У Чэхіі распрацоўваюць закон, які зробіць міграцыю грамадзян Беларусі ў гэтую краіну немагчымай

МУС Чэхіі ў супрацы з МЗС краіны распрацоўвае закон, які зробіць міграцыю грамадзян Расіі і Беларусі ў Чэхіі па сутнасці немагчымай.

7664.jpg


Як пішацца ў паведамленні беларускіх актывістаў у Чэхіі, гэтая інфармацыя раней гучала ў СМІ на ўзроўні планаў пасля сканчэння крызіснага становішча ў сувязі з пандэміяй, але аб распрацоўцы канкрэтнага закону стала вядома толькі ў пятніцу, 6 траўня, апошні дзень, калі грамадскасці можна было дасылаць заўвагі.

Тым не менш адвакаты Toloka, z. s. паспелі даслаць заўвагі, і яны адлюстроўваюць нязгоду чэшскіх беларусаў з тымі мерамі, якія павінны стаць зместам закону.

У панядзелак, 9 траўня, адбудзецца абмеркаванне заўвагаў адвакатаў, пасля чаго МУС Чэхіі павінна падрыхтаваць фінальны праект закону, які пойдзе на чытанне ў ніжнюю палату парламента па скарочанай працэдуры.

Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ўрад Чэхіі ўжо быў перастаў выдаваць візы беларусам, але пасля захадаў офісу Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў беларускай дыяспары было абвешчана, што рашэнне будзе перагледжана.

Беларусы Чэхіі таксама накіравалі падзяку ў Міністэрства культуры Чэшскай Рэспублікі, якое адзінае сярод чэшскіх міністэрстваў сфармулявала па змесце закону заўвагі, якія адлюстроўваюць пазіцыю беларускай нацыянальнай меншасці і, у адрозненне ад самога закону, улічваюць рэальную сітуацыю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.