Сёння стартуе «Еўрабачанне». Дзе беларусам паглядзець конкурс?

Сёння, 10 траўня, гледачы ўсяго свету зноў пабачаць першы паўфінал знакамітага еўрапейскага песеннага конкурсу «Еўрабачанне».


Правілы «Еўрабачання» простыя: краіна-пераможца ў наступным годзе прымае конкурс у сябе. У 2021-м трыумф адзначаў італьянскі рок-гурт Mаneskin, таму конкурс пройдзе ў Турыне на арэне «Пала Альпітур» (змяшчае 16,6 тысячы гледачоў).

У гэтым годзе ў «Еўрабачанні» возьмуць удзел 40 краін. Канкурсанты традыцыйна падзеленыя на два паўфіналы.

У фінале выступяць па 10 лепшых удзельнікаў з кожнага паўфіналу, а таксама прадстаўнікі краін «Вялікай пяцёркі» (Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Італія і Францыя), традыцыйна трапляюць туды напрамую.

Першапачаткова краін-удзельніц павінна было быць 41: усе ўдзельнікі мінулага конкурсу, а таксама Арменія і Чарнагорыя, якія вярнуліся туды пасля перапынку.

У іх ліку была і Расія. Сітуацыя змянілася пасля таго, як 24 лютага армія гэтай краіны ўварвалася ў Украіну. Ужо 25 лютага Расію выключылі з-за занепакоенасці тым, што «ўключэнне расійскага канкурсанта ў гэтым годзе нанясе шкоду рэпутацыі конкурсу». 1 сакавіка Еўрапейскі Вяшчальны Саюз — арганізатар конкурсу — адхіліў і расійскіх вяшчальнікаў ад працы па арганізацыі «Еўрабачання».

А вось Украіна ўдзел у конкурсе прыме. Нашых паўднёвых суседзяў прадставіць група Kalush Orchestra, якая выступіць ужо сёння ў першым паўфінале.

Калектыў прадставіць рэп-калыханку «Stefania», якая выконваецца пад нацыянальную музыку. У сацсетках песню празвалі «гімнам вызваленчай вайны». Яе накладваюць на відэа з кадрамі баявых дзеянняў і дэманстрацый ва Украіне.

Група трапіла на конкурс у выніку скандалу. Нацыянальны адбор ва Украіне выйграла спявачка Аліна Паш. Але аказалася, што артыстка ўнесена ў базу сайта «Міратворац» з-за наведвання Крыма ў 2015 годзе. Больш за тое, спявачка ехала на паўвостраў з перасадкай у Маскве — гэта значыць, перасякала мяжу з боку Расіі. Гэта з'яўляецца парушэннем закона Украіны, у адпаведнасці з якім легальна патрапіць на паўвостраў можна толькі з мацерыковай частцы краіны. У выніку спявачка адмовілася ад удзелу ў «Еўрабачанні». Яе месца перайшло Kalush Orchestra, якія занялі ў адборы другое месца.

Апошні раз Беларусь удзельнічала ў конкурсе ў 2019-м. Тады спявачка Зена прайшла ў фінал, але заняла там толькі 24-е месца.

У наступным годзе конкурс адмянілі з-за каронавіруса. У выніку туды не патрапіў гурт VAL — усяго другі прадстаўнік нашай краіны (пасля NaviBand), які абраў для выступу кампазіцыю на беларускай мове.

У сакавіку 2021-га Беларусь выключылі з конкурсу. У адказ на гэта Белтэлерадыёкампанія адмовілася трансляваць «Еўрабачанне» ў нас у краіне. А ўжо 30 чэрвеня таго ж года Еўрапейскі Вяшчальны Саюз выключыў Белтэлерадыёкампанію з арганізацыі. Пасля гэтага ўдзел нашай краіны ў конкурсе быў канчаткова спынены. Беларусь больш ні ў якім выглядзе не бярэ ўдзел ні ў дарослым, ні ў дзіцячым «Еўрабачанні» (галасаваць беларусы таксама не могуць).

Пасля выключэння Беларусі з ЕВС Белтэлерадыёкампанія не мае права паказваць конкурс. Але яго ўсё роўна можна ўбачыць: прамая трансляцыя традыцыйна пройдзе на афіцыйным YouTube-канале «Еўрабачання» ў 22 гадзіны па беларускім часе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: