыкаў. Іншая цікавая лічба: з часу правядзення рэферэндуму аб змене канстытуцыі ў 2009 годзе Чавес страціў 800 тысяч галасоў.
Нарэшце, існуюць рэгіёны, дзе Чавес пацярпеў паразу. Напрыклад, у індустрыяльным штаце Карабоба, дзе Капрылес абставіў лідара баліварскай рэвалюцыі аж на сем пунктаў.
Нават эксперты прызнаюць, што часы, калі Уга карыстаўся падтрымкай двух трацін венесуэльцаў, канчаткова мінулі. Такая тэндэнцыя, праўда, сведчыць пра імклівую палярызацыю венесуэльцаў, што, з улікам
бескампраміснай палітыкі Чавеса, вельмі небяспечна і пагражае маштабнай канфрантацыяй.
У любым выпадку, нельга не пагадзіцца з тэзісам, які агучыў Капрылес падчас паслявыбарчай прэс-канферэнцыі: «Як засведчылі выбары, Чавеса можна перамагчы». Ён таксама параўнаў вынік
выбараў 7 кастрычніка з гульнёй «Vino Tinto» (так называюць у Венесуэле нацыянальную зборную па футболу), якая гуляе няроўна.
Відавочны поспех Капрылеса звязваюць са шматлікімі фактарамі. Найбольш спрэчак выклікае пытанне, наколькі дапамог Энрыке імідж левага палітыка. Упершыню за ўсю гісторыі апазіцыя атакавала Чавеса
сацыяльнымі лозунгамі. Фішкай праграмы «адзінага» было патрабаванне паляпшэння эфектыўнасці створанай Чавесам сістэмы сацыяльнай абароны. У якасці альтэрнатыўнай сацыяльнай мадэлі
Капрылес спасылаўся на мадэль, якую пабудаваў сацыяліст Лула ў Бразіліі. Адзін з венесуэльскіх палітолагаў нават напісаў, што Капрылес спрабуе здабыць сабе вобраз Чавес-light.
Такое рэнаме апазіцыянера яўна паставіла ў тупік піяршчыкаў Чавеса. Спачатку ў афіцыйных СМІ намагаліся маляваць Капрылеса як банальнага буржуя (нагадаем, што кандыдат апазіцыі паходзіць з багатай
сям’і, які мае прыбыткі з кінематаграфіі і будаўніцтва), і нават фашыста. Апошняе выглядала больш смешна, паколькі кандыдат апазіцыі мае яўрэйскія карані. Яго продкі па бацькоўскай лініі
сядзелі ў варшаўскім гета і нават змагаліся з нацыстамі ў рамках камуністычнага падполля.
Левы паварот апазіцыі значыў таксама прыняцце новага этычнага кодэкса. У адрозненні ад папярэдніх часоў, калі апазіцыя падрабляла дадзеныя экзіт-полаў, на гэты раз усё было сумленна. Гэта было важнай
інфармацыйнай перамогай антычавесістаў. Падчас выбарчай кампаніі афіцыёз і Чавес асабіста сцвярджалі, што ў яго апанентаў ёсць так званы «План В». План быў нібы распрацаваны ў
Вашынгтоне на выпадак паразы Капрылеса і прадугледжваў правядзенне тэрарыстычных акцый з мэтай палітычнай дэстабілізацыі. На самай справе, нічога падобнага не адбылося. Больш таго, Капрылес
патэлефанаваў Чавесу і павіншаваў яго з перамогай.
Магчыма, нейкія пункты прынесла Капрылесу яго асабістая мужнасць. Энрыке праводзіў выбарчыя акцыі ў самых бедных і, адпаведна, крымінагенных раёнах, дзе традыцыйна галасуюць за Уга Чавеса. 29 верасня
падчас аднаго з такіх мітынгаў тры сябры партыі «Primero Justica», якая падтрымлівае апазіцыю, былі забітыя. Усім спадабаўся малады задор Энрыке (Капрылес нарадзіўся ў 1972 годзе).
На фоне старога і хворага Чавеса ён сімвалізаваў будучыню краіны.
Пры ўсім пазітыве, адзначым, канчатковы вынік застаецца адмоўным. Апазіцыя прайграла, і цяпер павінна вызначыцца, як далей будзе змагацца з Чавесам. Нагадаем, што венесуэльская апазіцыя
аб’яднаная на базе кааліцыі «Аб’яднаны круглы стол апазіцыі» (MUD), што ўсе проста называюць Mesa. У склад Mesa ўваходзіць 12 суб’ектаў, з якіх толькі
дзве партыі — «Nuevo Tiempo» і «Primero Justica» — стоадсоткава падтрымліваюць праграму Капрылеса.
Прыхільнікі Капрылеса маюць намер і далей праводзіць курс на «сацыял-дэмакратызацыю» апазіцыі. Ужо падчас першай прамовы пасля выбараў Капрылес выступіў супраць вяртання да
ліберальных канцэптаў традыцыйнага антычавесізму. На яго думку, гэта нагадвае настальгію, якая больш характэрная для Чавеса. Новая генерацыя лідараў, па яго словах, павінны шукаць новыя ідэі.
Аднак не ўсе падтрымліваюць інавацыі Капрылеса. Нямецкая газета «TAZ» цытуе венесуэльскага журналіста Оскара Торэса. Ён кажа, што ў апазіцыйным асяроддзі ў Капрылеса шмат крытыкаў,
асабліва з боку старой ліберальнай гвардыі. Між тым, ужо 16 снежня ў некаторых штатах пройдуць выбары губернатара, і апазіцыя павінна прапанаваць нейкую кансалідаваную праграму.
Што да ўлады, то ёй апазіцыйныя дэбаты, здаецца, абсалютна не цікавыя. На цяперашні момант у палацы Мірафлорэс (рэзідэнцыя прэзідэнта) працягваюць святкаваць перамогу. «Там, здаецца, забылі,
што існуюць шэсць мільёнаў венесуэльцаў, якія трымаюцца іншых поглядаў на будучыню краіны», — піша выданне «El Pais». Сам Уга Чавес, дарэчы, высока ацаніў жэст
Капрылеса, які павіншаваў яго з перамогай. Аднак прапанову Капрылеса разам сфармаваць новы ўрад яўна прапусціў між вушэй. Як жартуе «El Pais», краіна ўступае з эпоху, калі
«галоўным ворагам Чавеса будзе яго хвароба на рак».