Яны пра нас: З Беларусі пачалі паступаць не зусім добрыя сігналы
У якім кантэксце гавораць пра Беларусь у свеце — чытайце ў свежай падборцы цытат замежных СМІ.
«Захад зноў спрабуе акружыць Расію поясам перманентнай нестабільнасці. І ў гэтай няхітрай і вельмі правакацыйнай схеме вельмі важнае месца адведзена Беларусі. Схіліць Мінск на свой бок ці хаця б зрабіць яго нейтральным, прымусіць не ўмешвацца ва ўкраінскі канфлікт на баку Расіі — вось найбліжэйшая актуальная задача Захаду на беларускім напрамку. Зрабіць гэта даволі складана. Улічваючы і яе інтэграцыйныя сувязі з Расіяй, і дапамогу Масквы асабіста Лукашэнку ва ўтрыманні ўлады ў 2020 годзе».
Взгляд (Расія)
«Калі 4 траўня на 88-м годзе жыцця памёр першы старшыня Вярхоўнага Савета незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, шмат хто паспяшаўся выказаць сваю думку пра нябожчыка. Эксперты сышліся на тым, што Шушкевіч быў паважаным прадстаўніком навукі, разумным, прыстойным чалавекам. Пра галоўны ж яго ўчынак як палітыка — падпісанне Белавежскіх пагадненняў — нават тыя, хто настальгуе па СССР, гаварылі дастаткова мякка. Маўляў, Станіслаў Станіслававіч не да канца разбіраўся ў палітычным працэсе, таму стаў закладнікам гэтай гісторыі.
Але калі сустракаеш на старонках мемуараў Шушкевіча цытату з французскага палітолага Гі Сармана, адчуваеш свайго роду шок. Цытата ад 1990 года гучыць так: "Савецкае грамадства празмерна пакутуе ад непадрыхтаванасці інтэлігенцыі да пазітыўнай гістарычнай ролі". Здавалася б, гэта прысуд. Аднак, на думку Шушкевіча, "непадрыхтаванасць" інтэлігенцыі складалася толькі ў тым, што яна ў выніку здалася і "перайшла ў слугаванне". А належала гнуць сваю лінію і будаваць новую дзяржаву на новых прынцыпах».
АиФ (Расія)
«Расія выпусціла ракеты па Украіне з Беларусі, адтуль запусціла камандна-штабную авіяцыю і да гэтага часу мае ў Беларусі шматтысячны вайсковы кантынгент. Сп. Лукашэнка з'яўляецца саўдзельнікам вайны сп. Пуціна. Падаецца, гэта выклікала ў спадара Лукашэнкі дыскамфорт, і ягоны ўрад цяпер спрабуе залагодзіць сітуацыю з Еўропай».
Washington Post (ЗША)
«Нядаўна Лукашэнка даў інтэрв'ю заходняму агенцтву Associated press, у якім дазволіў сабе крытыку спецаперацыі. Ён заявіў, што лічыць СВА працяглай. Пасля гэтага правёў нараду па добраўпарадкаванні Мінска, якую пачаў з крытыкі Газпрама. А менавіта, недабудаванага ім "Газпрам цэнтра" на месцы аўтавакзала "Маскоўскі". (…) Акцэнт зразумелы: пад пярыну сумеснай Саюзнай дзяржавы кладуцца камяні. І хаця агульная танальнасць засталася цалкам мяккай, відавочна, што з Беларусі пачалі паступаць не зусім добрыя сігналы. Яны вядома, не выпадковыя».
Московский комсомолец (Расія)
«Узнікае такое пачуццё, быццам Мінск хоча дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца ва Украіне, адбяліць сябе. Мара Лукашэнкі — вярнуцца ў 2014 год, калі, памятаеце, у пачатку вайны з Украінай, калі пачалося пацяпленне адносін паміж Беларуссю і дзяржавамі Еўрапейскага Саюза. Таму ў ідэале для Лукашэнкі гэта паўтарэнне такой сітуацыі, але пытанне ў тым, што тут ёсць фактар Украіны, якая будзе зусім па-іншаму паводзіць сябе. Каб Лукашэнку вярнуцца да супрацоўніцтва, яму трэба будзе прапанаваць крыху больш, чым раней».
Новое время (Украіна)
«Беларусь — суверэнная краіна з суверэнным прэзідэнтам. Лукашэнка — наш саюзнік, які нясе адказнасць за свае словы, але ён можа выказаць меркаванне, што наша аперацыя, як яму здаецца, "зацягнулася". Мусіць, іншыя так таксама думаюць. Насамрэч яго пазіцыя цалкам зразумелая. Ён у першай частцы свайго выказвання казаў, што недастаткова знаёмы з ходам аперацыі. Але калі ён недастаткова знаёмы, то другая выснова якраз абясцэньваецца тым, што ён недастаткова знаёмы».
Украина.ру (Расія)
«Мабыць, найважнейшае ў тым, што Лукашэнка заявіў Захаду: Беларусь не будзе прымаць удзел у спецаперацыі. І хоць яго краіна давала нам магчымасць для перакідкі войскаў і нават пуску ракет, адмова ад удзелу войска ў спецаперацыі — вельмі непрыемнае для Расіі рашэнне. Некаторыя аналітыкі лічаць, што яно было прынята яшчэ ў канцы сакавіка, што і прымусіла УС РФ адысці ад Кіева. Больш за тое, прысутнасць вакол Кіева і на захадзе Чарнігаўскай вобласці (ад Гародні да Дняпра) трымаецца на лагістыцы з тэрыторыі Беларусі. Верагодна, менавіта тады Лукашэнка пачаў пакрокава адыходзіць ад Расіі: не выключана, што беларускія ўлады проста адмовілі ў тылавым забеспячэнні расійскай арміі».
Блокнот (Расія)