Фільм «Возера радасці» атрымаў прэмію Беларускай кінапрэсы, Максім Швед — найлепшы рэжысёр

Названыя першыя лаўрэаты прэміі кінапрэсы Беларусі. Прэмію заснавалі мінулай восенню. Да конкурсу былі дапушчаныя беларускія гульнявыя, дакументальныя і анімацыйныя карціны, створаныя ў 2019 і 2020 гадах.

Кадр з фільма "Возера радасці"

Кадр з фільма "Возера радасці"


Найлепшым гульнявым поўнаметражным фільмам зрабілася карціна «II/Два» Улады Сяньковай. Гэта гісторыя пра падлеткаў. Найлепшым кароткаметражным фільмам прызналі «Возера радасці» Аляксея Палуяна. Карціна знятая паводле рамана Віктара Марціновіча. Выканаўца галоўнай ролі Анастасія Пляц адзначаная як найлепшая актрыса, піша Еўрарадыё.

У іншых намінацыях адзначаныя:

Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм — «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа

Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм — «Тата» Марыі Якімовіч

Найлепшы анімацыйны фільм — «Царства зорак» Івана Гапіенкі

Найлепшы рэжысёр — Максім Швед

Найлепшы акцёр — Мікалай Бандарэнка за ролю ў фільме «Дэзерцір» (рэжысёр Саша Стэльчанка)

Найлепшая праца аператара — Арцём Лобач за фільм «Шлях дадому»

Найлепшы сцэнар — Любоў Зямцова за фільм «Месца любові»

Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка — Мінскія ЖЭСы за фільм «Чыстае мастацтва» (рэжысёр Максім Швед)

Найлепшая музыка ў фільме — Уладзімір Сівіцкі і Іван Кірчук за фільм «Код продкаў» (рэжысёр Уладзімір Луцкі)

Адкрыццё года — рэжысёрка Марыя Якімовіч

Афіцыяльнага ўручэння ўзнагародаў не было. Арганізатары прапануюць лаўрэатам звязацца з імі, каб дамовіцца пра перадачу дыпломаў.

«Калі б мы не знаходзіліся ў розных краінах, то з калегамі-кінакрытыкамі, напэўна, выпілі б сёння ўвечары віна. За тое, што мы арганізавалі першую прэмію беларускай кінапрэсы "Чырвоны верас" і зрабілі яе аскетычнай і прыгожай», — напісала ў Фэйсбуку сябра журы Ірэна Кацяловіч.

Але нягледзячы на адсутнасць цырымоніі і складаныя часы, яна спадзяецца, што гэта заахвочванне кінематаграфістаў нагадае: «Беларусам трэба беларускае кіно».

Адзначым, што арганізатарамі прэміі «Чырвоны верас» зрабіліся чацвёра журналістаў: Ірэна Кацяловіч, Дар'я Амяльковіч, Максім Карпіцкі і Тарас Тарналіцкі.